Міжнародная фэдэрацыя хакею з шайбай (IIHF) заявіла, што па-ранейшаму ня згодная з рашэньнем Спартовага арбітражнага суду (CAS) аб вяртаньні ў спаборніцтвы расейскіх камандаў, у тым ліку нацыянальнай зборнай гэтай краіны. IIHF папярэдзіла пра «значныя практычныя і спартовыя цяжкасьці», зьвязаныя з такой судовай пастановай, піша Reuters.
Заява прагучала пасьля таго, як Нарвэгія, Данія, Швэцыя і Чэхія паведамілі, што іх нацыянальныя зборныя адмовяцца гуляць з Расеяй на мужчынскім першынстве сьвету ў Нямеччыне налета. Да байкоту расейцаў далучыліся Латвія, Фінляндыя і Аўстрыя.
На мінулым тыдні CAS пастанавіў скасаваць рашэньне IIHF аб адхіленьні Расеі ад міжнародных спаборніцтваў, прынятае пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ўва Ўкраіну ў 2022 годзе.
«Мы апавясьцілі суд, што неадкладнае вяртаньне расейскіх камандаў стварае значныя практычныя і спартовыя цяжкасьці, у тым ліку зьвязаныя зь візавымі патрабаваньнямі і ўездам у краіну, запэўненьнем бясьпекі, лягістычнымі абмежаваньнямі, а таксама наступствамі для фарматаў правядзеньня спаборніцтваў», — адзначылі ў IIHF.
Яшчэ больш разаграе скандал іншая акалічнасьць. Вярнуць расейскую зборную зьбіраюцца ў найвышэйшы дывізіён першынства сьвету, у якім яна і гуляла да дыскваліфікацыі. А гэта значыць, што для расейцаў трэба расчысьціць месца. І «лішняй» у такім выпадку становіцца акурат зборная Ўкраіны, якая толькі сёлета пасьля доўгага перапынку вярнулася ў лігу наймацнейшых камандаў, прабіўшыся з дывізіёну «В».
Рашэньне CAS выклікала вялікі розгалас. Акрамя абвешчанага сямю зборнымі байкоту магчымых гульняў супраць Расеі, фінскі горад Турку прыгразіў адмовіцца ад правядзеньня моладзевага першынства сьвету 2028 году.
Голас Канады
Прэм’ер-міністар Канады Марк Карні заявіў, што Расея і Беларусь ня будуць дапушчаныя да плянаванага моладзевага першынства сьвету ў Альбэрце.
«Пакуль Расея і Беларусь падтрымліваюць гэтую незаконную, неапраўданую і жахлівую вайну ўва Ўкраіне — пакуль гэта працягваецца, — ніводны спартовец з гэтых краін ня будзе выступаць у Канадзе», — заявіў Карні.
Пазыцыя Канады датычыць актуальных падзеяў, бо моладзевы турнір стартуе ўжо ў сьнежні 2026 году. А значыць, міжнародныя арганізацыі мусяць вызначацца ўжо цяпер.
У IIHF у адказ на заявы розных бакоў паведамілі, што працягваюць весьці дыялёг з нацыянальнымі асацыяцыямі, уладамі краін-гаспадароў і арганізатарамі спаборніцтваў, каб вызначыць аптымальны шлях.
Рэакцыя з Масквы
Масква скрытыкавала заяву канадыйскага боку: пасол Расеі ў Канадзе Алег Сьцяпанаў заявіў інфармацыйнаму агенцтву ТАСС, што Канада «ўцягвае палітыку нават у юніёрскі хакей».
Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што Карні пагарджае правіламі міжнароднага спорту і пазбаўляе канадыйцаў магчымасьці падтрымаць шматгадовую традыцыю хакейных паядынкаў паміж дзьвюма краінамі. На ейную думку, урад Канады адмовай прыняць дзьве зборныя на турнір «прынясе шкоду хакею ўва ўсім сьвеце».
Пра пастаянныя абстрэлы цывільных аб’ектаў Украіны, у тым ліку спартовых пляцовак, зьвязаных і з хакеем, у Маскве нічога не сказалі.
Што папярэднічала
Пастанова Спартовага арбітражнага суду 30 кастрычніка паставіла арганізатараў першынства сьвету ў хакеі з шайбай у цяжкое становішча. Хакейны зьвяз Нямеччыны, які ў траўні 2027 году мае правесьці усясьветнае першынство, пасьля адмоваў сямі зборных сустракацца з расейцамі заявіў, што гэта карэнным чынам зьмяняе ўмовы арганізацыі чэмпіянату.
«Дапушчэньне Расеі да ўдзелу будзе мець сур’ёзныя наступствы для нас як краіны-гаспадыні з гледзішча бясьпекі, а таксама палітычна і эканамічна», — сказаў кіраўнік арганізацыі Франк Люц.
Пазьней Люц дадаў, што пазыцыя Нямеччыны застаецца нязьменнай, яна і надалей супраць вяртаньня расейскай зборнай на міжнародную арэну.
Але заявы фэдэрацыяў розных краін — гэта яшчэ ня ўсе цяжкасьці, зь якімі можа сутыкнуцца міжнародны хакей у выпадку допуску Расеі. Адразу тры сталыя фундатары пяршынстваў сьвету, якія працуюць на турніры не адно дзесяцігодзьдзе — швэдзкі AJ Products, нямецкі Strauss, чэская Škoda Auto — выпусьцілі паведамленьні, у якіх пагражаюць адмовіцца падтрымліваць турнір, калі на яго прыедзе зборная Расеі.
Думка міжнародных кампаніяў у гэтым пытаньні вельмі істотная і ўжо мае гістарычныя прэцэдэнты. Напрыклад, адмова Nivea быць партнэрам першынства сьвету з палітычных прычынаў прывяла да таго, што ад Беларусі ў 2021-м забралі права прыняць турнір у сябе. У выніку ўсё першынство адбылося толькі ў Латвіі, якая перш мелася прымаць турнір разам зь беларусамі.
Форум