У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць, як сказалі арганізатары, больш за 40 дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў.
Форум адкрыў Аляксандар Лукашэнка. Перад форумам ён правёў сустрэчу з генэральным сакратаром АБСЭ Ферыдунам Сінірліоглу, які таксама ўдзельнічае ў канфэрэнцыі.
Паводле БелТА, Ферыдун Сінірліоглу заявіў Лукашэнку, што Беларусь адыгрывае важную ролю з гледзішча абменаў ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, якія адбываюцца апошнім часам:
«Ня толькі ў нашым рэгіёне сёньня ідзе вайна. Але таксама мы задумваемся аб праблеме татальнай вайны і іншых лякальных канфліктаў, якія цяпер адбываюцца. Гэта нясе вельмі вялікую небясьпеку для міру. Мы не павінны зрабіць войны і канфлікты нармальным станам нашага жыцьця».
Вядома, што Турэччына вылучыла Ферыдуна Сінірліоглу на пасаду наступнага генэральнага сакратара ААН. Гэтае адбылося пасьля таго, як працэс адбору зайшоў у тупік: галасаваньне ў Радзе Бясьпекі ААН у пятніцу не прывяло да вызначэньня кандыдата.
Папярэднія генэральныя сакратары АБСЭ наведвалі Менск у 2002, 2010 і 2019 гадах.
Лукашэнка лічыць, што ад вайны ва Ўкраіне ўсе стаміліся і яна хутка скончыцца
У сваёй прамове на IV Менскай міжнароднай канфэрэнцыі ў эўразійскай бясьпецы Лукашэнка шмат гаварыў пра расейскую вайну супраць Украіны.
Сярод іншага ён выказаў крытыку на адрас міжнародных арганізацый, місія якіх —падтрыманьне міру і бясьпекі ў сьвеце.
«Пры ўсёй павазе да гэтай арганізацыі (ААН. — РС)) — шмат гаворыцца, але практычна нічога ня робіцца. У свой час Ліга нацыяў, на зьмену якой прыйшла ААН, распалася з прычыны сваёй няздольнасьці перадухіліць Другую ўсясьветную вайну. Баюся, што ААН падрыхтаваная тая ж роля. Не хацелася б», — сказаў Лукашэнка.
У той жа час ён раскрытыкаваў і рэгіянальныя аб’яднаньні, у тым ліку ШАС і BRICS.
Паводле яго, пры няздольнасьці ААН вырашаць праблемы міру і бясьпекі гэтыя функцыі на эўрапейскім кантынэнце павінна выконваць Арганізацыя бясьпецы і супрацы ў Эўропе, моц якой трэба аднавіць. Аднак, як кажа Лукашэнка, на вайну ў Эўропе гэтая арганізацыя не рэагуе.
«На вайну няма рэсурсаў»
Лукашэнка заявіў, што ад расейска-ўкраінскай вайны ўжо ўсе стаміліся.
«Вайна ва Ўкраіне ў бліжэйшыя месяцы будзе закончаная. Гэта мая асабістая думка. Усё: сілы няма, рэсурсаў няма. Стаміліся ўсе ад вайны. І гэта пачалі разумець нават у Эўропе, ад каго гэтая эскаляцыя пачыналася», — сказаў ён.
Паводле Лукашэнкі, «на крыві» зарабляюць краіны Эўропы і Азіі, а Расея ваюе ва Ўкраіне супраць усяго Захаду.
«Я не паўтараю нейкія наратывы — расейскія ці яшчэ нечыя. Мы гэта добра ведаем. Я добра аб гэтым інфармаваны, аж да тых галасоў, якія ў акопах раздаюцца з боку некаторых заходніх дзяржаў. На жаль, ня толькі заходніх. Там і з Азіі, і з Афрыкі ёсьць людзі — грошы зарабляюць на крыві», — сказаў ён.
Але ён не згадаў, што расейскае ваеннае ўварваньне адбылося таксама і зь беларускай тэрыторыі і яшчэ цягам паўгоду пасьля гэтага расейскія вайскоўцы абстрэльвалі Ўкраіну зь Беларусі, а цяпер амаль усе прадпрыемствы абароны і электронікі выконваюць заказы ваенна-прамысловага комплексу Расеі.
Лукашэнка заявіў, што перамовы аб заканчэньні вайны павінны адбывацца з удзелам Беларусі, бо вайна адбываецца на яе межах. І калі б не эўрапейцы, вайна, паводле яго, закончылася б цягам некалькіх тыдняў у 2022 годзе. Ён запрасіў усіх патэнцыйных перамоўнікаў прыехаць у Менск.
«Будзем дамаўляцца, таму што мы ўцягнутыя ў гэты ўкраінскі канфлікт, нашыя інтарэсы ў гэтых мірных перамовах вельмі сур’ёзныя. Прыходзьце, будзе м размаўляць. Без усялякага пасярэдніцтва. Я не хачу выконваць гэтую ролю пасярэдніка. Тым больш, што нашыя інтарэсы сурʼёзныя», — заявіў ён.
Паводле яго, Эўропа ня будзе ўдзельнічаць у аднаўленьні Ўкраіны пасьля вайны, а гэта будуць рабіць Расея і Беларусь.
«Ніякі Захад Украіну аднаўляць не будзе. Украінцы павінны разумець, што мы, расейцы і яны вымушаны будзем аднавіць Украіну і зрабіць усё, каб народы пра гэта забыліся», — заявіў ён.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія дзяржавы, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Цягам усяго часу ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.
Форум