На выезьдзе зь Менску маршрутка сутыкнулася зь легкавіком. 1 чалавек загінуў, 15 атрымалі траўмы

14 лістапада каля 16:40 мікрааўтобус, які ехаў зь Менску ў Магілёў, сутыкнуўся з спадарожным легкавіком Nissan.

73-гадовы кіроўца легкавіка загінуў. Ягоны пасажыр і 14 чалавек з маршруткі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці, паведаміў Сьледчы камітэт.

Аварыя здарылася на выезьдзе зь Менску, адразу за паваротам на Стайкі.

Гэта другое ДТЗ з удзелам рэйсавай маршруткі за два дні і другая сьмяротная аварыя за дзень.

А 15-й гадзіне 13 лістапада ў Жыткавіцкім раёне грузавік выехаў на сустрэчную паласу і сутыкнуўся з маршруткай, што ехала зь Менску ў Петрыкаў. 10 чалавек трапілі ў шпіталь. Паводле міліцыі, прычынай стала парушэньне рэжыму працы і адпачынку кіроўцам грузавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

10 чалавек шпіталізаваныя пасьля аварыі з маршруткай у Жыткавіцкім раёне

Раніцай 14 лістапада за 5 км ад Старых Дарог на трасе Р-43 21-гадовы кіроўца мікрааўтобуса, паводле папярэдняй інфармацыі міліцыі, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з сустрэчным грузавіком пад кіраваньнем 54-гадовага мужчыны. Абодва кіроўцы, а таксама 19-гадовая пасажырка мікрааўтобуса загінулі, паведаміла МУС.

Маршруткі — распаўсюджаны, а часам і безальтэрнатыўны аўтамабільны грамадзкі транспарт паміж гарадамі ў Беларусі. Нярэдка яны трапляюць у дарожна-транспартныя здарэньні, у выніку якіх цярпяць пасажыры. Летась у ДТЗ з грамадзкім транспартам загінулі 29 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тры чалавекі загінулі ў аварыі каля Старых Дарог