Старшыня Каардынацыйнай рады (КР) Арцём Брухан і адзін зь кіраўнікоў фракцыі «Беларусы» у Радзе Вадзім Пракопʼеў абмеркавалі ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» прапанову Пракопʼева зрабіць Сяргея Ціханоўскага сталым прадстаўніком Беларусі ў ЗША.
Пракопʼеў падкрэсьліў, што Сяргею Ціханоўскаму не патрэбны ніякі мандат ад Каардынацыйнай рады, каб быць сталым прадстаўніком Беларусі ў ЗША, такі мандат, на думку Пракопʼева, можа толькі зьнізіць перамоўную моц Ціханоўскага.
Адзін зь лідэраў фракцыі «Беларусы» у КР адзначае, што нефармальная дыпляматыя Ціханоўскага не патрабуе афіцыйнага прызнаньня беларускай апазыцыяй за мяжой, «у адміністрацыі Трампа ўсё, што было вырашчана праз фонды і НДА, выклікае алергію».
На думку палітыка Ціханоўскі цікава амэрыканцам сваёй біяграфіяй. Пракопʼеў заўважыў, што мэханізм уплыву ў ЗША вядомы: або вялікія грошы (як у Катара), або разгалінаваная сетка лабістаў (як у Ізраіля). У беларусаў грошай мала, таму застаецца трэці шлях — аўтарытэт і асабістыя сувязі.
Ён прыгадаў артыкул Ціханоўскага ў The Washington Post, на які спасылаўся кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт падчас нядаўніх слуханьняў у Кангрэсе. Паводле Пракопʼева да Ціханоўскага вельмі цёпла ставяцца і Сьміт, і спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джон Коўл. Пракопʼеў патлумачыў, што прапанова зрабіць Ціханоўскага сталым прадстаўніком Беларусі ў ЗША — гэта «стартап». Аднак зараз жыцьцё Ціханоўскага забясьпечвае беларускі бізнэс у выгнаньні.
Арцём Брухан выказаў меркаваньне, што структуры дэмсілаў маглі б дамовіцца пра адзінага прадстаўніка ў ЗША, але ён не ўпэўнены, што гэта патрэбна. «Калі ў Ціханоўскага атрымаецца яго праект без мандату Каардынацыйнай рады— чаму не?» — сказаў старшыня КР. На яго думку, чым больш беларускіх лябістаў будзе ў Вашынгтоне, тым лепш. Брухан пажадаў Ціханоўскаму посьпехаў, але заўважыў, што канкрэтнага мэханізму здабыцьця ўплыву ад Пракопʼева ён так і не пачуў (магчыма, той не хоча яго агучваць публічна).
Форум