26 лістапада на пляцы Канстытуцыі ў Варшаве афіцыйна адкрыўся Офіс Сьвятланы Ціханоўскай. Амаль дзесяць месяцаў прайшло з таго часу, як беларуская дэмакратычная лідэрка з часткай сваёй каманды пераехала зь Вільні ў польскую сталіцу.
Падчас адкрыцьця Ціханоўская падзякавала польскім уладам за падтрымку і адзначыла, што пытаньне Беларусі аб’ядноўвае ў Польшчы прадстаўнікоў розных палітычных сілаў.
Паводле яе, размовы пра адкрыцьцё офісу яна вяла з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і міністрам замежных справаў Радаславам Сікорскім яшчэ год таму.
Сьвятлана Ціханоўская на цырымоніі адкрыцьця офісу
Асобна Ціханоўская падзякавала мэру Варшавы Рафалу Тшаскоўскаму за дапамогу ў атрыманьні памяшканьня.
«Рафал, бяз вас мы б сёньня тут не стаялі. Вы далі нам гэтае месца, дзе „Салідарнасьць“ тварыла гісторыю. І я штодня адчуваю ў гэтых сьценах дух вашага руху», — сказала Ціханоўская.
Ад польскай «Салідарнасьці» да беларускай дэмакратыі
Памяшканьне, у якім цяпер будзе працаваць каманда Ціханоўскай, мае адметную гісторыю.
Як расказаў падчас адкрыцьця Рафал Тшаскоўскі, тут калісьці працавалі прадстаўнікі польскай «Салідарнасьці» — незалежнага прафсаюзу і масавага грамадзкага руху, які адыграў ключавую ролю ў падзеньні камуністычнага рэжыму ў Польшчы.
Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі на адкрыцьці офісу Сьвятланы Ціханоўскай
У гэтым самым памяшканьні ў маладосьці працаваў і сам будучы мэр Варшавы, дапамагаючы «Салідарнасьці» падчас падрыхтоўкі часткова свабодных выбараў 1989 году.
«„Салідарнасьць“ — гэта ня толькі назва вялікага грамадзкага руху, але і тое, што мы ўносім у гісторыю Эўропы як свой дар. І, вядома, кожны дзень мы стараемся дэманстраваць гэтую салідарнасьць», — сказаў Тшаскоўскі.
Паводле мэра, адкрыцьцё офісу мае ня толькі сымбалічнае, але і практычнае значэньне, бо ён будзе служыць беларускай грамадзе.
«Мы заўсёды падтрымлівалі беларускую апазыцыю і ўсіх тых, хто змагаецца за правы чалавека, і, вядома, будзем рабіць гэта надалей», — запэўніў мэр Варшавы.
Ён таксама выказаў спадзяваньне, што Беларусь як мага хутчэй стане дэмакратычнай дзяржавай і зойме сваё месца ў супольнасьці свабодных эўрапейскіх народаў, а беларусы, якія знайшлі ў Польшчы другі дом, змогуць вярнуцца на радзіму.
Гэтае памяшканьне добра знаёмае і многім беларусам Варшавы. Амаль роўна пяць гадоў таму, 28 лістапада 2021 году, тут адкрыўся Беларускі моладзевы хаб, у якім ладзілі культурныя, адукацыйныя і грамадзкія імпрэзы.
Юрыдычныя кансультацыі і дыпляматычныя школы. Што будзе ў новым офісе
Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што спадзяецца зрабіць новы офіс сэрцам беларускага палітычнага жыцьця і домам для беларускіх дэмакратычных сілаў.
Пры гэтым прастора на пляцы Канстытуцыі будзе прызначаная ня толькі для працы яе каманды.
Паводле Ціханоўскай, у новым офісе будуць праводзіць юрыдычныя кансультацыі для беларусаў, працаваць палітычныя і дыпляматычныя школы, ладзіць розныя сустрэчы, канфэрэнцыі і іншыя імпрэзы.
«Я хачу, каб гэтае месца стала домам для кожнага, каму неабыякавая Беларусь», — сказала Ціханоўская.
Яна назвала Варшаву горадам свабоды, у якім тысячы беларусаў знайшлі свой другі дом, і падзякавала польскай сталіцы за гасьціннасьць.
«Беларусь не павінна стаць разьменнай манэтай»
Падчас адкрыцьця офісу Ціханоўская акрэсьліла і асноўныя палітычныя прыярытэты сваёй каманды.
Сярод іх — вызваленьне палітычных зьняволеных і спыненьне рэпрэсіяў у Беларусі.
«Калі людзей у Беларусі затрымліваюць штодня, мы ня можам гаварыць пра адлігу», — адзначыла яна.
Ціханоўская таксама выступіла за захаваньне санкцыяў і ціску на беларускі рэжым да таго часу, пакуль у краіне не адбудуцца сыстэмныя зьмены.
На адкрыцьці офісу Сьвятланы Ціханоўскай у Варшаве
Асобна яна зьвярнула ўвагу на тое, што Беларусь не павінна стаць разьменнай манэтай у міжнародных перамовах.
Паводле яе, неабходна вывесьці Беларусь з-пад кантролю Расеі і зрабіць яе надзейным партнэрам і суседам Польшчы, Літвы і Ўкраіны.
Беларуская дэмакратычная лідэрка таксама пацьвердзіла сваю падтрымку Ўкраіны, згадала супольную з польскімі партнэрамі кампанію дапамогі «Цяпло для Ўкраіны» і выказала спадзяваньне, што неўзабаве ўдасца падрыхтаваць візыт у Кіеў.
Не застацца ў эміграцыі назаўжды
Сьвятлана Ціханоўская пачала сваю дзейнасьць у Літве пасьля вымушанага выезду зь Беларусі ў жніўні 2020 году. У пачатку 2026 году яна з часткай сваёй каманды пераехала ў Варшаву. Гэтаму папярэднічалі зьмены ва ўмовах забесьпячэньня яе бясьпекі ў Літве.
Паводле ранейшых заяваў каманды Ціханоўскай, офіс у Вільні працягне сваю дзейнасьць і захавае дыпляматычную акрэдытацыю ў Літве.
Падчас адкрыцьця варшаўскага офісу Ціханоўская асабліва падкрэсьліла, што, нягледзячы на стварэньне новай пляцоўкі для працы за мяжой, галоўная мэта яе каманды застаецца нязьменнай.
«Мы тут не для таго, каб назаўжды застацца ў эміграцыі. Мы тут, каб як мага хутчэй вярнуцца дадому, вярнуць свабоду Беларусі і правесьці свабодныя і справядлівыя выбары», — сказала Ціханоўская.