Пра гэта паведамляе расейскае выданьне «Коммерсант» з спасылкай на базу 235-га гарнізоннага вайсковага суду Масквы, які 25 лістапада абраў для генэрала меру стрыманьня.
У базе суду не пазначана, паводле якога артыкулу распачатая справа. Выданьне Baza сьцьвярджае, што Юрыя Грэхава вінавацяць у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Камэнтароў Міністэрства абароны Расеі і адвакатаў абвінавачанага пакуль няма, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Генэралу 64 гады, на вайсковай службе ён з 1979 году, званьне генэрал-палкоўніка атрымаў у 2021-м. З гэтага ж году займае пасаду намесьніка галоўнакамандуючага ПКС у справах узбраеньня, адказвае за аснашчэньне войскаў узбраеньнем і вайсковай тэхнікай. Ад 2022 году ён пад санкцыямі Эўразьвязу ў сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну.
Пачынаючы з 2018 году Грэхаў таксама камандаваў войскамі супрацьпаветранай і проціракетнай абароны (СПА і ПРА). Як раней высьветліла Расейская служба Радыё Свабода, толькі ў Маскве пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну пабудавалі амаль 200 новых пазыцыяў СПА, перадусім вежаў для зэнітна-ракетных комплексаў «Панцыр» і «Тор», кантракт на вытворчасьць якіх атрымала будаўнічая кампанія «Крост».
Чаму гэта важна
Апошнімі гадамі падчас поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны шмат высокапастаўленых вайскоўцаў і службоўцаў Міністэрства абароны Расеі былі арыштаваныя і асуджаныя за карупцыю.
Адным з найгучнейшых выпадкаў стаў арышт намесьнікаў былога міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу Цімура Іванова і Руслана Цалікава.
Сам Сяргей Шайгу страціў пасаду міністра абароны, але застаецца на волі.