Як сказана ў паведамленьні ягонай прэсавай службы, амністыя закране жанчын, якія ўчынілі злачынствы ў непаўналетнім узросьце, шматдзетных маці, цяжарных жанчын, пэнсіянэрак, жанчын з інваліднасьцю, а таксама асуджаных за злачынствы зь неасьцярожнасьці.
Амністыя закране і мужчын, якія ўчынілі злачынствы ў непаўналетнім узросьце.
«У аснову законапраекту пакладзены гуманізм, павага да жанчыны і мацярынскіх пачуцьцяў. Гэты крок закліканы садзейнічаць хутчэйшаму вяртаньню юных беларускіх грамадзян пад нагляд сваіх маці і бабуляў, а дарослых жанчын — да сваіх дзяцей», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
28 кастрычніка стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка даручыў Міністэрству ўнутраных справаў Беларусі распрацаваць праект закону «Аб амністыі».
Вольга Чупрыс, намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, адзначыла, што амністыя ня мае агульнага характару і не датычыць асуджаных за наўмыснае забойства, злачынствы супраць непаўналетніх, за нявыплату алімэнтаў на ўтрыманьне дзяцей, а таксама асуджаных за «экстрэмісцкія» злачынствы (так улады называюць палітвязьняў) і тых, хто злосна парушае парадак адбываньня пакараньня, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі плянуюць ухваліць яшчэ адзін закон аб амністыі. Раней іх прымалі пад юбілеі перамогі ў вайнеШто папярэднічала
Гвалт над жанчынамі і дзяўчатамі застаецца адным з самых распаўсюджаных парушэньняў правоў чалавека ў сьвеце. У Беларусі сытуацыю пагаршаюць рэпрэсіі і ліквідацыя незалежных арганізацыяў, якія абаранялі правы жанчын і дапамагалі ахвярам гвалту.
Згодна з інфармацыяй праваабарончага цэнтра «Вясна», ня менш за 2126 жанчын сталі фігуранткамі палітычна матываваных крымінальных справаў, а мінімум 115 палітзьняволеных жанчын застаюцца за кратамі. З пачатку 2025 году пры спрыяньні ЗША 56 жанчын былі памілаваныя і гвалтоўна выправаджаныя зь Беларусі. Але адначасова працягваюцца палітычныя рэпрэсіі супраць жанчын.
Сталым жанчынам зьняволеньне нясе дадатковыя рызыкі для здароўя. У зьняволеньні жанчыны сутыкаюцца з праблемамі ў атрыманьні мэдычнай дапамогі, жорсткім абыходжаньнем, псыхалягічным і фізычным ціскам.
Прынамсі 13 палітзьняволеных жанчын маюць сур’ёзныя праблемы здароўя. У апошнія месяцы стала вядома пра анкалягічныя захворваньні ў дзьвюх зь іх, заявілі праваабаронцы.
Сьведчаньні былых палітзьняволеных паказваюць, што жорсткае абыходжаньне ў месцах зьняволеньня ў Беларусі не абмяжоўваецца асобнымі выпадкамі фізычнага гвалту. Жанчыны расказваюць пра сыстэматычны псыхалягічны ціск, прыніжальныя пакараньні, працяглае трыманьне ў ШЫЗА і карцэрах, небясьпечныя ўмовы зьняволеньня ў цэлым і прымусовую фізычную працу.
На тых, каго адміністрацыі калёніяў адносяць да «палітычных», чыняць асаблівы ціск: іх абмяжоўваюць у правах, прыніжаюць за палітычную пазыцыю і пагражаюць новымі тэрмінамі зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
7 палітзьняволеных жанчын у «Навінках», яшчэ 100 за кратамі. Пра што не раскажуць чыноўнікі ў «Год беларускай жанчыны»Законы аб амністыі прымаюць пад юбілейныя даты
У Беларусі няма агульнага закону аб амністыі.
З 2020 году, калі пачаліся жорсткія масавыя рэпрэсіі супраць апанэнтаў улады, у Беларусі падрыхтавалі і ўхвалілі чатыры законы:
2020 — закон аб амністыі да 74-годзьдзя перамогі ў вайне 1941–1945 гадоў;
2022 — закон да «дня народнага адзінства», які з 2021 году адзначаюць 17 верасьня;
2024 — закон да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ў 1944 годзе;
2025 — закон да 80-годзьдзя перамогі ў вайне 1941–1945 гадоў.
2026 год Лукашэнка абвясьціў «годам беларускай жанчыны».
Дзеяньне ўсіх гэтых законаў не распаўсюджваецца на раней амніставаных і на палітычных зьняволеных.