Паводле былога палітвязьня, прадстаўнікі непажаданых уладам СМІ «аказваюцца альбо ў зьняволеньні, альбо ў выгнаньні»:
«Але мы працягваем сваю працу, таму што верым, што свабоднае слова жыцьцёва важнае і неабходнае для грамадзтва».
Аляксандраў прысьвяціў прэмію «ўсім мужным калегам, якія не здаюцца, нягледзячы на цяжкія ўмовы», — перадае «Позірк».
Вестка пра прысуджэньне яму прэміі, якую ён атрымаў, яшчэ знаходзячыся ў зьняволеньні, стала для ляўрэата «велізарнай эмацыйнай падтрымкай»:
«Пазытыўныя эмоцыі асабліва каштоўныя, калі чалавек [знаходзіцца] ва ўмовах, далёкіх ад нармальнага чалавечага жыцьця».
Паводле Аляксандрава, як журналіст ён прывык абапірацца «перш за ўсё на факты, а не на эмоцыі». Таму, калі даведаўся пра наданьне ўзнагароды, ён спачатку вырашыў, што «атрымлівае яе за журналістыку, хоць апошнія шэсьць гадоў практычна не займаўся журналісцкай працай»:
«Але потым я падумаў: добра, давайце вернемся да фактаў. Што такое журналістыка?»
Яна «заключаецца ў тым, каб зьбіраць і правяраць факты, адрозьніваць іх ад прапаганды і дапамагаць аўдыторыі рабіць тое ж самае». Журналісты, падкрэсьліў сьпікер, «павінны рабіць усё магчымае, каб людзі заставаліся інфармаванымі».
Менавіта гэтым, упэўнены ляўрэат, працягваюць займацца беларускія журналісты ў выгнаньні і тыя, хто знаходзіцца ў зьняволеньні:
«[Яны] працягваюць расказваць людзям пра тое, што адбываецца, і зьбіраць нават невялікія фрагмэнты даступнай інфармацыі, каб складаць зь іх заснаваную на фактах карціну рэальнасьці, якую аўтарытарныя рэжымы так ненавідзяць».
У Беларусі па-ранейшаму знаходзяцца ў зьняволеньні 15 прадстаўнікоў мэдыясэктару, нагадаў Аляксандраў. Ляўрэат «горды і шчасьлівы прыняць узнагароду, у тым ліку ад іх імя».
Асобна выступоўца падзякаваў калегам з інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, якое ў Беларусі ў 2021 годзе было прызнана «экстрэмісцкім фармаваньнем» (частка каманды працуе з-за мяжы як «Позірк»).
Аляксандраў падзякаваў сваім калегам, якіх назваў «саўдзельнікамі», таксама тым, хто адбыў турэмныя тэрміны: Ірыне Леўшынай, Дзьмітрыю Наважылаву і жонцы Ірыне Злобінай.
Адзначыўшы, што жонка прысутнічае на цырымоніі разам зь ім, Аляксандраў нагадаў, што яны абое вызваленыя толькі два тыдні таму і падзякаваў усім, хто выступае ў падтрымку вызваленьня палітвязьняў.
Пра тое, што Аляксандрава абвясьцілі ляўрэатам прэміі Free Media Awards 2026 году, стала вядома 4 верасьня. Яе арганізатары — Фонды Fritt Ord і Zeit Stiftung Bucerius — падкрэсьлілі, што сваёй папярэдняй працай у БелаПАН і Беларускай асацыяцыі журналістаў той «дапамог умацаваць прафэсійныя стандарты журналістыкі, падтрымаць незалежныя СМІ і пабудаваць міжнародныя сеткі журналістаў і праваабаронцаў».
Разам з Аляксандравым уганараваны таксама кіраўнік аддзела журналісцкіх расьсьледаваньняў выданьня «Украінская праўда» Міхаіл Ткач (у пэрсанальнай якасьці), рэдакцыі грузінскага выданьня iFact, армянскага тэлеканала Factor TV і расейскага незалежнага выданьня «Вёрстка».
Беларускія журналісты рэгулярна становяцца ляўрэатамі прэміі. У 2021 годзе ўсе ўзнагароды Free Media Awards былі прысуджаны толькі прадстаўнікам Беларусі ў знак салідарнасьці з разгромленымі незалежнымі СМІ. Тады ляўрэатамі сталі партал Tut.by, БАЖ, Кацярына Барысевіч, Натальля Лубнеўская, Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева.
У 2014 годзе прэмію атрымаў кіраўнік аналітычных праектаў БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.
- Андрэй Аляксандраў быў затрыманы ў Беларусі 12 студзеня 2021 года разам з партнэркай Ірынай Злобінай. Яны потым пабраліся шлюбам за кратамі.
- Аляксандрава пакаралі 14 гадамі пазбаўленьня волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Яго разам з Ірынай вызвалілі пры дапамозе ЗША 16 верасьня 2026 году.
Форум