Экс-падпалкоўніку КДБ, які «зьліў» тэлефонныя размовы Эйсмант пра гібель Бандарэнкі, дадалі 1 год зьняволеньня
Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча ўтрымліваюць пад вартай ужо больш за пяць з паловай гадоў. Па зьвестках праваабаронцаў «Вясны», у Магілёве нядаўна разглядзелі новую крымінальную справу супраць Аляксея — паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы). Суд дадаў яму да 10 гадоў пазбаўленьня волі яшчэ адзін год зьняволеньня.
Аляксея Храловіча затрымалі 15 сакавіка 2021 года. У Менскім гарадзкім судзе 30 сакавіка 2022 года яго асудзілі да 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Таксама ён быў пазбаўлены вайсковага званьня «падпалкоўнік».
Храловіч быў датычны да перадачы стваральніку тэлеграм-канала NEXTA Сьцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыё размоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.
У кастрычніку 2023 года ў Наваполацку адбыўся суд па замене Аляксею рэжыму ўтрыманьня. Палітвязьня перавялі на турэмны рэжым у Магілёў, дзе пазьней супраць яго завялі крымінальную справу паводле арт. 411 КК.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончым цэнтрам «Вясна» на 12 лістапада 2026 году прызнаныя палітвязьнямі 879 чалавек, а праваабарончай ініцыятывай dissidentby — 928.