У Варшаве мужчына падпаліў сябе перад будынкам Міністэрства культуры. Дзяржаўная служба аховы выклікала на месца пажарную службу і хуткую дапамогу. Цяпер на месцы здарэньня працуе паліцыя.
Здарэньне адбылося 25 лістапада перад будынкам Міністэрства культуры, што насупраць Прэзыдэнцкага палаца, піша Rzeczpospolita.
Паводле паведамленьняў польскіх СМІ, мужчына стаяў з плякатам, а потым абліў сябе невядомым рэчывам і падпаліў.
Паводле інфармацыі TVP3 Warszawa, мінак, які выходзіў з гандлёвага цэнтру, накінуў на яго куртку, спрабуючы патушыць полымя. Супрацоўнікі Дзяржаўнай службы аховы таксама кінуліся на дапамогу.
У Дзяржаўнай службе аховы зазначлі, што самаспаленьне адбылося перад будынкам Міністэрства культуры, а не непасрэдна перад Прэзыдэнцкім палацам. Застаецца няясным, каму і якое пасланьне хацеў перадаць сваім учынкам мужчына і ці зьвязана гэта, напрыклад, з патавай сытуацыяй вакол Канстытуцыйнага трыбуналу Польшчы. Раней прэзыдэнт краіны Караль Наўроцкі і прэм’ер-міністар краіны Дональд Туск у чарговы раз пасварыліся наконт выбару судзьдзяў і іх паўнамоцтваў.
Стан мужчыны
Мужчыну дапамаглі ў машыне хуткай дапамогі. Паводле першых паведамленьняў зь месца падзей, ён быў у прытомнасьці і размаўляў з фэльчарамі.
Пазьней мужчыну даставілі ў лякарню. Які ягоны стан цяпер, невядома.