Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Надышоў час перафарматаваць дэмакратычныя сілы». Іван Краўцоў — пра слуханьні зь Ціханоўскай і будучыню беларускай апазыцыі

Іван Краўцоў
Іван Краўцоў

Слуханьні ў Каардынацыйнай радзе 7 лютага з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай сталі першай спробай наўпроставага публічнага дыялёгу дэмакратычнай лідэркі зь беларускімі палітычнымі актывістамі.

Сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў лічыць сам фармат удалай ідэяй, бо Ціханоўская «няшмат робіць доўгіх выступаў перад беларусамі, глыбока пагружанымі ў палітычныя пытаньні», а інтэрвію звычайна не дазваляюць закранаць складаныя тэмы.

Разам з тым ён адзначае і сыстэмную праблему: Каардынацыйная рада ня мае рэальных рычагоў уплыву на Аб’яднаны пераходны кабінэт або саму Ціханоўскую. «Ад адсутнасьці гэтай прымусовай сілы падае вельмі моцна матывацыя падрыхтоўкі да гэтых слуханьняў», — кажа Краўцоў у інтэрвію Радыё Свабода.

На яго думку, больш шырокае пытаньне — будучыня ўсёй структуры беларускіх дэмакратычных сілаў. Краўцоў лічыць, што за апошнія гады сытуацыя істотна зьмянілася: зьявіліся новыя палітыкі, адбываюцца вызваленьні палітвязьняў, трансфармуецца геапалітычны кантэкст. Таму «магчыма, надышоў час, калі дэмакратычныя сілы ў цэлым трэба перафарматаваць».

Ён падкрэсьлівае, што гаворка не пра зьнікненьне Сьвятланы Ціханоўскай з палітычнай сцэны: «Яна дакладна ня зьнікне, яна самая вядомая беларуска за мяжой». Аднак, на яго думку, насьпела патрэба ў больш гарызантальных структурах замест цяперашняй пераважна вэртыкальнай мадэлі арганізацыі.

Краўцоў адзначае, што за пяць гадоў Ціханоўская стала значна больш дасьведчанай публічнай палітычнай фігурай: яе каманда фармулюе «лягічна прапрацаваную і несупярэчлівую» пазыцыю. У той жа час у публічных фарматах, дзе няма глыбокай аргумэнтацыі, успрыняцьце выступаў часта залежыць ад суб’ектыўных чаканьняў слухачоў.

Ён таксама зьвяртае ўвагу на асаблівасьці аўдыторыі: «Само месца, якое займае Ціханоўская, спараджае пазытыўнае ўспрыманьне», асабліва ў дыяспары. Пры гэтым больш адчувальнай для яе каманды зьяўляецца крытыка з боку заходніх палітыкаў, тады як унутраныя спрэчкі ў эміграцыйнай супольнасьці ўспрымаюцца спакайней.

Разважаючы пра магчымыя зьмены ў структуры дэмакратычных інстытутаў, Краўцоў не выключае рэфармаваньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Ён дапускае, што замест цяперашняй «двугаловай вэртыкалі» ў асобе Ціханоўскай і Паўла Латушкі магла б узьнікнуць мадэль, дзе больш цэнтральную ролю адыгрывала б Каардынацыйная рада — напрыклад, з уласным прэзыдыюмам і асобнымі палітычнымі камандамі вакол розных лідэраў.

Такім чынам, галоўны вынік дыскусіі, паводле Краўцова, — разуменьне таго, што беларускаму дэмакратычнаму руху можа спатрэбіцца новы этап арганізацыі і ўзаемадзеяньня, больш гарызантальны і адаптаваны да зьмененых палітычных умоваў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG