Кантакты з афіцыйным Менскам ці падтрымка дэмакратычных сіл. У Львове абмеркавалі дачыненьні Беларусі і Ўкраіны

На Форуме Астроскіх у Львове (Украіна), 19–20 лістапада 2026

19–20 лістапада ў Львове прайшоў V Форум Астроскіх, на якім абмеркавалі беларуска-ўкраінскія дачыненьні, рэгіянальную бясьпеку і пэрспэктывы супрацы паміж дзьвюма краінамі.

Місія дэмакратычных сіл можа атрымаць дыпляматычны статус ва Ўкраіне

Як паведамілі ў Telegram-канале Сьвятланы Ціханоўскай, у дыскусіі «Украіна як хаб Новай Беларусі: пэрспэктывы, магчымасьці, выклікі» ўзяў удзел дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаньнях дыпляматыі Дзяніс Кучынскі і дарадца ў парлямэнцкай супрацы Анатоль Лябедзька.

Сярод асноўных тэм абмеркаваньня былі роля Ўкраіны як аднаго з цэнтраў Новай Беларусі побач з Варшавай і Вільняй, легалізацыя і інтэграцыя беларусаў ва Ўкраіне, магчымасьці для адукацыі і прафэсійнага разьвіцьця, удзел беларусаў у пасьляваенным аднаўленьні Ўкраіны, разьвіцьцё супрацы паміж украінскімі палітыкамі і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Па выніках дыскусіі ўдзельнікі вызначылі прыярытэтныя напрамкі далейшай супольнай працы. «Сярод іх — стварэньне міжведамаснай рабочай групы па інтэграцыі беларусаў ва Ўкраіне і запуск сямі беларуска-ўкраінскіх рабочых груп па розных напрамках супрацоўніцтва, таксама прапануецца прапрацаваць пытаньне дыпляматычнага статусу Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Кіеве», — адзначаецца ў паведамленьні.

У форуме таксама ўзялі ўдзел кіраўніца Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ва Ўкраіне Вольга Зазулінская, амбасадар МЗС Украіны ў спэцыяльных даручэньнях па Беларусі Яраслаў Чарнагор і дэпутаты Вярхоўнай рады Ўкраіны Сяргей Собалеў і Ўладзімір Ар’еў.

Асобную ўвагу накіравалі на парлямэнцкае і заканадаўчае ўзаемадзеяньне, у тым ліку на падрыхтоўку мэмарандуму аб супрацы зь Вярхоўнай радай Украіны, прасоўваньне заканадаўчых ініцыятыў па прававым статусе беларусаў і сумеснай працы над пакетам рэформаў «Пазытыўная альтэрнатыва для Новай Беларусі». Сярод іншых прапаноў — разьвіцьцё міжпартыйных кантактаў і падтрымка Моладзевага Люблінскага трохкутніка як пляцоўкі для рэгіянальнай супрацы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская сустрэлася зь Зяленскім на саміце ў Ірляндыі

Што кажуць экспэрты

На форуме, як вынікае з сайту арганізацыі «Украінская прызма», прадставілі дасьледаваньне «Беларуска-ўкраінскія дачыненьні ва ўмовах дыялёгу паміж Менскам і Вашынгтонам».

У ім адзначаецца, што Ўкраіна спазьняецца з сваёй стратэгіяй датычна Беларусі на тле актывізацыі кантактаў паміж Беларусьсю, ЗША, Польшчай і Літвой.

«Доўгі час Кіеў заставаўся на пэрыфэрыі гэтых працэсаў і займаў пасіўную пазыцыю, пакуль зьмена публічнай рыторыкі датычна рэжыму Лукашэнкі і першая сустрэча прэзыдэнт Зяленскага з Сьвятланай Ціханоўскай не засьведчылі заўважную карэкцыю падыходаў», — адзначаецца ў дакумэнце.

Паводле экспэртаў, матывацыя Менску для пошуку дыялёгу з Вашынгтонам і больш актыўная пазыцыя Польшчы і Літвы ў сукупнасьці азначаюць, што вакол Беларусі фармуецца новая рэгіянальная канфігурацыя, у якой кожны актор намагаецца абараняць уласныя інтарэсы.

«Для Ўкраіны гэта стварае адразу і рызыкі, і магчымасьці: з аднаго боку, рашэньні, што тычацца Беларусі, могуць ухвальвацца без удзелу Кіева, зь іншага, перад Украінай адкрываюцца магчымасьці і насьпявае ўсё большая патрэба ў больш дакладным артыкуляваньні ўласных інтарэсаў», — гаворыцца ў дасьледаваньні.

Экспэрты мяркуюць, што найбольш прадуктыўнай можа быць мадэль «двух трэкаў»:

  • Практычныя кантакты з уладамі Беларусі. Такія кантакты апраўдваюць як бясьпекавыя і гуманітарныя меркаваньні, так і тым, што аднаўленьне эканамічнай супрацы, лягістыкі і гандлю можа стаць магчымым пры адпаведнай канфігурацыі пэўны’ палітычных дамоўленасьцяў або мірных пагадненьняў.
  • Падтрымка беларускай грамадзкасьці і дэмакратычных сіл. Гэты кірунак арыентаваны непасрэдна на беларускую грамадзкасьць, паводле аналёгіі з тым, як выбудоўвае сваю палітыку да Беларусі Эўрапейскі зьвяз, то бок — набор праграм і ініцыятыў падтрымкі дэмакратычных сіл і людзей, ляяльных Украіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Упершыню за 7 гадоў у Беларусь прыбыў генэральны сакратар АБСЭ

«Менавіта разбудова другога трэку зьяўляецца важным элемэнтам сыстэмы бясьпекі Ўкраіны ў дачыненьнях зь Беларусьсю, а разьдзяленьне гэтых двух трэкаў зьяўляецца аптымальнай мадэльлю для Кіева, хоць [...] на тактычным узроўні асобныя рашэньні ў адным непазьбежна паўплываюць і на другі», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

Сярод тэм, па якіх Кіеў можа кантактаваць з афіцыйным Менскам, экспэрты назвалі бясьпеку мяжы (у тым ліку гарантыі невыкарыстаньня беларускай тэрыторыі для запуску дронаў), гуманітарныя пытаньні (абмен палоннымі і вяртаньне грамадзян), палітычныя пытаньні (стрыманьне далейшага паглыбленьня вайсковай супрацы Беларусі з Расеяй).

«На практыцы гэтая лёгіка ўжо часткова працуе: камунікацыя паміж сілавымі структурамі дзьвюх краін працягваецца ня толькі вакол гуманітарных пытаньняў. Ключавой тэмай спачатку было пытаньне наступу з тэрыторыі Беларусі, і калі ўкраінскі бок цягам 2022–2023 гадоў атрымаў пераканаўчыя аргумэнты, [...] гэта дазволіла перакінуць частку войскаў на іншыя ўчасткі фронту», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

Практычная супраца з дэмакратычнымі сіламі і беларускім грамадзтвам павінна ахопліваць скасаваньне бюракратычных перашкодаў для беларусаў ва Ўкраіне (банкаўскія рахункі, легалізацыя, правы беларускіх добраахвотнікаў і іх сем’яў), а таксама абнаўленьне фармату палітычнай камунікацыі — пераход ад адзінкавых публічных заяў да фармаваньня сталых рабочых груп па розных кірунках, якія здольныя напрацоўваць супольныя пляны дзеяньняў, нават, калі яны непублічныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Супрацоўніцу BySol Машу Анімію могуць выслаць з Украіны. Расказваем падрабязнасьці

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаны шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Аднак за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Амбасада Беларусі ва Ўкраіне спыніла сваю дзейнасьць у 2022 годзе.

Першыя абмены палоннымі празь Беларусь адбыліся ў верасьні 2022 году, але сталі рэгулярнымі толькі ў 2024 годзе — пасьля так званай Курскай апэрацыі ўкраінскіх войскаў.

Сёлета ў лістападзе празь Беларусь пры пасярэдніцтве Мэланіі Трамп адбылася першая ад пачатку поўнамаштабнай вайны гуманітарная місія па эвакуацыі жыхароў Алешак Херсонскай вобласьці, якая знаходзіцца пад расейскай акупацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары Алешак вярнуліся ва Ўкраіну празь Беларусь. Рэжым цішыні закончыцца 1 лістапада