Сьледчы камітэт завёў 2 завочныя справы за «абразу» Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады
У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што Сьледчы камітэт 2 лістапада заявіў аб пачатку спэцыяльнага вядзеньня супраць Яўгена Шпакоўскага і Людмілы Жданко. Сьледзтва і суд зьбіраюцца праводзіць завочна.
Яўгену інкрымінуюць арт. 364 Крымінальнага кодэксу («гвалт або пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных справаў»), ч. 1 арт. 368 («абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады»).
Людміле ставяць у віну злачынства паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і арт. 369.
Людміла Жданко пераехала ў Польшчу яшчэ да падзеяў 2020 году, аднак у Беларусі пад рэпрэсіі трапіў яе сын, якога затрымалі і пабілі падчас пратэстаў, піша Mediazonaby.com. У 2021 годзе яна адкрыла краму беларускай сымболікі ў Беластоку. Праз год яна паставіла бізнэс на паўзу і актыўна занялася дапамогай Украіне ў рамках валянтэрскай дзейнасьці.
Завочнае вядзеньне справаў і судовых працэсаў шырока выкарыстоўваюцца супраць праціўнікаў Лукашэнкі, якія зьехалі з краіны.
Чаму гэта важна
У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.
Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 2 лістапада 2026 году прызнаў палітвязьнямі 887 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 932.