Хроніка перасьледу 26 лістапада: яшчэ адзін завочны вырак за ўдзел у пратэстах 2020 году

Суд у Менску, архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных прычын у Беларусі.

Яшчэ адзін завочны вырак за ўдзел у пратэстах 2020 году

Менскі гарадзкі суд 20 лістапада вынес чарговы завочны вырак удзельніку пратэстаў 2020 году, піша «Вясна».

47-гадовага Яўгена Разумку асудзілі паводле ч. 2 арт. 293 («удзел у масавых беспарадках») і ч. 1 арт. 14 і арт. 362 Крымінальнага кодэксу («замах на забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Агулам Яўгену Разумку завочна прызначылі 12 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 25 лістапада: 72-гадовай жыхарцы Добрускага раёну «хатнюю хімію» замянілі калёніяй

Прадаюць лецішча былога палітвязьня Віктара Бабарыкі

Паведамленьне аб продажы драўлянага дому зьявілася на сайце аўкцыёну «БелЮрЗабесьпячэньня».

Каркасна-шчытавы двухпавярховы дом агульнай плошчай 88 квадратных мэтраў, жылой — 68 квадратных мэтраў знаходзіцца ў вёсцы Мачаны Бяларуцкага сельсавету Лагойскага раёну, на беразе ракі Вячы, у водаахоўнай зоне, зямельны ўчастак, які належыць да дому, —0,25 га, паведамляе сайт «БелЮрЗабесьпячэньня». Даўжніком пазначаны Віктар Дзьмітрыевіч Бабарыка.

Пачатковая цана маёмасьці — 260 тысяч рублёў, таргі адбудуцца 24 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 17 лістапада: кіраўніцу прасторы «Парасон» Інгу Казючыц асудзілі на 5 гадоў калёніі

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» 133 кнігі й выданьні, 40 зь іх — за апошні год

У Беларусі працягваюць папаўняць сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» кнігамі беларускіх і замежных аўтараў. Паводле пераліку Беларускага ПЭНу, на 25 лістапада 2026 году ў ім налічваецца 133 пазыцыі. Толькі за 2026 год у гэты пералік дадалі 40 пазыцыяў.

Агулам пасьля 2020 году ў Беларусі забаранілі больш за 397 кніг і друкаваных выданьняў з палітычных і ідэалягічных прычын. Гэта ня толькі кнігі зь сьпісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў», але і выданьні з асобнага пераліку матэрыялаў, якія, паводле вэрсіі ўладаў Беларусі, могуць «нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 23 лістапада: жыхара Ганцавіцкага раёна асудзілі за допісы «Беларускаму Гаюну» і абразу Лукашэнкі

Віцябляніну пагражае да трох гадоў зьняволеньня за «абразу супрацоўніка ДАІ»

Telegram-канал «Милиция Витебщины» паведаміў пра затрыманьне 45-гадовага мужчыны, якога падазраюць у «публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў».

Паводле інфармацыі міліцыі, мужчына пакінуў абразьлівы камэнтар пад публікацыяй у Telegram-канале, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Камэнтар быў пра супрацоўніка міжраённага аддзелу ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму, піша «Віцебская Вясна».

Як сьцьвярджае міліцыя, камэнтар выявілі пры маніторынгу інтэрнэту. Мужчыну затрымалі. Telegram-канал паведамляе, што ён «раскаяўся і прынёс прабачэньні», аднак цяпер яму пагражае крымінальная адказнасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 12 лістапада: былому афіцэру КДБ Храловічу дадалі 1 год зьняволеньня

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў.

Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 24 лістапада: на палітвязьня Бераставога завялі новую справу; Міхалка дадалі ў базу вышуку МУС Расеі