У Расеі разьбіўся вайсковы самалёт Ан-12, людзі на борце загінулі

Вайскова-транспартны самалёт Ан-12, ілюстрацыйнае фота

Паводле Baza, самалёт загарэўся ў палёце.

Губэрнатар Кузбасу Ільля Серадзюк паведаміў, што ў раёне вёскі Ягунава пад Кемерава «адбылося авіяцыйнае здарэньне».

Блізкія да сілавікоў тэлеграм-каналы «112» і Baza пішуць, што разьбіўся вайсковы самалёт Ан-12, загінулі 17 чалавек. Пра гэта ж паведамляе фэдэральны тэлеканал РЕН ТВ. Паводле Baza, самалёт загарэўся падчас палёту, пасьля чаго разьбіўся.

Паводле інфармацыі Shot, самалёт ляцеў з Новасібірску ў Канск і ўпаў у полі. Абломкі раскідала ў радыюсе 500 мэтраў.

Пра тое, што самалёт ляцеў транзытам, паведаміў і губэрнатар Кузбасу.

«Осторожно, новости» піша, што ў мясцовых чатах жыхары таксама абмяркоўваюць магчымае падзеньне самалёта.

Аляксандар Лукашэнка выказаў Уладзіміру Пуціну спачуваньне ў сувязі з авіякатастрофай.

Гэта ня першае крушэньне вайсковых самалётаў у расейскіх рэгіёнах за нядаўні час

21 кастрычніка разьбіліся за адзін два зьнішчальнікі Су-30 — у Падмаскоўі і Калінінградзкай вобласьці.

29 верасьня ў Амурскай вобласьці разьбіўся бамбавік-ракетаносец Ту-95.

23 ліпеня пад Масквой разьбіўся зьнішчальнік Су-57.

7 верасьня паводле расейскіх тэлеграм-каналаў у Курскай вобласьці сутыкнуліся два зьнішчальнікі Су-35С. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

15 чэрвеня ў Іркуцкай вобласьці разьбіўся ракетаносец-бамбавік Ту-22М3.

3 красавіка ў Крыме разьбіўся Су-30.

31 сакавіка ў Крыме разьбіўся Ан-26, загінулі 29 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі разьбіўся бамбавік-ракетаносец Ту-95