25 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту над жанчынамі, уведзены Генэральнай Асамблеяй ААН у 1999 годзе.
Гвалт над жанчынамі і дзяўчатамі застаецца адным з самых распаўсюджаных парушэньняў правоў чалавека ў сьвеце. У Беларусі сытуацыю пагаршаюць рэпрэсіі і ліквідацыя незалежных арганізацыяў, якія абаранялі правы жанчын і дапамагалі ахвярам гвалту.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», не менш за 2126 жанчын сталі фігуранткамі палітычна матываваных крымінальных справаў, а мінімум 115 палітзьняволеных жанчын застаюцца за кратамі. З пачатку 2025 году пры садзейнічаньні ЗША 56 жанчын былі памілаваныя і гвалтоўна выправаджаныя зь Беларусі. Але адначасова працягваюцца палітычныя рэпрэсіі супраць жанчын.
Цяпер за кратамі застаюцца мінімум 115 палітзьняволеных жанчын. Сярод іх — 19 пэнсіянэрак. Каляж праваабарончага цэнтру «Вясна»
Сталым жанчынам зьняволеньне нясе дадатковыя рызыкі для здароўя. У зьняволеньні жанчыны сутыкаюцца з праблемамі ў атрыманьні мэдычнай дапамогі, жорсткім абыходжаньнем, псыхалягічным і фізычным ціскам.
Прынамсі 13 палітзьняволеных жанчын маюць сур’ёзныя праблемы здароўя. У апошнія месяцы стала вядома пра анкалягічныя захворваньні ў дзьвюх зь іх, заявілі праваабаронцы.
Сьведчаньні былых палітзьняволеных паказваюць, што жорсткае абыходжаньне ў месцах зьняволеньня ў Беларусі не абмяжоўваецца асобнымі выпадкамі фізычнага гвалту. Жанчыны расказваюць пра сыстэматычны псыхалягічны ціск, прыніжальныя пакараньні, працяглае ўтрыманьне ў ШЫЗА і карцарах, небясьпечныя ўмовы ўтрыманьня ў цэлым і прымусовую фізычную працу.
На тых, каго адміністрацыі калёніяў адносяць да «палітычных», чыняць асаблівы ціск: іх абмяжоўваюць у правах, прыніжаюць за палітычную пазыцыю і пагражаюць новымі тэрмінамі зьняволеньня.