«Гэта выклікае расчараваньне». Краўцоў пра палітычную дзейнасьць Бабарыкі і Калесьнікавай

Іван Краўцоў, архіўнае фота
Іван Краўцоў, архіўнае фота

Дэлегат Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў падтрымаў прапанову Вадзіма Пракоп’ева аб дыялёгу паміж Віктарам Бабарыкам, Марыяй Калесьнікавай і Сяргеем Ціханоўскім.

У камэнтары Свабодзе Краўцоў адзначыў, што пасьля вызваленьня Віктара Бабарыкі многія чакалі ад яго аб’яднаньня беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Сярод грамадзкіх актывістаў было такое меркаваньне, што вось выйдзе Віктар Бабарыка і аб’яднае ўсіх. Ёсьць розныя дробныя каманды, і Віктар зь ягонымі навыкамі мэнэджара, палітыка, як кансэнсусная фігура, гэтым зоймецца. Але, на жаль, бачна, што Віктар чакае, што нехта зробіць гэтую працу за яго, і сканцэнтраваўся на ўласных праектах. Гэта выклікае пэўнае расчараваньне», — сказаў Краўцоў.

Ён таксама пагадзіўся з крытыкай Пракоп’евым дзейнасьці Марыі Калесьнікавай.

«Яна сканцэнтраваная на нямецкім парадку дня, яе няшмат чуваць у беларускім, і яна не зусім канкрэтна прадэкляравала свае палітычныя мэты».

Што да супрацоўніцтва зь Сяргеем Ціханоўскім, то, на думку Краўцова, ігнараваць яго нельга, бо ён прадстаўляе пэўную частку беларускага грамадзтва.

«Трэба размаўляць з усімі. Ціханоўскі ўсё ж такі зьява. Пачаць з добрай размовы паміж тымі, хто, можа, ня згодны з тым, як сканфігураваны наш дэмакратычны рух, — гэта добрая думка», — падсумаваў Краўцоў.

Вадзім Пракоп’еў раней публічна зьвярнуўся да Віктара Бабарыкі і Марыі Калесьнікавай з прапановай стварыць палітычны саюз зь Сяргеем Ціханоўскім.

25 лістапада Пракоп’еў заявіў, што беларускія дэмакратычныя сілы перажываюць глыбокі сыстэмны крызіс, і падтрымаў ідэю Ціханоўскага правесьці круглы стол з удзелам шасьці прадстаўнікоў выбарчай кампаніі 2020 году.

На думку Пракоп’ева, калі Бабарыка і Калесьнікава не скарыстаюцца гэтай магчымасьцю, палітычны ўплыў Калесьнікавай застанецца нязначным, а Бабарыка не выканае сваёй жыцьцёвай місіі.

​
XS
SM
MD
LG