Расейскім спартоўцам ня будзе дазволены ўезд на тэрыторыю Чэхіі, заявіў міністар унутраных спраў гэтай краіны Любамір Мэтнар пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Хакейнай асацыяцыі адносна ўдзелу расейскіх хакеістаў і жаночых камандаў у першынстве сьвету.
«Ёсьць урадавыя пастановы, урадавыя рашэньні, якія дэ-факта забараняюць выдачу візаў расейскім спартоўцам для ўдзелу ў нашым першынстве», — сказаў Мэтнар пасьля перамоваў з Чэскай хакейнай асацыяцыяй. Ягоныя словы прыводзіць тэлеканал CT24.
Мэтнар мяркуе, што ў краіну не прыедуць і тыя расейскія спартоўцы, яія маюць візы іншай краіны Шэнгенскай зоны.
«Адказны міністар замежных спраў Пётр Мацінка ўжо сказаў сваім партнэрам пра нявыдачу гэтых візаў, і калі гэта адбудзецца, Міністэрства ўнутраных спраў мае юрыдычныя інструмэнты для вырашэньня гэтай сытуацыі», — сказаў Мэтнар.
Ён дадаў, што перамовы будуць працягвацца, і міністар спорту Барыс Шцясны таксама возьме ў іх удзел па вяртаньні з Ізраілю.
Генэральны сакратар Чэскай хакейнай асацыяцыі Ян Чэрны пацьвердзіў дамоўленасьць паміж асацыяцыяй і міністрам унутраных спраў.
«Для нас вельмі важна, каб мы маглі зарганізаваць першынство тут і каб яно было бясьпечным», — сказаў Чэрны.
Юніёрскі хакейны чэмпіянат сярод жанчын да 18 гадоў пройдзе ў студзені ў Остраве. Асацыяцыя паведаміць Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) аб адмове ўраду Чэхіі выдаць візы расейскім спартоўцам, дадаў Чэрны.
Што папярэднічала
У міністэрстве культуры Эстоніі, якое займаецца пытаньнямі спорту, афіцыйна заявілі, што эстонскі ўрад лічыць немагчымым правядзеньне ў Эстоніі спаборніцтваў з удзелам спартоўцаў з Расеі і Беларусі, піша ERR.
Раней стала вядома, што Швэцыя вывучае магчымасьць адмовіць у візах расейскім і беларускім атлетам, якія жадаюць удзельнічаць у міжнародных спартыўных мерапрыемствах на яе тэрыторыі. Пра гэта заявіў агенцтву Reuters міністар міграцыі краіны. Такія захады могуць патэнцыйна заблякаваць удзел спартоўцаў, якіх раней дапусьцілі да спаборніцтваў міжнародныя фэдэрацыі.
Швэдская лыжная асацыяцыя заявіла, што з моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну яна прытрымліваецца той жа пазыцыі: спартсмэны з Расеі і Беларусі павінны заставацца выключанымі з міжнародных спаборніцтваў, пакуль працягваецца вайна.
У канцы кастрычніка Спартыўны арбітражны суд абавязаў Міжнародную фэдэрацыю хакея дапусьціць расейскія зборныя да спаборніцтваў у сэзоне 2026/27. У адказ на гэта прэм’ер-міністар Канады Марк Кэрні паабяцаў, што краіна ня пусьціць расейскіх хакеістаў на моладзевы чэмпіянат сьвету, які пройдзе ў Эдмантане і Рэд-Дыры.
Форум