Пра гэта заявіў 18 верасьня ў Вільні на канфэрэнцыі «Беларускія мэдыя: якасьць, давер, стандарты» старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец, якога цытуе Позірк.
«Літаральна заўчора некалькі нашых сяброў былі вызваленыя. Я вельмі рады гэтаму. Вельмі рады бачыць Андрэя Аляксандрава», — адзначыў сьпікер.
Экс-палітвязень, былы намесьнік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, мэдыяменэджар Андрэй Аляксандраў, вызвалены і вывезены ў Літву 16 верасьня, на форуме падзякаваў усім беларускім журналістам за тое, што яны застаюцца ў прафэсіі, за тое, што «беларуская журналістыка працягваецца».
«Я вельмі хачу ўсім падзякаваць за вялікую падтрымку, якую я адчуваў кожны дзень. Я вельмі ўдзячны ўсім людзям, якія падтрымлівалі маю сям’ю, — сказаў ён. — Я ведаю пра большасьць з вас — пра ўсім маіх сяброў, калег, людзей, зь якімі я працаваў у БАЖ і БелаПАН. І гэта вельмі-вельмі важна, гэта проста прымушала мяне штодня ведаць, што ўсё ў парадку, людзі працуюць, справа працягваецца, можна спакойна зьбіваць паддоны, і галава не мусіць балець за нейкія справы».
«З намі сьвет ня скончыўся, і мы не сканчаемся, бо мы ёсьць адзін у аднаго. Ніякія краты... Краты — гэта проста ўмоўнасьць, гэта проста такія абставіны. Але мы мацней за абставіны, бо мы разам, мы вельмі клясныя і крутыя. Мне вельмі прыемна быць у кампаніі нармальных людзей, прынамсі, з валасамі на галаве», — дадаў Аляксандраў.
- Андрэй Аляксандраў быў затрыманы ў Беларусі 12 студзеня 2021 года разам з партнэркай Ірынай Злобінай. Яны потым пабраліся шлюбам за кратамі.
- Аляксандрава пакаралі 14 гадамі пазбаўленьня волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Яго разам з Ірынай вызвалілі пры дапамозе ЗША 16 верасьня 2026 года.
Што папярэднічала
Прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі расказаў, што з 25 палітычных зьняволеных зь беларускіх турмаў і прымусова вывезеным за мяжу 13 чалавек вырашылі застацца ў Літве, 10 паедуць у Польшчу, а 2 чалавекі з вызваленых вырашылі ехаць у іншую краіну, якой Кучынскі не назваў.
Палітвязьням яшчэ патрэбная псыхалягічная і іншая дапамога.
Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Джон Коўл 16 верасьня паведаміў агенцтву Reuters, што плянуе зноў наведаць краіну прыкладна празь месяц, спадзеючыся дамагчыся вызваленьня яшчэ сотняў зьняволеных.
16 верасьня кіраўніцтва Беларусі пагадзілася вызваліць 25 зьняволеных у абмен на далейшае зьмякчэньне амэрыканскіх санкцый, бо Вашынгтон заклікае Аляксандра Лукашэнку вызваліць праваабаронцаў, грамадзкіх дзеячаў і іншых асоб.
Спэцпрадстаўнік Трампа заявіў, што ўсе палітычныя вязьні ў Беларусі могуць быць вызваленыя да канца году.