Царква паходзіць зь вёскі Вялец Глыбоцкага раёну. Цяпер яна зьяўляецца адным з аб’ектаў драўлянай архітэктуры ў музэі ў Строчыцы.
Музэй народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцы Менскага раёна зьвярнуўся па дапамогу да ў справе аднаўленьня інтэр’ераў гэтай царквы.
«У нашым музэі пад адкрытым небам, у Строчыцы, беражліва захоўваюцца часьцінкі душы Беларусі — старадаўнія хаты, млыны, школы і храмы. Але сярод іх ёсьць помнік зь вельмі няпростым і амаль забытым лёсам. У 2026 годзе мы пачалі вялікую і сьвятую справу — аднаўленьне Сьвята-Траецкай царквы зь вёскі Вялец (Глыбоцкі раён), якую ў народзе таксама звалі Старапарэцкай або Макавееўскай.
Калісьці ў XIX стагодзьдзі яе перавезлі туды зь вёскі Буртулёўка, і доўгія дзесяцігодзьдзі пад яе скляпеньнямі гучалі малітвы, хрысьцілі дзяцей, вянчалі маладых і праводзілі ў апошні шлях продкаў. Але сёньня мы стаім перад пустымі сьценамі і горкай праўдай: мы амаль нічога ня ведаем пра тое, якой гэтая царква была ўнутры», — паведамляецца на інтэрнэт-сайце музэя.
Супрацоўнікі музэя паведамляюць, што яны не ведаюць, як выглядаў іканастас царквы, якія абразы там былі, хто са сьвятароў, псаломшчыкаў і званароў працаваў тут.
«Без гэтых дэталяў храм пры рэстаўрацыі рызыкуе застацца проста прыгожым зрубам — без сваёй сапраўднай, жывой душы», — пішуць супрацоўнікі музэя.
Яны зьвяртаюцца да суграмадзян з просьбай аб дапамозе — зазірнуць у старыя сямейныя альбомы, распытаць бабуль і дзядуль, суседзяў і старажылаў аб тым, якой была царква ўнутры, і знайсьці іншыя падрабязнасьці. Музэй цікавяць старыя фатаздымкі, успаміны, прозьвішчы і лёсы сьвятароў і прыхаджан, захаваныя прадметы ці іх фота.
Чым вядомы музэй у Строчыцы
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту (вядомы таксама як «Строчыца») — адзіны ў Беларусі музэй-скансэн пад адкрытым небам, дзе сабраныя аўтэнтычныя помнікі драўлянага дойлідзтва канца XVIII — пачатку XX стагодзьдзя з розных куткоў краіны.
Комплекс займае 151 гэктар паміж вёскамі Азярцо і Строчыца непадалёк ад Менска.
На працягу 1987-1994 гадоў для наведнікаў былі адчыненыя тры навукова-экспазыцыйных сэктара: «Цэнтральная Беларусь» і часткова сфармаваныя «Паазер’е» і «Падняпроўе».
Цяперу экспазыцыю Беларускага дзяржаўнага музэя народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 абʼектаў, частка якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі. Музэй захоўвае больш за 20 тысяч этнаграфічных экспанатаў.