Урад Канады заявіў, што ня пусьціць расейскіх хакеістаў на моладзевае першынство сьвету нават зь візамі

 Старшыня ўраду Канады Марк Карні
Старшыня ўраду Канады Марк Карні

Улады краіны пайшлі на рашучыя крокі пасьля свайго ранейшага папярэджаньня пракантраляваць і разабрацца ў пытаньні вяртаньня Расеі на міжнародную арэну. Пытаньне беларусаў не да канца яснае.

Ужо 26 сьнежня ў канадыйскіх гарадах Рэд Дыр і Эдмантан пачнецца першынство сьвету сярод моладзі (да 20 гадоў) у хакеі з шайбай. Увагу да турніру паказваюць ня толькі спартовыя аглядальнікі, але й недатычныя да спорту людзі з розных краін. Прычына — магчымае вяртаньне Расеі на міжнародную арэну, якое дазволіў Спартовы арбітражны суд у Лязане (CAS), але супраць якога выступаюць міжнародная фэдэрацыя (IIHF) і ўрад Канады.

Як паведамляе TSN, 11 лістапада ўрад Канады праінфармаваў арганізацыю Hockey Canada і IIHF, што ня будзе выдаваць візаў расейцам для ўдзелу ў спаборніцтвах.

Больш за тое, нават тыя расейцы, якія ўжо маюць дзейныя візы і якія выступаюць за клюбныя каманды ў Канадзе, таксама ня змогуць узяць удзелу ў турніры — нават у статусе нэўтральных спартоўцаў.

9 лістапада дзяржаўны сакратар Канады ў пытаньнях спорту Адам Ван Кувэрдэн растлумачыў, што статус «нэўтральнага атлета», які прымяняўся да расейцаў на іншых спаборніцтвах, тычыцца толькі асобных спартоўцаў, але не камандаў.

Камэнтары Ван Кувэрдэна прагучалі пасьля таго, як у нядзелю Фэдэрацыя хакею Нарвэгіі паведаміла, што паводле інфармацыі ад IIHF, Расею ўключаць у склад удзельнікаў першынства сьвету коштам самой Нарвэгіі, моладзь якой год таму на пляцоўцы здабыла права выхаду ў галоўную лігу турніру.

«Становішча вакол Нарвэгіі разьвіваецца вельмі дынамічна, — адзначыў Ван Кувэрдэн. — Я правёў перамовы зь міністрамі спорту Фінляндыі, Швэцыі, Нарвэгіі і Нямеччыны. На гэтым тыдні спадзяюся сустрэцца зь міністрам спорту Чэхіі і іншымі прадстаўнікамі, каб абмеркаваць гэтую сытуацыю, якая імкліва зьмяняецца».

Спартовы чыноўнік дадаў, што кіраўнік кабінэту міністраў Канады выказаў сваю пазыцыю выразна.

«Прэм’ер-міністар выразна даў зразумець: спорт не павінен выкарыстоўвацца для прапаганды на тэрыторыі Канады. Што тычыцца магчымых саступак ці выняткаў — пазыцыя прэм’ер-міністра была цалкам адназначнай».

Ён адзначыў, што ранейшая пазыцыя IIHF супадала з пазыцыяй Канады, і ўрад хоча надалей рабіць усё магчымае, каб у краіне можна было ўбачыць выдатны хакей — як канадыйскі, так і міжнародны.

Што гэта значыць

Пра беларусаў ува ўрадзе Канады пакуль нічога дадаткова не гаварылі, але, падобна, для іх вынятку рабіць ня будуць. Раней старшыня ўраду Марк Карні выказаўся супраць удзелу і беларусаў.

«Пакуль Расея і Беларусь падтрымліваюць гэтую незаконную, неапраўданую і жахлівую вайну ўва Ўкраіне — пакуль гэта працягваецца, — ніводны спартовец з гэтых краін ня будзе выступаць у Канадзе», — заявіў Карні.

Спрэчка CAS і IIHF

Фэдэрацыя хакею Беларусі (ФХРБ) вырашыла дамаўляцца непасрэдна з IIHF, у той час як расейская фэдэрацыя падала ў заяву ў арбітражны суд. Пры іншых умовах наўрад ці пытаньне вяртаньня расейцаў на міжнародную арэну разглядалася бы зь перавагай.

Пераможная для іх судовая справа ў Спартовым арбітражным судзе паставіла ў вельмі нязручнае становішча як міжнародную фэдэрацыю, так і арганізатараў розных турніраў, у тым ліку моладзевага першынства сьвету ў Канадзе, а таксама першынства сьвету сярод нацыянальных зборных, якое адбудзецца ў траўні 2027 году ў Нямеччыне. На гэты момант ужо сем нацыянальных фэдэрацый — амаль палова ўдзельнікаў найвышэйшай лігі ўсясьветнага першынства — заявілі пра байкот гульняў з расейцамі.

Але заявы фэдэрацыяў розных краін — яшчэ ня ўсе цяжкасьці, зь якімі можа сутыкнуцца міжнародны хакей у выпадку допуску Расеі. Адразу тры сталыя фундатары пяршынстваў сьвету, якія працуюць на турніры не адно дзесяцігодзьдзе — швэдзкі AJ Products, нямецкі Strauss, чэская Škoda Auto — выпусьцілі паведамленьні, у якіх пагражаюць адмовіцца падтрымліваць турнір, калі на яго прыедзе зборная Расеі.

Сваё слова сказалі й арганізатары турніру немцы. Там заявілі, што на гэты момант ня бачаць магчымасьці зарганізаваць турнір, калі на яго прыедзе зборная Расеі.

​
XS
SM
MD
LG