Ацяпленьне кватэр падаражэе на 7%
Рахункі за ацяпленьне і падагрэў вады ў лістападзе павялічацца, паколькі будуць разьлічаныя па тарыфах, якія з 1 чэрвеня былі павышаныя на 7,3%, паведамляе «Люстэрка».
Ацяпленьне пачалі ўключаць у пачатку кастрычніка, значыць у лістападзе прыйдуць рахункі па новых тарыфах. Прыкладам, у Менску для двухпакаёвай кватэры плошчай 50 квадратных мэтраў з адным зарэгістраваным жыльцом за ацяпленьне трэба будзе заплаціць 29,7 рубля, што прыблізна на 2 рублі больш, чым было раней.
Тарыфы на гэтыя ж паслугі для кватэр, у якіх ніхто не зарэгістраваны, узьнялі з 1 сакавіка. Яны прыкладна ў пяць разоў вышэйшыя за льготныя — 147,48 рубля за 1 Гкал. Гэта значыць, за спажытыя 1,0163 Гкал у такім жытле і трэба заплаціць 149,88 рубля.
Зьнікнуць льготы на праезд у электрычках
1 лістапада скончыць дзейнічаць зьніжка ў 50% на праезд у электрычках для пэнсіянэраў, якая дзейнічае падчас дачнага сэзона, з 1 траўня да 31 кастрычніка. Да наступнага траўня пэнсіянэры павінны будуць аплачваць білеты па поўнай цане.
«Белтэлекам» павышае тарыфы
Ад 1 лістапада падаражэюць некаторыя паслугі «Белтэлекаму», папярэдзілі ў кампаніі. Гэтак, павысяцца тарыфы на паслугі мясцовай сеткі электрасувязі, міжгародняй сувязі, доступу ў інтэрнэт (byfly), а таксама электрасувязі. Напрыклад, абанэнтная плата за безьлімітны тарыфны плян «Дамасед Старт» вырасьце да 18,50 рубля, за «Дамасед XXL» — да 20,70 рубля.
Павялічваюцца памеры бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ)
Савет міністраў прыняў пастанову аб павелічэньні памеры бюджэту пражытковага мінімуму (БПМ), паведамілі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
З 1 лістапада БПМ у сярэднім будзе 535,70 рубля, для пэнсіянэраў — 381,27 рубля, для дзяцей да 3 гадоў — 332,62 рубля, для дзяцей ад трох да шасьці гадоў — 444,34 рубля, а для дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 525,44 рубля.
Прапарцыйна росту БПМ павялічваюцца асобныя сацыяльныя выплаты, у тым ліку дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, даплаты да пэнсій, дапамогі па догляду інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, а таксама сацыяльныя пэнсіі. Гэта будзе чацьвёрты пераразьлік БПМ у 2026 годзе.
Не забыцца заплаціць некаторыя падаткі
Да 16 лістапада, уключна з гэтым днём, трэба заплаціць маёмасныя зборы — за першую кватэру, а таксама зямельны і транспартны.
Унесьці маёмасныя падаткі можна некалькімі спосабамі. Гэта можна зрабіць на пошце ці ў аддзяленьнях банкаў, а таксама праз інтэрнэт-банкінг, інфакіёскі ў банках і асабісты кабінэт на сайце падатковай.
У Чарнагорыю па візах
Беларусам, якія зьбіраюцца ехаць у Чарнагорыю, ад лістападу спатрэбіцца віза. Дакумэнты на візу можна будзе падаць у візавыя цэнтры VFS Global у Менску альбо ў амбасаду Чарнагорыі ў Маскве.
Выключэньне для тых, у каго ёсьць шэнгенская віза або візы, выдадзеныя Аўстраліяй, Японіяй, Канадай, Новай Зэляндыяй, Ірляндыяй, ЗША ці Вялікабрытаніяй. Яны могуць уяжджаць у Чарнагорыю, рухацца празь яе тэрыторыю транзытам і знаходзіцца ў краіне бязь візы тэрмінам да 30 дзён, паведамілі «Люстэрку» ў амбасадзе Сэрбіі.
На агуркі, таматы і яблыкі вызначаць гранічныя цэны
З 1 лістапада ў Беларусі ўсталююць максымальныя адпускныя цэны на сьвежыя агуркі і таматы, а таксама на яблыкі паведамілі ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Так, у залежнасьці ад умоў дастаўкі максымальныя цэны на агуркі складуць 6,1-6,4 рубля, на памідоры — 6,9-7,24 рубля, на яблыкі — 4,80 рубля за кіляграм. Пры гэтым абмежаваньне дзейнічае толькі ў міжсэзонны пэрыяд 2026-2027 гадоў.
Абмежаваньні для рыбакоў
Пачнуць дзейнічаць сэзонныя забароны на лоўлю двух відаў рыб: эўрапейскага сома і чудзкага сіга. Гэтак вырашыла Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.
Сома нельга будзе лавіць да 31 сакавіка 2027 году, а сіга — да 15 сьнежня 2026 году. Абмежаваньні датычацца як аматарскага, так і прамысловага рыбалоўства. За кожнага незаконна вылаўленага сома давядзецца заплаціць 540 рублёў штрафу, за сіга — 405 рублёў.
Форум