Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік польскай «белай выведкі» адказаў на пытаньні, якія хвалююць беларусаў

Сустрэча Максіма Рыжанкова і Радаслава Сікорскі. Нью-Ёрк, 23 верасьня 2026 года
Сустрэча Максіма Рыжанкова і Радаслава Сікорскі. Нью-Ёрк, 23 верасьня 2026 года

Беларусам стала цяжэй атрымліваць польскія візы, яны месяцамі чакаюць дазволаў на жыхарства, сутыкаюцца з праблемамі ў банках і чуюць пра скарачэньне падтрымкі беларускіх ініцыятываў. На такім фоне Варшава пачала кантактаваць з афіцыйным Менскам. Ці азначае гэта, што Польшча мяняе стаўленьне да беларусаў і адначасова шукае паразуменьня з Лукашэнкам?

Гэтыя пытаньні Свабода задала дырэктару Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (OSW) Войцеху Каноньчуку на канфэрэнцыі «Польская ўсходняя палітыка» ва Ўроцлаве. OSW — адзін з галоўных аналітычных цэнтраў Польшчы, які з увагі на маштаб і характар ягонай працы часам называюць польскай «белай выведкай». Яго аналітыкі зьбіраюць і аналізуюць інфармацыю з адкрытых крыніцаў пра краіны Ўсходняй Эўропы і былога СССР. Асноўная задача OSW — падрыхтоўка аналізаў для дзяржаўных органаў Польшчы.

Войцех Каноньчук
Войцех Каноньчук

— Многія беларусы ў Беларусі кажуць сёньня, што значна ўскладніўся працэс атрыманьня польскай візы. З чым гэта зьвязана?

— Польшча па-ранейшаму застаецца той краінай у Эўрапейскім Зьвязе, якая выдае беларусам больш за палову ўсіх візаў у ЭЗ — нягледзячы на тое, што пасьля 2020 году амаль усе нашы консулы былі выкінутыя як зь Менску, так і з Горадні і Берасьця. Праца нашых консульстваў складае невялікую долю ад іх ранейшай актыўнасьці, бо проста няма каму выдаваць гэтыя візы.

— Але найбольшыя праблемы зь візамі пачаліся пасьля таго, як у Польшчы зьмяніўся ўрад, — роўна 3 гады таму. Калі кіравалі кансэрватары, візы выдавалі вельмі шчодра.

— Сапраўды, цягам апошніх гадоў мы маем справу з узмацненьнем жорсткасьці польскай візавай сыстэмы. Галоўная прычына — бясьпека. Беларусь — гэта дзяржава, якая вельмі шчыльна супрацоўнічае з Расеяй у сфэры бясьпекі. Таму выдача візы, якая дазваляе ўезд на тэрыторыю Польшчы, — гэта таксама пытаньне польскай бясьпекі.

Рэжым у Беларусі ў велізарнай ступені кантралюецца Крамлём. У Польшчы вялікую частку дывэрсіяў ці іх спробаў і шпіянажу учынілі грамадзяне Беларусі. Міграцыйны крызіс на польскай мяжы, выкліканы рэжымам у Менску, таксама каштаваў польскай дзяржаве вельмі шмат высілкаў, у тым ліку фінансавых. Зразумела, што гэтыя візавыя абмежаваньні няздольныя выявіць кожнага грамадзяніна Беларусі, які патэнцыйна хоча зрабіць нешта дрэннае на тэрыторыі Польшчы ці Эўрапейскага Зьвязу. Аднак у сувязі з тым, што мы маем справу з вайной у рэгіёне, гэта мусіла быць зроблена.

— Нават у людзей, якія маюць дазвол на жыхарства ў Польшчы, узьнікаюць праблемы ў банках. Чаму існуюць такія абмежаваньні?

— Калі нехта атрымаў права на жыхарства, а тым больш палітычны прытулак, то паводле закону гэтая асоба была правераная і вэрыфікаваная. І тут ніякія, ніякія банкі ці іншыя фінансавыя ўстановы не павінны ствараць ніякай праблемы.

— Памятаеце выпадак — калі Ціханоўская пераехала ў Варшаву, яна нейкі час мела праблему з тым, што ёй не хацелі адкрываць рахунак у банку?

— Польскія фінансавыя і дзяржаўныя ўстановы ўспрымаюць Беларусь як варожую Польшчы дзяржаву. Не беларусаў, а дзяржаву. У сувязі з гэтым сыстэма праверкі стала больш жорсткай.

— Працэс атрыманьня дазволу на жыхарства стаў вельмі доўгім. Чаму?

— Гэта, на жаль, пастаянная і нявырашаная праблема польскіх міграцыйных установаў, якія выдаюць дазволы. Гэта датычыць і ўкраінцаў, і беларусаў, і насамрэч кожнага прадстаўніка ўсякай іншай дзяржавы, які знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Праблема ў тым, што ў нас усё яшчэ мала такіх цэнтраў і службоўцаў, а колькасьць тых, хто хоча атрымаць ад іх дазволы, расьце.

Зьвярніце ўвагу, як моцна вырасла беларуская дыяспара ў Польшчы пасьля 2020 году. Мы маем справу з найбуйнейшай у гісторыі міграцыяй беларусаў за межы краіны.

— У многіх гэта выклікае падазрэньне, што польская дзяржава такім чынам хоча паказаць беларусам, каб яны зьяжджалі ў іншыя краіны. Гэта ўспрымаецца балюча, бо вялікая частка беларускай дыяспары прыехала сюды з грашыма, набывае нерухомасьць, адкрывае фірмы і працуе, не ствараючы праблемаў для польскай дзяржавы.

— Гэта праўда, і я разумею расчараваньне беларусаў, якія выбралі Польшчу. Але яны мусяць разумець кантэкст бясьпекі. Польшча — гэта тая краіна, якая прыняла найбольш беларусаў, і яна ня можа сабе дазволіць ігнараваць гэты кантэкст бясьпекі.

— Ці чулі вы пра тое, што прадстаўнікі польскага ўраду не асабліва хочуць кантактаваць з офісам Сьвятланы Ціханоўскай?

— Наколькі я разумею, Польшча падтрымлівае адносіны зь Ціханоўскай. Больш за тое, мы плацім за ўтрыманьне офісу і за яго ахову. Гэта быў адзін з фактараў, адзін, але не галоўны, дзеля якога літоўцы адмовіліся ад гасьцяваньня Сьвятланы Ціханоўскай і яе офісу ў Вільні.

Сьвятлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі. 25 чэрвеня 2026 году
Сьвятлана Ціханоўская і Радаслаў Сікорскі. 25 чэрвеня 2026 году

— У кулюарах я часта чую, што Польшча зьмяншае падтрымку беларускіх ініцыятываў, якія фінансуюцца ў рамках польскай замежнай дапамогі. З чым гэта зьвязана?

— Польская дзяржава — адна зь нешматлікіх дзяржаваў Эўрапейскага Зьвязу, якія выдаткоўваюць вялікія сумы на падтрымку незалежных ініцыятываў беларусаў. У 2024 годзе яны складалі крыху менш за 200 мільёнаў злотых. Гэта стыпэндыі, мэдыйныя праекты, тэлевізія «Белсат», выданьне кніг. Гэта дзеяньні польскай дзяржавы для падтрымкі не афіцыйнай Беларусі, а менавіта тых беларусаў, якія сёньня знаходзяцца па-за межамі сваёй краіны. Гэта амаль 50 мільёнаў даляраў. Калі б вы палічылі дапамогу ўсіх іншых краін Эўрапейскага Зьвязу, тых 26, якія засталіся, то яна меншая, чым падтрымка Польшчы.

— Пасьля сустрэчы міністраў Сікорскага і Рыжанкова ў Нью-Ёрку шмат гаворыцца пра тое, што Польшча нібыта мае пачаць нейкі дыялёг з рэжымам Лукашэнкі. Ці так гэта?

— Не. Думаю, што часам гэта памылкова ўспрымаецца ў мэдыя, таксама і польскіх, як пэўнага кшталту «перазагрузка». Няма і ня можа быць ніякай «перазагрузкі» паміж Варшавай і рэжымам Лукашэнкі. Рэжым Лукашэнкі, лукашэнкаўская Беларусь сыстэмна залежная ад Расеі, і мы ня маем ніякіх ілюзіяў наконт таго, якое ў яго поле для манэўру. Гэта дзяржава, якая ў сфэры бясьпекі й іншых вымярэньнях фактычна васалізаваная Расеяй.

Аднак сустрэча міністра Сікорскага з Рыжанковым з нагоды сэсіі ААН у Нью-Ёрку — гэта насамрэч пашырэньне каналаў дыялёгу. І ў дыялёгу няма нічога дрэннага. У аўторак адбылася тэлефонная размова прэзыдэнта Фінляндыі і прэм’ера Нарвэгіі з Пуціным. Няма нічога дрэннага ў тым, што час ад часу той ці іншы лідэр Эўропы патэлефануе камусьці з аўтарытарных дыктатараў, каб вырашаць канкрэтныя справы.

Мы суседзі, і нават у найгоршы момант міграцыйнага крызісу былі тэхнічныя кантакты паміж памежнымі службамі Польшчы і Беларусі. Ад пэўнага часу гэты канал дыялёгу крыху пашырыўся, і прыкладам гэтага ёсьць размова міністраў замежных справаў. Але ня трэба з гэтай прычыны рабіць занадта далёкасяжныя высновы. Польшча раптам не пачне сябраваць або нават падтрымліваць рэжым у Менску, успрымаць яго як нармальную сыстэму ўлады.

— Нейкі час таму былы кіраўнік польскай выведкі Пётр Краўчык заявіў, што акурат ёсьць магчымасьць пашырыць поле для манэўру з Лукашэнкам. Што гэта дазволіць хоць трошкі адцягнуць яго ад Пуціна і дапамагчы беларусам атрымаць больш прасторы для дзеяньня. Што вы пра гэта думаеце?

— Я думаю, што Лукашэнка хацеў бы мець большую магчымасьць для манэўру ў сваёй палітыцы, перадусім эканамічнай. Заходнія санкцыі балючыя для беларускай эканомікі, і ён хацеў бы калі ўжо ня поўнага іх скасаваньня, то напэўна зьмякчэньня. Аднак няма гаворкі пра якое-небудзь поле для манэўру ў стратэгічным вымярэньні. Лукашэнка, магчыма, хацеў бы гэтага, але гэта немагчыма.

Рэжым у Менску не зацікаўлены ў эскаляцыі гэтай вайны Расеяй. Думаю, што Лукашэнка гэтага ня хоча. Ён ня хоча, каб Расея эскалявала ў бок балтыйскіх дзяржаваў ці Польшчы. Але калі рашэньне ў Крамлі ў гэтай справе будзе прынятае, то ад Лукашэнкі нічога ня будзе залежаць, яго ніхто ня будзе слухаць.

— Што, на вашу думку, павінна было б памяняцца ў адносінах паміж Лукашэнкам і Варшавай, каб адбыліся рэчы, якія зробяць жыцьцё многіх беларусаў прасьцейшым? Напрыклад, аднаўленьне чыгуначнага злучэньня з Польшчай або авіяпералётаў.

— Думаю, што калі гаворка ідзе пра палёты, то гэтага не адбудзецца. Мы маем тут салідарную пазыцыю з боку ўсіх краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Думаю, што аднаўленьне чыгуначнага злучэньня магчымае. Сёньня мы можам гаварыць пра нейкія вельмі тэхнічныя дзеяньні, але не пра вялікія праекты, пагатоў не пра стратэгічныя праекты. Думаю, што пакуль у Менску, у Беларусі кіруе Аляксандар Лукашэнка, датуль няма пра гэта гаворкі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG