У дзень 120-годзьдзя «Нашай Нівы», тэхналягічная плятформа Kronika адкрыла сайт праекту BELIMA (Belarusian Independent Media Archive).
Ініцыятыва створаная дзеля захаваньня публікацый беларускіх незалежных выданьняў ад 1990-х гадоў да нашых дзён, якія зьнікаюць праз блякаваньні, закрыцьцё рэдакцый і эміграцыю, паведамляецца на сайце праекту:
«Мы хочам вярнуць тое, што зьнікла, захаваць тое, што знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня, і знайсьці тое, што было страчана».
Праект будзе рэлізоўвацца разам з журналісцкай супольнасьцю. Першымі яго партнэрамі сталі выданьні «Наша Ніва», «Еўрарадыё», Buro Media, KYKY.org і The Village Беларусь. Анлайн-архівы двух апошніх выданьняў цяпер публічна недаступныя.
Сайт праекту працуе на беларускай, расейскай і ангельскай мовах, а паўнавартасны запуск базы заплянаваны на 2027 год.
Плятформу Kronika заснавалі амэрыканскі Bard College і праваабарончая арганізацыя PEN America для абароны журналістыкі ад лічбавага забыцьця. Раней яны запусьцілі аналягічны архіў расейскіх незалежных мэдыя RIMA.
Каб не нашкодзіць героям публікацый і аўтарам, каманда BELIMA падзяліла захаваньне і публікацыю. У архіве будуць дзейнічаць чатыры ўзроўні доступу: публічны, дасьледчы, закрыты і адкрыты ў будучыні.
3 сьнежня а 18:00 CET адбудзецца анлайн-сустрэча «На памяць / By Heart», дзе вядомыя беларусы раскажуць пра зьніклыя публікацыі і вокладкі, якія паўплывалі на іх жыцьцё і гісторыю краіны. Рэгістрацыя ўжо адкрытая на сайце праекту.
Чаму гэта важна
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў і JX Fund, у Беларусі цяпер няма незалежных грамадзка-палітычных мэдыя могуць свабодна працаваць у Беларусі, прапануючы чытачам альтэрнатыву афіцыйнай пазыцыі.
З 2020 году ў Беларусі заблякавалі больш за 100 навіновых сайтаў, больш за 60 мэдыяструктур прызналі «экстрэмісцкімі», а больш за 400 журналістаў вымушана зьехалі з краіны. Разам з рэдакцыямі зьнікаюць і іх шматгадовыя архівы — праз блякаваньні, страту хостынгу, кібэратакі. Папяровыя архівы недаступныя, бо знаходзяцца ў Беларусі.