У размове з Свабодай ён тлумачыць, чаму цяперашнія кантакты Варшавы з Лукашэнкам могуць сьведчыць пра зьмену польскай палітыкі і чаму найбліжэйшыя гады могуць вызначыць будучыню Беларусі на дзесяцігодзьдзі. Пра гэта Свабода паразмаўляла з Ціхоцкім на канфэрэнцыі «Польская ўсходняя палітыка» ва Ўроцлаве.
«Гэта выразная зьмена»
Ціхоцкі згадаў сустрэчу міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага з прадстаўніком афіцыйнага Менску Максімам Рыжанковым. На яго думку, сам факт такога кантакту сьведчыць пра зьмену польскай палітыкі, хоць пакуль незразумела, наколькі яна глыбокая.
«Я сам хацеў бы ведаць, што гэта азначае, але гэта выразная зьмена, магчыма, нестратэгічная. Мы вяртаемся да дыялёгу зь Беларусьсю, магчыма, абмежаванага. Трэба было б спытаць у віцэ-прэм’ера Сікорскага, якая гэтым разам мэта».
Паводле Ціхоцкага, у Польшчы даўно ідзе дыскусія вакол прынцыповай дылемы: ці мае сэнс дамаўляцца беспасярэдне зь Менскам, ці найважнейшыя пытаньні, якія датычаць Беларусі, насамрэч ужо вырашаюцца ў Маскве.
«Адзін зь лягераў у Польшчы лічыць ілюзіяй і наіўнасьцю думку, што, паслабляючы, напрыклад, эканамічныя санкцыі, мы адцягнем Лукашэнку ад Пуціна. Але ёсьць іншыя ўплывовыя асяродзьдзі, якія зыходзяць з таго, што цяпер няма ўмоваў для дэмакратычных пераменаў у Беларусі, таму трэба размаўляць з той уладай, якая ёсьць. Яны кажуць, што няма сёньня ўмоваў, каб у Беларусі адбылася дэмакратычная зьмена, на жаль, і таму трэба размаўляць з тым, хто ёсьць. І лепш такі беларускі рэжым, чым Беларуская Рэспубліка Расейскай Фэдэрацыі».
Фактар Трампа
На зьмену ў польскай палітыцы, паводле Ціхоцкага, уплывае і тое, што адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пачала беспасярэднія кантакты з уладамі Беларусі. Ціхоцкі зьвярнуў увагу і на зьмены ў стаўленьні Варшавы да Аляксандра Лукашэнкі і Сьвятланы Ціханоўскай.
«Фактычна зусім інакш цяпер ставяцца да спадарыні Ціханоўскай, інакш рытарычна і вэрбальна ставяцца да прэзыдэнта Лукашэнкі, таму нешта адбываецца. Я зусім ня ўпэўнены, што мы будзем мець справу зь нейкім новым пацяпленьнем. Магчыма, гэта вельмі канкрэтныя дамоўленасьці пра вызваленьне нейкіх палітычных зьняволеных, пра галасаваньні ў ААН. Магчыма, гэта была аднаразовая сустрэча».
«Мы зрабілі памылковыя высновы»
Ціхоцкі лічыць, што Польшча няправільна ацаніла папярэднюю спробу нармалізацыі адносінаў зь Менскам, якая адбывалася да падзеяў 2020 году. Ён сам, паводле ягоных словаў, удзельнічаў у тым працэсе.
«Мне здаецца, што мы зрабілі дрэнныя, памылковыя высновы з таго пацяпленьня зь Беларусьсю да 2020 году, пацяпленьня, пасьля якога наступіла брутальная рэакцыя, скажам, аўтарытарызму ці дыктатуры ў Беларусі. Мы зрабілі такую выснову, што нас падманулі, а насамрэч мы мусілі зрабіць выснову, што гэтае пацяпленьне якраз і выклікала такую нэрвовую рэакцыю. Я сам удзельнічаў у гэтым пацяпленьні, мы зрабілі памылку, што не прадбачылі, як добры шахматыст павінен рабіць, некалькіх крокаў наперад».
Ціхоцкі мяркуе, што пасьля рэпрэсіяў у Беларусі Польшча і Захад адразу адступілі і вярнуліся да санкцыяў, не ўлічыўшы, што жорсткая рэакцыя ўладаў Беларусі магла быць, сярод іншага, наступствам папярэдняй палітыкі збліжэньня.
«Найбліжэйшыя гады могуць вызначыць усё на дзесяцігодзьдзі»
Менавіта таму, паводле Ціхоцкага, цяпер Варшаве трэба разглядаць беларускую палітыку ў доўгай пэрспэктыве.
«Трэба проста, як у шахматах, думаць на некалькі хадоў наперад, не лічыць выдаткаў, толькі лічыць патэнцыйныя здабыткі або маштаб наступстваў нашай бязьдзейнасьці».
Ён прыгадаў сваю размову з Анджэем Пачобутам, якога нехта спытаў, што будзе ў Беларусі пасьля Лукашэнкі.
«Ён кажа, што будзе другі Лукашэнка, у сэнсе сын. А я зусім ня ўпэўнены. Таму сапраўды найбліжэйшыя гады могуць вызначыць на дзесяцігодзьдзі, ці будзе Беларусь і якой яна будзе. І трэба ўжываць нейкую камбінацыю бізуна і перніка».
Калі няма змогі сказаць Расеі «не», няма пра што размаўляць
Аднак Ціхоцкі падкрэсьлівае, што дыялёг з Лукашэнкам, калі Варшава на яго пойдзе, павінен мець канкрэтныя ўмовы.
«Я б разумеў пачатак дыялёгу, толькі ён мусіць адбывацца на нашых умовах. Першае пытаньне: ці Лукашэнка спыніць паток мігрантаў? Ці гэта ён яго кантралюе? Рэч ня ў тым, што яго перанакіравалі ў Латвію, а ў тым, каб ён увогуле скончыў з гэтай апэрацыяй».
Яшчэ больш прынцыповым пытаньнем Ціхоцкі ўважае здольнасьць Лукашэнкі супраціўляцца магчымым рашэньням Масквы, якія наўпрост закранаюць бясьпеку рэгіёну.
«Калі расейцы прымуць рашэньне стварыць беларускі фронт з Украінай, ці ён у стане гэтаму супрацівіцца? Ну, калі не, то няма пра што зь ім размаўляць», — лічыць Ціхоцкі.
«Украіна ўжо вызначылася, Беларусь — не»
«Беларусь для нас у пэўным сэнсе значна важнейшая задача ў палітыцы замежнай бясьпекі, чым Украіна, бо Ўкраіна ўжо вызначылася, яна ўжо будзе празаходняй. Яна, на жаль, можа быць тэрытарыяльна абрэзаная. Мы можам зь ёю спрачацца пра УПА і Валынскую разаніну бясконца, але там ужо гэты выбар зроблены, а ў Беларусі ён, на маю думку, ня зроблены», — сказаў Ціхоцкі.
Паводле яго, беларусы ня хочуць стаць расейцамі, аднак пытаньне аб эўрапейскім выбары Беларусі ўсё яшчэ застаецца адкрытым.
«Беларусы зусім яшчэ не вызначыліся, ці яны хочуць быць у Эўрапейскім Зьвязе. А Беларусь, на маю думку, ня можа сабе дазволіць адсутнасьці выбару, бо яна не як Сэрбія ці Грузія, не ляжыць на пэрыфэрыі гэтых вялікіх інтэграцыйных праектаў, а сядзіць у самым цэнтры».
Форум