Краязнаўца, журналіст і гісторык футболу Руслан Кулевіч з дапамогай грамадзкасьці здолеў выкупіць на аўкцыёне стары здымак, на якім, праўдападобна, — ВКС з Горадні.
«Разам мы сабралі 2000 злотых і выкупілі гэты гістарычны здымак. Але на гэтым гісторыя не заканчваецца. Неўзабаве мы зробім для вас цікавае відэа пра гэты здымак, пазнаёмлю з нашчадкам аднаго з футбалістаў, які гуляў за WKS Grodno. Ну і, канешне, пачну рабіць першыя крокі да напісання кнігі пра вытокі горадзенскага футболу. У наступным годзе Горадня адзначыць сваё 900-годзьдзе. І, магчыма, гэтая кніга стане маім падарункам роднаму гораду», — напісаў Руслан Кулевіч у фэйсбуку.
Раней Руслан Кулевіч падзяліўся са Свабодай інфармацыяй, чаму здымак быў такім важным для яго і чаму ён вырашыў яго выкупіць.
«Гэта арыгінальны фатаздымак, на ім горадзенскія футбалісты клюбу WKS. Фота зроблена ў 1920-х гадах. Імаверна, гэта 1926 год (да прыкладу, менскае „Дынама“ было створана толькі ў 1927 годзе. — РС). Я маю два фатаздымкі з горадзенскімі футбалістамі тых часоў у электронным фармаце. Агулам ужо больш за 10 гадоў шукаю зьвесткі пра футбол у Горадні тых часоў. Тыя фота, што я маю, — яны іншыя. Але ў арыгінале ўвогуле ня маю ніводнага. Таму вырашыў змагацца за гэтае фота».
Больш пра здымак
Фатаздымак сярэдзіны 1920-х гадоў зьявіўся на адным з тэматычных польскіх рэсурсаў. Яго ўласьнік выставіў пачатковую цану 2000 злотых, што прыкладна роўна 500 эўра. На фота бачныя футбалісты міжваеннага часу. Яны адзетыя ў паласатыя строі, разам з камандай два польскія вайскоўцы ў мундурах. Брамнік сядзіць на мячы.
«WKS Grodno 76 PP. U-L-T-R-A unikat!», — падпісаў лот яго папярэдні ўласьнік. Гэта азначае, што на здымку можна пабачыць футбалістаў клюбу WKS (Wojskowy klub sportowy — вайсковы спартовы клюб. — РС) з Горадні, у якім гулялі жаўнеры 76-га Лідзкага пяхотнага палку імя Людвіка Нарбута. Полк быў раскватараваны ў Горадні; напачатку футбольны клюб пры ім называўся проста WKS, а пасьля аб’яднаньня ў 1934 годзе з таксама мясцовым «цывільным» футбольным клюбам Cresovia атрымаў назву WKS Grodno.
Форум