Лукашэнка хоча зноў збольшыць выдаткі на сілавікоў. Ён прапанаваў ім павялічыць пэнсіі

Вучэньні падразьдзелаў МУС па разгоне беспарадкаў і пратэстаў, вясна 2026 году

Аляксандар Лукашэнка ўнясе на разгляд Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закону, накіраваны на «ўдасканаленьне пэнсійнага забесьпячэньня вайскоўцаў».

«Забесьпячэньне нацыянальнай бясьпекі застаецца безумоўным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі, патрабуе сталай увагі і сыстэмнага падыходу. Важнай часткай гэтай стратэгіі зьяўляецца стварэньне годных умоў для службы і павышэньне сацыяльнай абароненасьці людзей у пагонах — тых, хто стаіць на варце спакойнага і мірнага жыцьця ў краіне», — паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.

Адзначаецца, што для дадатковай матывацыі для службы прадугледжваецца павелічэньне памеру пэнсійнага забесьпячэньня для асобных катэгорый вайскоўцаў па дасягненьні імі агульнавызначанага пэнсійнага ўзросту.

Каго гэта закране

Намесьнік дзяржаўнага сакратара Савета бясьпекі Аляксандар Рахманаў адзначыў, што гэты законапраект зраўняе падыходы па налічэньні пэнсій вайскоўцам і сілавікам.

Паводле яго, законапраект прадугледжвае «зьмену падыходаў і парадку пэнсійнага забесьпячэньня для вайскоўцаў, адказных асобаў, якія праходзяць службу ў органах унутраных спраў, Сьледчым камітэце, Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз, Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, а таксама ў органах фінансавых расьсьледаваньняў».

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, для тых, хто ўваходзіць у гэтыя катэгорыі і займае кіроўныя пасады розных узроўняў (тэрытарыяльнага, абласнога, а таксама на ўзроўні цэнтральнага апарату), прапануюць павялічыць памер пэнсій па дасягненьні імі агульнавызначанага пэнсійнага ўзросту — 63 гады для мужчын і 58 гадоў для жанчын.

«Гэта важны крок, які ў першую чаргу накіраваны на выкананьне прынцыпу сацыяльнай справядлівасьці і ўраўноўвае ўзровень пэнсійнага забесьпячэньня для ўсіх катэгорый служачых», — адзначыў Аляксандар Рахманаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ёсьць нюанс». За скаргі ў TikTok і Treads прыходзіць міліцыя?

Якія пэнсіі ў Беларусі

Згодна з інфармацыяй Міністэрства сацыяльнай палітыкі і працы Беларусі, у лістападзе сярэдні памер пэнсіі па ўзросьце для непрацуючых пэнсіянэраў склаў 1126,41 рубля.

Пэнсіі вайскоўцаў і сілавікоў даўно істотна перавышаюць аналягічныя выплаты іншым катэгорыям насельніцтва. Пры гэтым улады не публікуюць статыстыку па сярэднім пэнсіям для прадстаўнікоў сілавога блёку, паколькі гэтыя выплаты фінансуюцца наўпрост з дзяржаўнага бюджэту праз Мінабароны, МУС, КДБ і іншыя сілавыя органы, а не з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. На практыцы іхныя пэнсія прыкметна вышэй за агульнаграмадзянскія, паколькі залежаць ад грашовага забесьпячэньня з улікам званьня і выслугі гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новыя рахункі за ацяпленьне і тарыфы на паслугі «Белтэлекаму»; павысяць пэнсіі і дапамогу дзецям. Што зьменіцца для беларусаў у лістападзе

Бюджэт-2027 яшчэ не зацьверджаны, а ўжо вядома, што яго давядзецца мяняць

Сёлета ўрад Беларусі падрыхтаваў праект дзяржаўнага бюджэту на 2027 год без уліку ініцыятывы Лукашэнкі аб павелічэньні пэнсій сілавікам. Але і без таго ў наступным годзе расходы на нацыянальную абарону, судовую ўладу, сілавыя структуры і органы бясьпекі павялічацца.

Як вынікае з апублікаванага праекту дзяржаўнага бюджэту на 2027 год, на абарону прадугледжана 5,187 мільярда рублёў, а на судовую ўладу, сілавыя структуры і органы бясьпекі — 7,473 мільярда рублёў. У 2026 годзе гэтыя лічба складалі адпаведна 4,521 і 6,701 мільярда рублёў.

Расходы на ўтрыманьне сілавых структур ужо каторы год перавышаюць расходы на нацыянальную абарону.

На экалёгію ў 2027 годзе плянуюць выдзеліць 273,825 мільёна рублёў, на ахову здароўя — 3,89 мільярда, на фізычную культуру, спорт, культуру і СМІ — 1,103 мільярда, а на адукацыю — 2,969 мільярда рублёў.

На гэтыя лічбы зьвярнула ўвагу Вонкавая выведка Ўкраіны. Паводле ўкраінскіх выведнікаў, беларускі рэжым накіроўвае на дзейнасьць рэпрэсіўнай машыны больш за 20 % дзяржаўных расходаў.

«Асноўны прырост фінансаваньня атрымаюць структуры, што кантралююць грамадзтва і забясьпечваюць захаваньне ўлады Лукашэнкі. Міністэрству ўнутраных спраў вылучаць прыблізна 945 мільёнаў даляраў супраць 856 мільёнаў годам раней. Расходы на пракуратуру павялічацца на 16,2%, суды — на 14,7%, памежную службу — на 14,4%, органы дзяржбясьпекі — на 13%. Пэнітэнцыярная сыстэма атрымае прыблізна на 10% больш сродкаў», — адзначаецца ў паведамленьні Вонкавай выведкі Ўкраіны.

Асобна ва Ўкраіне зьвярнулі ўвагу на тое, што рэальныя расходы апошнія пяць гадоў перавышаюць заплянаваныя. Паводле выведнікаў, у 2022 годзе розьніца складала прыблізна 36 мільёнаў даляраў у эквіваленце, а ў 2025-м — 82 мільёна даляраў.

«Менск павялічвае расходы на сілавы апарат хутчэй, чым на іншыя бюджэтныя артыкулы ўвогуле. Лукашэнка працягвае ўкладаць грошы ў структуры, якія прыдушваюць пратэсты, перасьледуюць апанэнтаў і падтрымліваюць рэжым. На іншыя патрэбы дзяржавы грошай застаецца ўсё менш», — адзначаецца ў паведамленьні Вонкавай выведкі Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Беларусі зноў павялічваюць фінансаваньне абароны і сілавікоў. Якія расходы прапануюць у бюджэце на 2027 год