Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам». Ці можа Ціханоўская перадаць «карону»?

Сьвятлана Ціханоўская, Арцём Брухан, Вадзім Пракоп'еў, Юры Дракахруст, каляж
Сьвятлана Ціханоўская, Арцём Брухан, Вадзім Пракоп'еў, Юры Дракахруст, каляж

Якія вынікі слуханьняў у Каардынацыйнай Радзе з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай? Ці гатовая яна падзяліцца сваёй уладай? Ці магчымы кампраміс паміж непрызнаньнем Лукашэнкі і дыялёгам зь ім? Ці патрэбны дэмсілам сталы беларускі прадстаўнік у ЗША?

На гэтыя пытаньні ў праграме «Палітыка зь Юрыем Дракахрустам» адказваюць старшыня Каардынацыйнай Рады Арцём Брухан і адзін з кіраўнікоў фракцыі «Беларусы» у Радзе Вадзім Пракоп'еў.

0:00 Якім будзе лёс «кароны» Сьвятланы Ціханоўскай
6:00 Як падзяліцца ўладай у дэмакратычных сілах
9:52 Тры галоўныя вынікі слуханьняў у Каардынацыйнай Радзе з удзелам Ціханоўскай
16:29 Як знайсьці кампраміс паміж рознымі падыходамі да эўрапейскай палітыкі адносна рэжыму Лукашэнкі
24:41 Ці стане Сяргей Ціханоўскі сталым прадстаўніком беларускай апазыцыі ў ЗША

— 7 лютага ў Каардынацыйнай радзе адбыліся слуханьні, на якіх выступіла старшыня Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятлана Ціханоўская. 5 гадзінаў яна адказвала на дзясяткі пытаньняў дэлегатаў Рады.

Падчас слуханьняў адбылася гарачая спрэчка паміж Ціханоўскай і вамі, Вадзім. Вы спыталі, колькі часу яна яшчэ будзе прадстаўляць беларусаў. Яна ў адказ спытала, а як яна можа перадаць легітымнасьць, «гэта ж не карона». А і сапраўды — як? Як зрабіць гэта легітымна?

Пракопʼеў: А навошта перадаваць? Усё ж цудоўна. Стратэгія ў яе вельмі моцная. Адзін раз абралі, у 2020-м, і ўсё. І ў 2035 годзе наступныя слуханьні. Што тут ужо мяняць? Яна прапанавала ўсім астатнім падумаць, як яе пераабраць. Але пры гэтым яна сказала, што да таго, як адбудуцца наступныя легітымныя выбары, пакуль яе слухаюць беларусы і пакуль прымаюць на Захадзе, яна нікуды не сыдзе.

Я ў сваім пытаньні спрабаваў высьветліць, нават выказаў здагадку, што яна, напэўна, сама пакутуе ў сувязі з гэтым. Сьвятлана Георгіеўна адрэагавала, што яна не пакутуе. Я лічу, што мы завяршылі этап канвэргенцыі паміж чырвона-зялёным рэжымам і офісам: і там, і там — пакуль вы мяне не забʼяце, я не сыйду. Пакуль вы мяне слухаеце і пакуль вы не прыдумаеце што-небудзь, я не пайду. Фраза пра карону — гэта, вядома, была агаворка па Фройду.

— Вадзім, вашая іронія робіць моцнае ўражаньне, але калі без іроніі? Як вы ўяўляеце сабе працэдуру, мэханізм зьмены лідэра?

Пракопʼеў: У мяне ня можа быць аднаго адказу. Я магу толькі сказаць, што гэта павінна быць прадметам грамадзкай дамовы. Але каб такая грамадзкая дамова наогул пачала абмяркоўвацца, пачынаць трэба з прыстойнасьці. А прыстойнасьць палягае ў тым, што трэба было заявіць — у мяне быў мандат, дзякуй, што вы гэты мандат прызналі, прайшло 5 гадоў, я не зьбіраюся паўтараць рэжымныя практыкі, мае варыянты вось такія, я прапаную вам іх абмеркаваць. Магчыма, нам трэба правесьці выбары. Магчыма, вы проста прызнаеце, што я магу працягваць, магчыма, я дам вам справаздачу, але не так хуткацечна, як гэта было 7 лютага, а па-сапраўднаму. Наогул гэта павінна быць праблемай у тым ліку і для таго чалавека, які знаходзіцца на гэтай пасадзе.

— І на слуханьнях у форме пытаньняў, і па-за межамі слуханьняў многія палітыкі выказваліся за тое, каб у дэмсілах рашэньні прымала не адна Ціханоўская, за большую інклюзіўнасьць, як зараз модна казаць. Па выніках слуханьняў — ці прадэманстравала яна гатоўнасьць падзяліцца сваёй уладай, сваёй легітымнасьцю? І калі так, то якім чынам?

Брухан: У дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) ёсьць прадстаўнік фракцыі «Нашая справа», кіраўнік якой Віталь Рымашэўскі больш за ўсіх казаў, што пазыцыя іх фракцыі нідзе не прадстаўленая на міжнароднай арэне. Таксама прадстаўнікі фракцыяў «Беларусы» і «Моладзевы наступ» працуюць у эўрапейскім Кангрэсе мясцовых органаў улады. У іх таксама ёсьць магчымасьць даносіць сваю пазыцыю. Што тычыцца адносінаў з Эўразьвязам, то ў кансультатыўную раду з ЭЗ Каардынацыйная рада таксама можа абіраць прадстаўнікоў. Таму мне падаецца, што гэта перабольшаньне, што зусім ня чуюць галасоў, што ў дэлегатаў Рады няма магчымасьці даносіць сваю пазыцыю.

Проста людзям хацелася б большага. Што тычыцца ўзаемадзеяньня Каардынацыйнай рады і кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінэта, на гэтых слуханьнях я пачуў няшмат зьмястоўных прапановаў, як бы мы маглі арганізаваць гэтае ўзаемадзеяньне. Я лічу, што было б добра, каб Каардынацыйная рада прызначала прадстаўнікоў у Абʼяднаны пераходны кабінэт. Кадравыя прызначэньні — гэта рэальная магчымасьць уплываць на дзейнасьць выканаўчага органа. Што тычыцца самой Ціханоўскай, то тут больш складана. Мы ня можам зараз арганізаваць такія выбары, у якіх узяді б удзел мільёны людзей. На жаль, у мінулых выбарах у Каардынацыйную раду ўзяла ўдзел няшмат людзей. Я вельмі спадзяюся, што, нягледзячы на рызыкі, у сёлетніх выбарах у Раду возьмуць удзел папулярныя палітыкі, такія, як Вадзім Пракопʼеў, і што больш людзей прагаласуюць. Не 6723 чалавекі, як на мінулых, а хаця б 10-20 тысячаў чалавек.

Пракопʼеў: Ёсьць тры галоўныя высновы з адказаў Ціханоўскай на тыя пытаньні, якія мы пасьпелі задаць.

1. Я нікуды не сыйду. Рабіце з гэтым, што хочаце, называйце мяне, як хочаце. Пакуль мяне слухаюць беларусы і прымаюць на Захадзе, я не сыйду. Пацьвярджэньне легітымнасьці — гэта вашая праблема, не мая.

2. Я наогул не бачу праблемы ў тым, што я служу Захаду і даю справаздачу яму. Я ня бачу праблемы ў тым, што пераважная доля фінансаваньня — гэта грошы фондаў. Бо гэтыя фонды за дэмакратыю, таму канфлікту інтарэсаў я ва ўпор ня бачу.

3. У нас няма пакрокавага пляну, яго і ня можа быць. Нашая стратэгія — рабіць ціск, пакуль вецер гісторыі не вырашыць усё за нас, напрыклад, Украіна пераможа або Пуцін памрэ біялягічнай сьмерцю.

Вось такія каштоўныя адказы, мы ніколі б не змаглі іх атрымаць з дапамогай журналістаў. У гэтым сэнсе слуханьні больш чым адбыліся.

Брухан: Вельмі важны самы факт таго, што гэтыя слуханьні адбыліся, упершыню ў прадстаўнічы орган дэмакратычных сілаў Беларусі прыйшла кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэта, зрабіла справаздачу, адказала на досыць складаныя пытаньні.

Мы пабачылі, што ў Абʼяднанага пераходнага кабінэта ёсьць стратэгія, якой ён прытрымліваецца. Мэта даволі ясная. На жаль, мы знаходзімся ў такой сытуацыі, калі геапалітычная рэальнасьць вельмі моцна ўплывае на плянаваньне.


«Палітыка зь Юрыем Дракахрустам»

Разам з гасьцямі палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст спрабуе зразумець сэнсы таго, што адбываецца ў беларускай і сусьветнай палітыцы, прааналізаваць тэндэнцыі, якія хаваюцца за інфармацыйным шумам, заглянуць у невядомую будучыню.

Глядзіце новыя выпускі на YouTube-канале Свабода Premium штотыдзень.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Палітычны аглядальнік Радыё Свабода.

    Кандыдат фізыка-матэматычных навук. Аўтар кніг «Акцэнты Свабоды» (2009), «Сем худых гадоў» (2014), «Неверагодны 2020-ы» (2021).

    На Свабодзе — ад 1991 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG