Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпалкоўніка КДБ Храловіча асудзілі на 10 гадоў калёніі за тое, што нібыта перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналам


Паводле АНТ, гэта арыштаваны падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч
Паводле АНТ, гэта арыштаваны падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч

Падпалкоўніка Аляксея Храловіча прызналі вінаватым у «дзяржаўнай здрадзе».

Былога падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча асудзілі на 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Наша ніва».

«Дзяржаўнай здрадай» палічылі перадачу запісаў тэлефонных размоў, датычных гібелі Рамана Бандарэнкі, якія пралілі сьвятло на абставіны злачынства.

На дзяржаўным тэлеканале АНТ раней паказалі фільм «Манкурты», у якім сказалі, што менавіта Аляксей Храловіч перадаў Сьцяпану Пуцілу аўдыё скандальных тэлефонных перамоваў, якія пралівалі сьвятло на абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі, піша «Наша ніва».

Магчыма, што падпалкоўнік здабыў перамовы Дзьмітрыя Баскава, Натальлі Эйсмант і Дзьмітрыя Шакуты з выкарыстаньнем службовых магчымасьцяў. Храловічу нібыта прапанавалі паўдзельнічаць у апэратыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуацыі зь Беларусі асобаў, зьвязаных з рухам за грамадзянскія правы і свабодныя выбары, якім пагражае небясьпека.

У фільме сьцьвярджаюць, што Храловіч ізноў выйшаў на сувязь з Пуцілам і прапанаваў таму нейкую новую «сакрэтную» інфармацыю, але ў абмен на бясьпечны вываз з краіны. Вываз афіцэра КДБ нібыта арганізаваў Ігар Макар, аднак яго выканаўцаў, паводле АНТ, затрымалі.

Сярод таварышаў Макара, якія мелі арганізаваць выезд, згадваецца Вячаслаў Сідаракін, вэтэран «Алмазу», які апынуўся ў СІЗА КДБ.

Што да тэлефонных размоваў прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі, то ў фільме сьцьвярджаецца, што размовы былі «сьледчым экспэрымэнтам, інсцэнізацыяй» — у прыватнасьці, з памочнікам Лукашэнкі Мікалаем Латышонкам, а таксама Дзьмітрыем Баскавым. Пра размову Баскава зь Дзьмітрыем Шакутам, дзе абмяркоўваліся дэталі выкраданьня Рамана Бандарэнкі, канал змаўчаў.

Таксама ў прапагандысцкім фільме заявілі, што арыштаваны капітан Дзяніс Урад, які 14 сакавіка на дзяжурстве на посьце спэцсувязі Генэральнага штабу сфатаграфаваў сакрэтны ліст міністра ўнутраных справаў міністру абароны — можна меркаваць, што гэта дакумэнт аб ахове будынкаў сілавых ведамстваў на 25 сакавіка.

Паводле фільму, супраць капітана Ўрада завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб здрадзе радзіме, яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі, ён у СІЗА КДБ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG