Украіна атакавала Крымскі мост, нафтабазу ў Растоўскай вобласьці Расеі, у порце Усьць-Луга зьнішчылі 5 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі

Расейскі порт Усьць-Луга на Балтыйскім моры пасьля ўкраінскага ўдару 11 лістапада 2026 году. Спадарожнікавае фота 15 лістапада

Улады Растоўскай вобласьці заявілі аб пацэльваньні ўкраінскіх сілаў адразу ў чатыры вытворчыя аб’екты.

«Усяго ў Азове адбыліся ўзгараньні на чатырох вытворчых аб’ектах. Надзвычайныя службы працуюць на месцах здарэньняў», — паведаміў губэрнатар Юрый Сьлюсар.

Паводле яго, пацярпелі тры цывільныя жыхары.

Украінскія маніторынгавыя каналы з спасылкай на мясцовых жыхароў адзначылі, што ўкраінскія дроны пацэлілі ў газаразьмеркавальную станцыю і нафтабазу ў горадзе Азоў Растоўскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Reuters: удары Ўкраіны вывелі з ладу каля 30% магутнасьцяў НПЗ у Расеі

На Крымскім мосьце спынілі рух

Кіраўнік расейскай адміністрацыі ў Крыме Сяргей Аксёнаў заявіў аб нанясеньні ўкраінскімі сіламі ўдару па Крымскім мосьце.

«У сувязі з гэтым рух транспарту будзе абмежаваны прыблізна да сярэдзіны дня», — паведаміў ён у сваім Telegram-канале.

Іншых падрабязнасьцяў Сяргей Аксёнаў не падаў.

Апошнія спробы Ўкраіны атакаваць Крымскі мост былі ў 2022 і 2023 гадах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рух па Крымскім мосьце спынілі. Мінабароны РФ заявіла пра спробу Ўкраіны ўдарыць па ім ракетай

У порце Ўсьць-Луга зьнішчаныя 5 рэзэрвуараў

Расейская служба Радыё Свабода апублікавала спадарожнікавы здымак балтыйскага экспартнага вузла пасьля ўкраінскай атакі 11 лістапада. Праз гэты порт Беларусь экспартуе свае нафтапрадукты.

Як вынікае з фота, у порце Усьць-Луга згарэлі сама меней 5 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі, а побач зь іншымі можна пабачыць пену для тушэньня пажару.

Пасьля ўкраінскай атакі на порт 11 лістапада расейскія Telegram-каналы пісалі, што пры зьбіцьці дронаў пацярпелі крушэньне тры расейскія вайсковыя гелікоптэры. Аднак Міністэрства абароны Расеі гэтую інфармацыю не камэнтавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскі дрон улучыў у порт Усьць-Луга, які Беларусь выкарыстоўвае для экспарту ўгнаеньняў і нафтапрадуктаў

Чаму гэта важна

Пасьля накладаньня санкцыяў на Беларусь Усьць-Луга стала асноўным портам для беларускага экспарту нафтапрадуктаў і мінэральных угнаеньняў. 19 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб транспартаваньні нафтапрадуктаў праз гэты порт адразу на тры гады. Беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць 20 расейскіх партоў для паставак сваёй прадукцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як украінскія дроны падарвалі расейскую нафтавую галіну