12 лістапада ў беларускай краме «Вырай» у Варшаве адбыўся канцэрт Алеся Чумакова і Тацяны Ячнай «Вольныя песьні, вольныя гусьлі». Гэта быў першы поўны выступ музыкі пасьля вызваленьня зь беларускай турмы 16 верасьня 2026 году.
У праграме — беларускія гімны, песьні пра свабоду, вядомыя рок-кампазыцыі ў беларускіх перакладах. Але для самога Алеся гэты канцэрт меў асаблівае значэньне.
«Я цэлы год ня граў канцэртаў. Я шчасьлівы неверагодна!» — прызнаўся ён у размове са Свабодай адразу пасьля выступу.
«Я ў гэтых снах проста жыў»
Алесь расказвае, што падчас зьняволеньня яму пастаянна сьніліся канцэрты. Прычым ня проста асобныя моманты выступаў, а цэлыя сцэнічныя гісторыі, якія маглі працягвацца ўсю ноч.
«Мне сьніліся гэтыя канцэрты. Ведаеце, у турме ліхтар сьвеціць у вочы, сну ніякага няма, бо гэта яркае белае сьвятло гарызантальна ідзе ўздоўж пакоя», — кажа Алесь.
Музыка апісвае, як ад адбою да пад’ёму ў ягонай сьвядомасьці бясконца зьмяняліся сны:
«І ў гэтых снах нон-стопам маглі ісьці канцэрты, быццам я стаяў на сцэне, сьпяваў, адыгрываў песьню за песьняй, размаўляў зь гледачамі… Я ў гэтых снах там проста жыў. Сьніліся канцэрты са „Старым Ольсам“, з Тацянай, калядныя туры. Сьнілася, як я размотваю кабэлі, настройваю мікрафоны, настройваю гусьлі».
Таму выступ у Варшаве стаў для музыкі асабліва эмацыйным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вялікі гаманец і торба для кніжак. Спыталі ў арганізатараў фэстывалю «Прадмова», навошта ён патрэбныЗатрыманьне перарвала заплянаваныя гастролі
Алесь Чумакоў — беларускі гусьляр, мультыінструмэнталіст, удзельнік гурта сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса». Шмат гадоў ён таксама выступае ў дуэце са сьпявачкай Тацянай Ячнай.
28 лістапада 2025 году музыку затрымалі ў Беларусі. Яго абвінавацілі паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу — ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаваньні». У справе фігураваў альбом беларускіх народных песень, запісаны музыкам. Паводле Чумакова, сьледзтва расцаніла ягоную творчую дзейнасьць як згуртаваньне «пратэставага ядра».
У жніўні 2026 году Алеся Чумакова асудзілі на два гады пазбаўленьня волі. Аднак у калёнію ён ня трапіў: 16 верасьня яго вызвалілі разам зь іншымі палітвязьнямі і прымусова вывезьлі зь Беларусі ў Літву.
У новым інтэрвію Свабодзе Алесь расказаў, што затрыманьне адбылося ў той час, калі ён актыўна займаўся музыкай і рыхтаваўся да чарговага канцэртнага туру па Польшчы.
Незадоўга да арышту ён выступаў у Варшаве, пасьля чаго вярнуўся ў Беларусь, займаўся вырабам гусьляў у сваёй майстэрні і запісваў новыя песьні ў студыі.
«У мяне ўжо былі расплянаваныя канцэрты наступнага польскага турнэ. Я сядзеў у турме і казаў: „А сёньня, ведаеце, я павінен у Кракаве граць“. А на наступны дзень: „Усё, у мяне зараз пачаўся канцэрт у Гданьску“. Ну і так далей».
Цяпер, пасьля вызваленьня, у музыкі ёсьць адчуваньне, нібы ён проста працягнуў жыцьцё, перарванае арыштам.
«Таму я прыехаў сюды проста, як толькі што адсюль зьехаўшы. Проста вярнуўся».
«Польская сцэна для мяне — беларуская»
Алесь Чумакоў і Тацьцяна Ячная
Паводле Алеся, вяртаньне да музычнай працы ў Польшчы адбылося вельмі хутка, бо многія праекты чакалі ягонага вызваленьня.
«Усё было гатова. Студыйныя сэсіі проста былі пастаўленыя на паўзу. Літаральна ў першы ж тыдзень тут я паехаў да гукарэжысэра, таму тут усё мяне проста чакала».
Музыка прызнаецца, што Польшчу даўно ўспрымае як частку сваёй культурнай прасторы. Ён выступае тут ужо каля 25 гадоў, таму вяртаньне ў Варшаву не адчуваецца для яго як пачатак жыцьця ў чужой краіне.
«Для мяне Польшча заўсёды была нібы непадзельная зь Беларусьсю. Польская сцэна для мяне — беларуская, часам нават больш беларуская, чым у Беларусі».
Алесь кажа, што адчуваньне дому па вяртаньні з далёкіх падарожжаў зьяўляецца ў яго ўжо пры перасячэньні польскай мяжы.
«Ты вяртаешся адкуль-небудзь з далёкіх краінаў, толькі-толькі перасякаеш мяжу з Польшчай — і адразу адчуваньне, што ты дома, гэтая прастора родная. Таму ў мяне няма адчуваньня, што я дзесьці ў эміграцыі. Гэта адна прастора».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беларусь згубіла свае гусьлі». Вялікая размова з вызваленым з-за кратаў Алесем ЧумаковымПлянуе адкрыць у Варшаве майстэрню гусьляў і культурную прастору
Але калі да канцэртнай дзейнасьці Алесь ужо вярнуўся, то ўладкаваць штодзённае жыцьцё пасьля зьняволеньня аказалася складаней.
Цяпер музыка шукае ў Варшаве памяшканьне, дзе зможа аднавіць сваю майстэрню па вырабе гусьляў. Ён разглядае магчымасьць стварыць яе з дапамогай фундацыі.
«Вельмі хацелася б, каб там яшчэ была нейкая культурная прастора, дзе можна было б праводзіць заняткі, майстар-клясы, рабіць канцэрты, выставы», — кажа Алесь Чумакоў.
Калі знайсьці адпаведнае памяшканьне ня ўдасца, Алесь гатовы пачаць зь меншай майстэрні, у якой можна было б працаваць і прымаць вучняў:
«Нават калі гэта будзе проста невялічкі будынак толькі для майстэрні, дзе будзе магчыма правесьці заняткі, — таксама мяне такое задаволіць».
Музыка кажа, што для рэалізацыі праекту можа спатрэбіцца фінансавая падтрымка.
«Ужо хутка нам змогуць спатрэбіцца першыя ўнёскі, першыя інвэстыцыі, каб проста давесьці гэта да ўзроўню самаакупальнасьці».
«Я ўжо забыў, як гэта крута»
Алесь Чумакоў
Яшчэ адно моцнае ўражаньне пасьля вызваленьня, паводле Алеся, зьвязанае з магчымасьцю зноў жыць у асяродзьдзі, дзе свабодна працуюць незалежныя журналісты.
Ён прыгадвае, як пасьля прымусовага выезду зь Беларусі ўбачыў супрацоўнікаў мэдыя, якія сустракалі вызваленых палітвязьняў.
«Для мяне быў першы шок, што нас сустрэлі журналісты. Выйшаўшы з гэтага аўтобусіка, прыехаўшы сюды, нас сустракаюць журналісты зь мікрафонамі, з камэрамі… Я пяць гадоў такога ня бачыў».
Паводле музыкі, за гады жыцьця ў Беларусі пасьля 2020-га ён адвык ад такой публічнай прасторы.
Цяпер Алесь Чумакоў нарэшце вяртаецца на сцэну.
«Ёсьць дзе сьпяваць, што сьпяваць, зь кім сьпяваць, ёсьць на чым сьпяваць, ёсьць гусьлі ў руках… Усё гэта вельмі прыемна».