Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 экскурсій па небе, зямлі і вадзе Беларусі


Калі магчымая вандроўка па зорным небе? Як трапіць на вясельле Ягайлы? І якую экскурсію лепш пакінуць на дэсэрт? Дзесяць маршрутаў, якія вядуць цікаўных турыстаў разнастайнымі шляхамі, прапануе наша аўтарка Яна Шыдлоўская.

1. Праходка па зорным небе

Экскурсія па зорным небе — рэч унікальная, аднак непрадказальная і магчымая толькі ў добрае, бясхмарнае беларускае надворʼе. Упершыню яна адбылася пяць гадоў таму напярэдадні вядомага цяпер «Фэсту экскурсаводаў». Аўтар зорнай экскурсіі — этнаастраном Цімафей Авілін, які сёлета прэзэнтаваў кнігу «Паміж небам і зямлёй: этнаастраномія» з традыцыйнымі назвамі ўсіх нябесных целаў, легендамі і паданьнямі пра іх. Падчас вандроўкі слухачы даведваюцца, чаму і калі беларусы глядзелі ў неба, якія сузорʼі называлі Курачкамі, Вялікім Возам ці Сітам, каму належалі самыя яркія зоркі на небасхіле. У кожную новую пару году выгляд зорнага неба зьмяняецца. Акурат цяпер добра бачны Зьмей, Касцы, Леў, Сатурн, Рак. Цікава будзе наведаць экскурсію ў жніўні — апошні месяц лета адзначаецца актыўным зоркападам. Больш за тое, за адным махам можна даведацца, што ж рабіць, калі вы ўбачылі зьнічку.

2. Краем Жоўтых Гарлачыкаў і Сівых Валуноў

Так рамантычна называецца зялёны маршрут даўжынёю 155 кілямэтраў, што праходзіць па Лепельскім краі. Пачынаецца ён у самім Лепелі і, апісаўшы круг праз самабытныя вёсачкі, маляўнічыя азёры і цікавыя прыродныя абʼекты, зноў вяртаецца ў горад, які старажытныя балты назвалі «Жоўты Гарлачык». Падчас падарожжа можна ўбачыць каменныя крыжы ў Старым Лепелі, дакрануцца да «Дрэва шчасьця», адкрыць месца гнездаваньня шэрай чаплі ў вёсцы Акона, зайсьці ў будынак старога бровару і пераканацца ў існаваньні «Зьмеевага каменя». На пэўных пунктах маршруту турыстаў чакаюць абрадавыя беларускія гульні і канцэрт аўтэнтычных песень. Збольшага маршрут разьлічаны на раварыстаў і аматараў хадзіць пешшу, адносна невялікую яго частку можна прайсьці водным шляхам. Даўжыня маршруту, фармат праходжаньня і экскурсійнае абслугоўваньне абмяркоўваюцца індывідуальна.

3. «Бэнэфіс знаўцы», альбо экскурсія-дэсэрт

Незвычайны праект беларускай турфірмы «Віаполь» пад назвай «Бэнэфіс знаўцы» пасьпяхова існуе ўжо некалькі гадоў. У якасьці экскурсавода ў вандроўку запрашаюцца вядомыя гісторыкі, пісьменьнікі, акторы, журналісты, мастакі, якія дзеляцца з турыстамі вынікамі сваёй працы. Магчыма павандраваць па тэатральным Менску разам з Аляксандрам Марчанкам, наведаць Нясьвіскі палац ці адшукаць цмочую пячору разам з Глебам Лабадзенкам, адкрыць для сябе прастору Хаіма Суціна разам з Тацянай Бембель. Экскурсіі выходзяць унікальныя і надзвычай цікавыя. Нездарма арганізатары праекту праводзяць фанэтычную паралель: скарочаная назва праекту «БЗ» гучыць амаль як «бэзэ» — далікатнае, неверагодна смачнае пірожнае, або экскурсія-дэсэрт для тых, хто вельмі зацікаўлены.

4. Шляхам караля Міндоўга

Праехаць шляхам заснавальніка Вялікага княства Літоўскага караля Міндоўга запрашае беларуская турыстычная кампанія «Краіна замкаў». Падчас экскурсійнай праграмы турысты наведваюць старажытныя замкі, пазнаюць акалічнасьці палітычнага жыцьця Міндоўга, дзякуючы анімацыі робяцца сьведкамі самых значных падзей Міндоўгавай біяграфіі. Першым для наведваньня ў экскурсійнай праграме пазначаны Мірскі замак і мястэчка Мір, а першы анімацыйны эпізод адбываецца ў Любчы. Акурат на замкавым падворку турысты змогуць запрасіць Міндоўга на Наваградзкі трон. Анімацыя мае працяг на Замкавай гары ў Наваградку, дзе Міндоўга ўрачыста карануюць. Тут жа адбываюцца рыцарскія турніры, развучваюцца сярэднявечныя танцы, а фінальным акордам праграмы становіцца замах на жыцьцё караля. Перш чым вяртацца ў Менск, турысты наведваюць прыгожае і таямнічае возера Сьвіцязь.

5. На гару Маяк і да сьвятой крыніцы

Выправа на Браслаўскія азёры будзе ня толькі добрым адпачынкам, але і ўдалым экскурсійным вопытам. Сярод маршрутаў па ваколіцах асабліва папулярная паездка на гару Маяк. Такую назву найвышэйшай з чарады Кезікаўскіх гор далі мясцовыя жыхары, калі на пачатку ХХ стагодзьдзя тут паставілі геадэзічную вышку. Вышку потым прыбралі, а назва засталася. Гару Маяк лічаць адным з самых прыгожых пунктаў агляду на Браслаўшчыне. Зь яе адкрываецца від на азёры Снуды і Струста са шматлікімі астравамі, сярод якіх другі па велічыні ў краіне — востраў Чайчын. З Маяка відаць вежы трох касьцёлаў — у вёсках Плюсы, Слабодка і Іказьнь. А калі прыгледзецца, можна распазнаць абрысы Замкавай гары ў Браславе. Па дарозе на гару Маяк варта зрабіць прыпынак каля крыніцы з назвай Окменіца, вада ў якой лічыцца лекавай. Каб аддзячыць крыніцы, турысты кідаюць у ваду манэткі ці прывязваюць да дрэў, што растуць побач, каляровыя стужкі.

6. На вясельле да Ягайлы

За апошнія гады Лідзкі замак стаў зручнай пляцоўкай для анімацыйных экскурсіяў. Распрацаваны шэраг праектаў, якія існуюць як самастойна, так і ў якасьці дадатку да больш працяглай экскурсійнай праграмы. Госьці, якія завіталі ў Ліду, аглядаюць замак зь вежай і баявой галерэяй, развучваюць сярэднявечныя гульні і танцы, прысутнічаюць на рыцарскіх турнірах. У пэўны час у замку адбываецца вясельле маладой Софʼі Гальшанскай і караля Ягайлы з забавамі і шчодрым пачастункам. Ня менш ахвотна турысты выконваюць ролю прысяжных падчас судовага разбору князя Кейстута. Раз на год Лідзкі замак становіцца пляцоўкай для фэстывалю сярэднявечнай культуры, які зьбірае шмат аматараў жывой гісторыі.​

7. Да Гальшанскага замка з Уладзімерам Караткевічам

Мястэчка Гальшаны з руінамі некалі велічнага і прыгожага замка Сапегаў называюць адным з самых таямнічых месцаў краіны. Цікавасьць да яго падаграваюць незьлічоныя легенды і паданьні пра прывідаў, падземныя хады, сутарэньні і скарбы. Натхняе на падарожжа да Гальшанскага замка і творчасьць Уладзімера Караткевіча, якога, безумоўна, варта перачытаць перад выправай. Экскурсійны маршрут да Гальшанскага замка можа ляжаць праз Валожын з палацам Тышкевічаў і Вішнева са старым касьцёлам першай паловы 17 стагодзьдзя, і праз старажытнае Крэва — з гарадзішчам, Юравай гарой, паганскім капішчам і замкам Гедыміна, што быў узьведзены на пачатку 14 стагодзьдзя. Турыстычны аўтобус робіць прыпынак і ў Барунах, дзе знаходзіцца велічны храм Сьвятых Пятра і Паўла. Добрай нагодай, каб выправіцца ў бок Гальшанаў, стане фэстываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак», што адбудзецца 21 траўня.

8. На кані да старажытных муроў

Павандраваць па беларускіх ваколіцах конна ці ў брычцы прапануе шэраг беларускіх сядзібаў, этнаграфічных і спэцыялізаваных конных цэнтраў. У тых, хто даволі ўпэўнена адчувае сябе ў сядле, ёсьць магчымасьць наведаць конныя экскурсіі, распрацаваныя ўладальнікамі стайняў. Маршруты маюць працягласьць да некалькіх дзён, бываюць рознай ступені складанасьці. Гэта можа быць лясная вандроўка альбо паўнавартасная экскурсія з наведваньнем старажытных муроў — Крэва, Гальшанаў, Мірскага замка ці Нясьвіскага палаца.

9. На цеплаходзе па рэках радзімы

З траўня па верасень па рэках і азёрах Беларусі курсіруюць цеплаходы, катаньне на якіх магчыма сумясьціць з разнастайнымі экскурсіямі. Так, сеўшы на цеплаход «Віцебск» і плывучы па Заходняй Дзьвіне, можна даведацца пра горад Марка Шагала альбо перагарнуць старонкі 1000-гадовай гісторыі Віцебску. Гарадзенскі «Нёман» плыве па аднайменнай рацэ і Аўгустоўскім канале, а экскурсавод тым часам распавядае цікавыя зьвесткі пра літаратурную Гарадзеншчыну, пра гістарычную спадчыну рэгіёну. Па Прыпяці можна даплыць да старажытнага Турава, зьдзейсьніць водную прагулку па хвалях Дняпра, пакатацца па Сажы, Бярэзіне, Піне, па «сталічнай» Сьвіслачы, убачыць з палубы Менскае мора, Нарач і Дрывяты.

10. Ад ладзьдзі вікінгаў да музэю самагонаварэньня

Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Вялікім попытам карыстаюцца экскурсіі ў музэйныя комплексы і паркі адпачынку. Традыцыйна вартымі наведваньня лічацца добра вядомыя Дудуткі з багатай экскурсійнай праграмай і этнаграфічныя Строчыцы. Адзіны ў Беларусі музэй-скансэн вядомы правядзеньнем традыцыйных сьвятаў, у якіх бяруць удзел і турысты. Захапляльныя экскурсіі праводзяцца ў парку-музэі Сула на Стаўпеччыне — тут адбываецца інтэрактыўнае падарожжа ў мінулае, вандроўкі па былых уладаньнях Ленскіх. На пачатку траўня ў Суле ўрачыста спусьцілі на ваду дракар, і ў наведнікаў зьявілася магчымасьць паслухаць цікавыя гісторыі, седзячы ў ладзьдзі вікінгаў. Варта зьвярнуць увагу і на калярытны агратурыстычны комплекс «Наносы-Навасельле». Тут можна выдатна і актыўна адпачыць, смачна падсілкавацца і замовіць экскурсію з наведваньнем музэю хлеба, вадзянога млына, музэю манэт і самавараў, музэю самагонаварэньня, з конным шоў і аглядам калекцыі старых аўтамабіляў напрыканцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG