Як паведаміла польскае агенцтва PAP, Караль Наўроцкі датэрмінова перапыніў афіцыйны візыт у Сенегал пасьля адхіленьня ад пасадаў старшыні трыбуналу і яго намесьніка.
«У сувязі з пагрозай унутранай бясьпецы Польшчы я склікаю сёньня тэрміновыя кансультацыі з прадстаўнікамі парлямэнцкіх сіл, каб стабілізаваць палітычную сытуацыю і аднавіць канстытуцыйны лад», — заявіў Наўроцкі.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск таксама пракамэнтаваў гэтую сытуацыю. «Аднаўленьне вяршэнства права — наш абавязак. Пасьля гадоў беззаконьня пры ўладзе партыі „Права і справядлівасьць“ (PiS) гэта складаны, часам балючы працэс, які патрабуе рашучых дзеяньняў. Іншага шляху няма», — падкрэсьліў кіраўнік урада ў сацыяльнай сетцы Х.
Што папярэднічала
30 кастрычніка судзьдзя Канстытуцыйнага трыбуналу Ганна Корвін-Пятроўская адхіліла ад выкананьня абавязкаў старшыню Богдана Свячкоўскага і яго намесьніка Бартламея Саханскага, а сама ўзяла на сябе функцыі старшыні. Яна выклікала паліцыю, пасьля чаго будынак Канстытуцыйнага трыбуналу ачапілі. Каля будынку сабраліся сотні пратэстоўцаў.
Раней Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае апазыцыйная правая партыя «Права і справядлівасьць» (PiS), адмовіўся прывесьці да прысягі трох з шасьці судзьдзяў, прапанаваных парлямэнтам. Сьвячкоўскі не дазволіў гэтым судзьдзям, за якіх прагаласавала парлямэнцкая большасьць, пачаць выконваць свае абавязкі.
Цягам цяперашняга парлямэнцкага скліканьня Сэйм абраў у склад Канстытуцыйнага трыбуналу восем судзьдзяў, у выніку чаго агульная колькасьць судзьдзяў дасягнула 15. Прэзыдэнт Наўроцкі прыняў прысягу ў траіх зь іх: Магдалены Бенткоўскай і Дарыуша Шостэка, абраных у сакавіку, а таксама Славоміра Патыры, абранага ў чэрвені.
Прэзыдэнт не прыняў прысягу ў пецярых іншых асоб — Крысьціяна Маркевіча, Марціна Дзюрдзі, Мацея Табароўскага і Ганны Корвін-Пятроўскай (усе яны былі абраныя Сэймам у сакавіку), а таксама Мацея Бэрэка (абранага ў верасьні). Яны склалі прысягу падчас цырымоніі ў Сэйме, выкарыстаўшы фармулёўку, згодна зь якой яны робяць гэта «перад прэзыдэнтам». Ні прэзыдэнт, ні старшыня Канстытуцыйнага трыбуналу не прызнаюць гэтую прысягу сапраўднай; як вынік, гэтым судзьдзям не дазволілі разглядаць справы.
Форум