Візы, санкцыі, грошы: як Эўразьвяз плянуе падоўжыць забароны для беларускіх і расейскіх спартоўцаў

Фінляндыя перамагае Швайцарыю ў фінале сёлетняга хакейнага чэмпіянату сьвету

Эўразьвяз рыхтуе новыя захады, якія не дазволяць расейскім і беларускім спартоўцам выступаць пад нацыянальнымі сьцягамі і са сваёй сымболікай на спаборніцтвах у краінах-чальцах ЭЗ. У бліжэйшыя месяцы там пройдуць міжнародныя турніры.

Міжнародныя спартовыя арганізацыі паступова зьмякчаюць забароны, уведзеныя ў 2022 годзе праз поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

Спартовы каляндар надаў абмеркаваньню ў Брусэлі большай тэрміновасьці: у бліжэйшыя месяцы краіны ЭЗ прымуць некалькі міжнародных спаборніцтваў. Шэсьць эўрапейскіх краін нават пагражаюць байкатаваць чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Нямеччыне ў наступным годзе, калі там будзе гуляць Расея.

«Мы супраць вяртаньня расейскіх нацыянальных зборных на міжнародныя хакейныя турніры», — заявіў раней у гэтым месяцы кіраўнік Нямецкай хакейнай фэдэрацыі Франк Люц.

Як да гэтага дайшло?

Сёлета адбылося некалькі важных падзеяў, якія могуць рэабілітаваць спартоўцаў з Расеі і Беларусі.

Першая — летняе рашэньне Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) часова скасаваць адхіленьне Алімпійскага камітэту Расеі (АКР). Гэта можа дазволіць спартоўцам прадстаўляць Расею на летняй Алімпіядзе-2028 у Лос-Анджэлесе, а не выступаць у якасьці нэўтральных атлетаў.

Такое самае рашэньне вясной прынялі і для спартоўцаў зь Беларусі, якую таксама ўключылі ў забароны, бо ў 2022 годзе яна стала пляцдармам для расейскіх танкаў.

Пасьля гэтага некаторыя спартовыя фэдэрацыі зноў дапусьцілі спартоўцаў з абедзьвюх краін да спаборніцтваў пад нацыянальнымі колерамі і з гімнамі. Тым самым яны прымусілі частку эўрапейскіх і іншых заходніх краін браць ініцыятыву ў свае рукі, асабліва калі спаборніцтвы праходзяць на іхняй тэрыторыі.

Толькі за апошнія тыдні Фінляндыя абвясьціла, што абмяжуе выдачу кароткатэрміновых працоўных візаў расейскім спартоўцам і спартовым спэцыялістам. Швэцыя актыўна вывучае магчымасьць не пусьціць расейскіх спартоўцаў у горад Фалюн на чэмпіянат сьвету ў лыжных відах спорту ў лютым, а Эстонія ўжо вырашыла зрабіць тое самае зь юніёрскім чэмпіянатам, які адбудзецца ў гэтай балтыйскай краіне ў студзені.

Чэхія таксама забараніла расейскім спартоўцам уезд і ўдзел у студзеньскім чэмпіянаце сьвету ў хакеі сярод дзяўчат да 18 гадоў.

«Ёсьць урадавыя дырэктывы, урадавыя заявы, якія дэ-факта забараняюць выдаваць візы, каб расейскія спартоўцы змаглі ўдзельнічаць у чэмпіянаце», — сказаў 18 лістапада міністар унутраных справаў Чэхіі Любамір Мэтнар.

Пакуль незразумела, што будзе з мужчынскім хакейным турнірам нацыянальных зборных, які Нямеччына прыме ў траўні наступнага году, бо некалькі ключавых эўрапейскіх краін заявілі, што адмаўляюцца гуляць з расейскай камандай.

Галоўны спонсар, чэская аўтамабільная кампанія Škoda (належыць нямецкаму Volkswagen), пагражае спыніць фінансаваньне, калі Расея будзе ўдзельнічаць.

Праблема ў тым, што ўсё гэта робіцца на нацыянальным узроўні і асобна ў кожным выпадку. Таму некалькі краін ЭЗ папрасілі Брусэль выпрацаваць больш узгоднены адказ для ўсяго Зьвязу.

Гэта лічаць неабходным, бо некаторыя краіны рызыкуюць у будучыні страціць права праводзіць розныя спартовыя турніры. Больш трывалая прававая аснова, якую распрацуе Брусэль, дапамагла б шматлікім краінам, што імкнуцца не дапусьціць поўнай рэабілітацыі расейскіх спартоўцаў і каманд.

Цяпер гэты адказ афармляецца ў трох кірунках: візавыя правілы, санкцыі і фінансаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля Канады, Швэцыі і Эстоніі заканадаўча забараніць уезд расейскіх спартоўцаў хочуць улады Чэхіі

Візы

Што да візаў, важна адзначыць, што гэта ў асноўным кампэтэнцыя кожнай сталіцы ЭЗ. Брусэль выдаў агульныя для ўсяго Зьвязу візавыя рэкамэндацыі адносна расейскіх грамадзянаў, але ў іх пакуль няма фармулёвак, якія б наўпрост тычыліся спартоўцаў.

Сытуацыя можа зьмяніцца ў бліжэйшыя тыдні, бо Эўрапейская камісія пераглядае свае рэкамэндацыі. Але гэта толькі рэкамэндацыі, яны не абавязковыя.

Пакуль што краіны Балтыі і Паўночнай Эўропы адмаўляюць ва ўезьдзе паводле правілаў, згодна зь якімі візы можна выдаваць толькі для неабходных паездак асобным катэгорыям расейскіх грамадзянаў: прадстаўнікам апазыцыі, людзям, якім патрэбная абарона, а таксама тым, хто вымагае мэдычнай дапамогі і лячэньня. Спартоўцы наўрад ці падыходзяць пад гэтыя катэгорыі.

Іншы прававы шлях — Візавы кодэкс ЭЗ. Паводле яго, у візе трэба адмовіць і не пусьціць у краіну, калі заяўніка лічаць «пагрозай міжнародным адносінам любой з краін-сяброў».

Візавы кодэкс ЭЗ абавязковы для ўсіх краін Зьвязу, і ў пачатку наступнага году плянуецца прапанова яго абнавіць. Аднак для зьмены патрэбная кваліфікаваная большасьць краін-сяброў, і гэтае абмеркаваньне ня пройдзе нагэтулькі хутка, каб паўплываць на спартовыя падзеі блізкай зімы.

Таксама незразумела, ці будзе кодэкс абноўлены так, каб наўпрост забараняць спартоўцам прадстаўляць краіну, якая вядзе агрэсіўную вайну, ці ён застанецца больш агульным, а значыць, адкрытым для рознага прававога тлумачэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад Канады заявіў, што ня пусьціць расейскіх хакеістаў на моладзевае першынство сьвету нават зь візамі

Санкцыі

Таксама ёсьць і санкцыі. Магчымасьць забараніць расейскім і беларускім спартоўцам уезд і замарозіць іхныя актывы існуе. Але правілы патрабуюць доказаў, што іхныя дзеяньні якім-небудзь чынам спрыялі «падрыву тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны» або што яны былі ўцягнутыя ў дэстабілізацыю ЭЗ праз гібрыдныя пагрозы.

Падабраць такія доказы можа быць складана, а ў брусэльскіх калідорах няма жаданьня карыць спартоўцаў, бо галоўная ўвага накіраваная на палітыкаў і іншых асобаў, якія прымаюць рашэньні.

ЭЗ разглядае варыянт увесьці сэктаральныя санкцыі супраць расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якія выступаюць пад нацыянальнай сымболікай

ЭЗ разглядае варыянт, які могуць уключыць у новы пакет санкцый, што ў бліжэйшыя дні пойдзе на разгляд краінам-сябрам: увесьці сэктаральныя санкцыі супраць расейскіх і беларускіх спартоўцаў, якія выступаюць пад нацыянальнай сымболікай, а ня толькі асабістыя чорныя сьпісы.

Гэта азначала б своеасаблівую поўную забарону, падобную да той, якую Зьвяз ужо ўвёў на іншыя расейскія віды дзейнасьці, напрыклад транспартныя паслугі, інжынэрыю ці нават доступ да расейскіх мэдыя.

Праблема тут у аднагалосным рашэньні. Ці сапраўды ўсе 27 краін-сябраў ЭЗ у найбліжэйшы час дамовяцца пра такі крок?

Грошы

Нарэшце, фінансаваньне, у прыватнасьці праз Erasmus+ Sport — праграму ЭЗ, якая фінансуе эўрапейскія спартовыя арганізацыі і фэдэрацыі, часта на нізавым узроўні. Пры гадавым бюджэце прыкладна 80 млн эўра ($88 млн) яна звычайна выдзяляе гранты да 1,5 млн эўра. Гэта можа падацца невялікай сумай, але для менш папулярных відаў спорту, клюбаў і муніцыпалітэтаў, якія будуюць або ўтрымліваюць спартовыя аб’екты, такая падтрымка можа быць вырашальнай.

Эўрапейская камісія нядаўна абнавіла правілы Erasmus+.

Цяпер у тэксьце сказана, што міжнародныя спартовыя кіроўныя органы, якія «дазваляюць расейскім спартоўцам выступаць на спартовых спаборніцтвах у поўным нацыянальным прадстаўніцтве, уключна з выкарыстаньнем нацыянальнага сьцяга, гімна і іншай сымболікі», а таксама арганізацыі, што праводзяць такія спаборніцтвы, калі гэта адбываецца, больш ня маюць права на гэтае фінансаваньне.

Паводле дакумэнту, гэта зроблена, «каб праз спорт не надаваць легітымнасьці і рэпутацыйнай выгады Расеі, якая адказвае за агрэсіўную вайну супраць Украіны, і каб не была пастаўленая пад сумнеў мэта праграмы — спрыяць добрасумленнасьці і каштоўнасьцям у спорце».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

IIHF адмовіўся вярнуць нацыянальную і моладзевую зборныя Беларусі на чэмпіянат сьвету ў хакеі