36 гадоў на барыкадах. Гісторыя паэткі і мастачкі Натальлі Бордак

Натальля Бордак, фота з прыватнага архіву

Пасьля Чарнобылю з малымі дзецьмі паехала пратэставаць у Маскву, у 2006-м і 2014-м атрымлівала вялікія штрафы, у 2020-м — 17 дзён арышту. Расказваем пра беларускую паэтку і мастачку Натальлю Бордак.

Паэтка і мастачка Натальля Бордак (творчы псэўданім Наталка Хвоя) нарадзілася ў 1960 годзе ў вёсцы Карчовае Хвойніцкага раёну. Скончыла ў Менску Ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў. У 1990-м езьдзіла ў Маскву пратэставаць супраць замоўчваньня праўды пра наступствы Чарнобылю. У 2014-м выступіла супраць вайны з Украінай. За грамадзкую актыўнасьць атрымлівала штрафы, сядзела на «сутках». У 2021-м вымушана была зьехаць зь Беларусі, зараз жыве ў Польшчы, пад Кракавам. У эміграцыі Натальля правяла дзясятак мастацкіх выставаў. Нядаўна стала ляўрэаткай прэміі «Голас пакаленьня свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам і праваабаронцамі.

Канец шчасьлівага дзяцінства

Калі Натальля Бордак апынулася ў вымушанай эміграцыі ў Польшчы, яна пэўны час жыла ў Доме творцаў у Варшаве. Расказвае, што малявала там карціну: жытнёвае поле, вёска, дзе прайшло яе дзяцінства і дзе расла.

«Там была наша хатка. Мама мая ткала, вышывала, сьпявала народныя песьні, у нас у садзе зьбіралася ўся вёска, уся радня — пад яблынямі, пад белым налівам. Школа была беларускамоўная, натуральна», — узгадвае Натальля сваё шчасьлівае дзяцінства ў вёсцы.

Яно скончылася, калі Натальлі было 12 гадоў. Раптоўна памерла маці, і старэйшы брат, які вучыўся ў вайсковай вучэльні, забраў сястру да сябе ў расейскую Кастраму. На радзіму ў Беларусь брат больш не вярнуўся.

«Чатыры месяцы я правучылася ў школе ў вайсковым гарадку. Зь мяне дзеці сьмяяліся — я расейскай мовы не разумела, а там жа ўсе прадметы па-расейску. І неяк дзеці давялі мяне да сьлёз, закідалі сьнежкамі. Тата напісаў ліст: „Прыяжджай дадому. Я знайшоў табе маму“. А ён ужо зь вёскі пераехаў да іншай жанчыны. Божа, прыехала, плачу, кажу: „Як можна чужую жанчыну мамай называць?“ Ну і даставалася мне за гэта. Я кажу: „Не магу назваць яе мамай“. Называла па імені, імені па бацьку — ніякая яна мне ня мама. Ну, такая я была ўпартая. А потым, калі ў таты інсульт здарыўся, яна яго проста здала у дом састарэлых…» — узгадвае сваё дзяцінства Натальля.

Маладыя гады Натальлі Бордак прайшлі ў Гомлі. Тады быў нацыянальна-культурны ўздым — у Гомлі стварылі суполку «Талака», зьбіраліся ў Цэнтры моладзі на Сельмашы, адкрылі філіял Беларускага гуманітарнага ліцэю, ладзілі нядзельную школу для беларускіх дзетак, культурніцкія вечарыны.

«У 1990-м у Гомель прыяжджалі вядомыя барды: Алесь і Кася Камоцкія, Лера Сом, Сяржук Сокалаў-Воюш… Хоць Гомель тады быў амаль цалкам расейскамоўным горадам, такі рух абуджаў людзей. Мы развучвалі калядныя песьні, памятаю, як хадзілі па „Сельмашы“ з торбачкай калядаваць. У канцы 1980-х было Адраджэньне, надзея! Мае дзеці хадзілі ў беларускамоўны садочак, потым у беларускамоўныя клясы. Але з прыходам Лукашэнкі да ўлады ўсё гэта пачало згортвацца», — узгадвае тыя часы Натальля.

Мітынг на Краснай плошчы ў Маскве

Калі выбухнуў Чарнобыль, Натальля жыла ў Гомлі, працавала мастачкай на хімічным заводзе, малявала розныя шыльды, плякаты. Узгадвае, што тады часта езьдзіла ў сваю вёску ў Хвойніцкі раён, і трэба было ісьці праз хваёвы лес.

«Ідзеш па сьцежцы, а вакол суніцы салодкія, такія пахучыя, такі водар! Іду і думаю: „Няўжо іх небясьпечна есьці?“ Спакушалася, ела… Такіх вялікіх ягадаў у дзяцінстве і праўда не было. Мы зьбіралі такія дробныя ягады, калі мама адпраўляла нас у чарніцы, у грыбы, у суніцы. Але тады сапраўды ў два-тры разы буйнейшыя суніцы былі», — узгадвае Натальля.

І кажа, што нарэшце людзей даняло замоўчваньне ўладамі наступстваў аварыі, ігнараваньне патрэбаў людзей на забруджанай тэрыторыі, брак дапамогі і пэрспэктываў. Летам 1990-га з Гомля ў Маскву накіравалася шмат аўтобусаў. На фабрыцы «8 Сакавіка» пашылі ўсёй дэлегацыі адмысловыя камізэлькі.

«Я паехала зь дзецьмі — дачцэ было 5, сыну 7. Аўтобусы адпраўляліся з самага цэнтру, ад будынку цырку. Людзі прыехалі з Брагіна, Нароўлі, Хвойнікаў. Па дарозе да нас далучыліся магілёўцы. Ехалі доўга, начавалі ў аўтобусах на прыпынку ў полі. У памяць урэзаўся баршчэўнік. Едзем па тэрыторыі Расеі, а там такія здаровыя „парасоны“ растуць — у Беларусі яшчэ не было такіх расьлінаў. Мы прывезьлі з сабой сьцягі, плякаты, транспаранты, фота хворых дзетак. Калі дабраліся да цэнтру Масквы, узялі бел-чырвона-белыя сьцягі, плякаты і пайшлі маршам. Масква сустрэла добразычліва. Ну, яшчэ ж не было такога тэрору! Быў яшчэ Савецкі Саюз. Беларусь жа карміла Маскву, як можна руку, якая корміць, кусаць?» — апавядае Натальля пра тую паездку.

Дачка Натальлі на мітынгу ў Маскве

Яна ўзгадвае, што беларусы мітынгавалі на Краснай плошчы, раздавалі ўлёткі народным дэпутатам СССР каля гатэлю «Расія» і крамлёўскага Палацу зьездаў. Было шмат журналістаў.

«Маю маленькую дачку ў чорнай накідцы з надпісам „Чарнобыль — наш боль“ фатаграфавалі журналісты, захаваліся чорна-белыя здымкі ў газэтах. Не адразу, але прадстаўнікоў дэлегацыі прынялі — беларусы перадалі пэтыцыю тагачаснаму старшыню Савету міністраў СССР Мікалаю Рыжкову», — кажа суразмоўца.

«Край мой белы чырваньню вышыты…»

Пасьля Масквы Натальля зь дзецьмі езьдзіла на «Чарнобыльскі шлях» да Дому ўраду ў Менск.

«На акцыі ў людзей былі чорныя павязкі са знакам радыяцыі. Мой маленькі сын трымаў плякацік з надпісам „Тата, я хачу жыць“», — узгадвае яна.

У 1998 годзе Натальля напісала верш:

«Край мой белы чырваньню вышыты

Крыжам-на-крыж, і цень-на-цень…

Да вясёлкавай цішы набліжаны

Неўзабаве цярновы дзень.

Прысьвячаю ў тваё імя

Сьпеў купальскі, які закрануты

„Мірным“ атамам, дзе акрамя

Родных сьцен, слоў ніхто не пачуе.

Таямнічы мой і магічны,

Кропляй чыстай расы зьвіні!

Край крынічны, паўсюль сунічны —

Усім сэрцам сваім абдымі!

Аніхто і нічым не пагасіць

Ніякай вакол мітусьнёй —

Надзею ў прасторы і часе

І сонца над галавой»

Чарнобыльскі шлях у Мінску, 1990-ыя гады. Фота з прыватнага архіву гераіні

Натальля ўзгадвае, як у 2001 годзе брала ўдзел у праекце Радыё Свабода «Верш на Свабоду». Паэты, журналісты, простыя людзі чыталі ў этэры свае вершы, а потым у «Бібліятэцы Свабоды» выйшла кніга.

«Я тады працавала ў сьветлагорскім Доме культуры энэргетыкаў. І з кабінэту дырэктара ДК, які быў у камандзіроўцы, зь ягонага службовага тэлефону прачытала для запісу верш „Шукаю ў белых хмарах выявы храмаў…“, а ў Менску куратарка таго праекту яго запісала для этэру. Празь дзень дырэктар выклікае мяне ў кабінэт і пытаецца: „А што гэта было?“ Мабыць, тэлефон праслухоўвалі і яму „далажылі“. Правёў са мной „гутарку“», — расказвае Натальля.

У 2006 годзе яе ўпершыню аштрафавалі. За тое, што Натальля разам зь сьветлагорскім актывістам Тэльманам Масьлюковым падчас выбарчай кампаніі на рынку раздавала ўлёткі. Падышлі два міліцыянты і супрацоўнік гарвыканкаму, склалі пратакол.

«З Дому культуры мяне тады звольнілі — за два гады да пэнсіі. І ўляпілі штраф, які мне давялося выплачваць з дапамогі па беспрацоўі. То калі звольнілі, зарэгістравалася на біржы працы. Не магла працу знайсьці. Вядома, крыўдна было, бо я працавала добрасумленна, на мне былі ўсе дэкарацыі, усё мастацкае афармленьне да сьвятаў, усё я адна гэта ўсё рабіла. Празь некалькі гадоў я выпадкова сустрэла дырэктара ДК у горадзе, і ён прызнаўся: „Бяз вас мне стала лягчэй працаваць“. Памятаю, як затрымалася на працы да позьняга вечара. Дома шасьцігадовы сын адзін. Іду з працы, цёмна, зіма, завея. І тут насустрач мой Міхасёк з саначкамі. Пытаюся: „Куды ты ідзеш?“ Адказвае: „Цябе шукаць“. У 2020-м я ўжо яго шукала, калі зьнік пасьля маршу на Курапаты: на Акрэсьціна, у Жодзіне», — узгадвае суразмоўца.

Пасьля звальненьня ёй давялося выжываць. Займалася рамёствамі: зьбірала прыгожыя каменьчыкі, расьпісвала іх. Працавала з керамістам, размалёўвала ягоныя вырабы, цацкі.

Тры дні арышту і штраф за салідарнасьць з Украінай

9 траўня 2014 года ў Нясьвіжы Натальля Бордак выйшла ў парк, дзе ішлі ўрачыстасьці да Дня перамогі. З сабой мела плякат «Не — пуцінскай вайне з Украінай». Узгадвае, што на плякаце літары былі выразаныя з каляровай паперы: слова «пуцінскай» — з карычневай, «Украінай» — з жоўтай і сіняй. Вышла з парку, згарнула плякат ў трубачку, дайшла да Фарнага касьцёлу, зайшла туды, накіравалася ў бок дому.

«Але міліцыянты мяне чакалі. „Сядайце, падвязем вас да міліцыі“. Там склалі пратакол і забралі на трое сутак і СІЗА — да панядзелка. У панядзелак меў быць суд. Але не было адваката, суд перанесьлі. Ну і пачалося: то суд у Менску, то ў Нясьвіжы, усяго было 6 ці 7 судоў — мабыць, краіне патрэбныя былі грошы», — успамінае яна прыгоды больш чым дзесяцігадовай даўніны.

Натальля ў 2014 годзе, неўзабаве пасьля вызваленьня

У выніку Натальлі прысудзілі велізарны на тыя часы штраф у 3 мільёны рублёў (20 базавых).

10 содняў арышту ў 2020-м, потым яшчэ сем

У 2020-м у Нясьвіжы Натальля Бордак выступіла на перадвыбарчым мітынгу ў фармаце «вольнага мікрафону». Гаварыла, што народ стаміўся ад хлусьні: дактары вымушаныя хлусьць пра ковід, настаўнікі ў выбарчых камісіях фальсыфікуюць выбары, міліцыя хапае людзей ні за што. Сілавікі прышлі дадому да Натальлі — не засьпелі. 9 жніўня яе забралі ўжо з выбарчага ўчастку.

Суразмоўца расказвае, што судзілі яе ў падвале Нясьвіскага РАУС. Калі ў 2014-м яшчэ вадзілі праз двор у суд, то ў 2020-м проста ў сутарэньні паставілі жалезную клетку мэтар на мэтар. Судзьдзя зачытаў прысуд — «10 сутак» за хуліганства. Сядзела ў адзіночцы. Сьпявала ў камэры гімн «Магутны Божа», свае ўлюбленыя беларускія сьпевы. Узгадвае, што ўрэшце ў камэру ўварваўся АМАПавец і зачыніў фрамугу, каб Натальлю ня чулі на вуліцы. Быў жнівень, сьпякота, паветра не хапала, ёй стала кепска. Выклікалі хуткую, але ўсё адно давялося даседзець тэрмін да канца.

Адзін з твораў Натальлі

У камэры на сурвэтцы Натальля напісала верш — малодшы сын здолеў перадаць ёй маленьні кавалак алоўка, закруціўшы яго ў шкарпэтку. Рэчы ў СІЗА тады яшчэ можна было перадаваць.


Адкуль мы беглі, куды імчалі?

Як не палеглі ды не змаўчалі?

Каго шукалі, каму сьпявалі,

Што баранілі, чым аддавалі?

З кім на падворку настрой дзялілі,

Аб долі вольнай скрозь гаманілі?

Па кім сьлязамі у шлях апошні,

Нібыта самі і кожны з кожным?

Знайсьці жадалі свой код адзіны

І разам сталі радамі шчыльна.


Пасьля той адседкі Натальля езьдзіла на акцыі пратэсту ў Менск. 1 лістапада 2020 году пасьля Маршу ў Курапаты зьнік яе сын. Жанчына зь сяброўкамі паехала ў сталіцу, шукала яго на Акрэсьціна, у Жодзіне. Потым патэлефанавала ў міліцыю на нумар 102.

«Я сама сябе „здала“, калі шукала затрыманага сына. Мяне „прабілі“ ў базе дадзеных. У фэйсбуку я тады выстаўляла шмат фота з жаночых акцыяў у Менску, былі фота насупраць КДБ, з маршу каля Палаца спорту, калі вадамётамі разганялі людзей. Менскія міліцыянты даслалі нясьвіскім пратакол і чорна-белыя раздрукоўкі з фэйсбуку. Я наіўна кажу: „Дзе вы бачыце чырвонае паліто і белы шалік ці бел-чырвона-белыя сьцягі? Тут ўсё чорна-белае“. Далі мне тады 7 сутак: з 28 лістапада да 4 сьнежня зноў сядзела ў адзіночцы», — расказвае суразмоўца.

Празь некалькі гадоў ужо ў Польшчы яна напісала верш:

Я ня ведала слова «сволачы» —

усіх, думала, палюблю,

пакуль нас не цягнулі да поўначы,

начапіўшы на шыю пятлю.

Я ня ведала слова «мярзотнікі»,

бо яны дзе былі і датуль,

як мне кроў зь лістападаўскай хронікі

стыла ўяўна ад гумавых куль.

І ня ведала тое: «пачвары»

да пакуль не гнялі дагала,

да сьцяны, па загадзе, тварам,

пакуль столя не «паплыла».

Пакуль ледзь, зьледзянеўшы, ня зьлегла,

пакуль сон даганяла ўначы…

Пакуль сына шукала ў пекле,

на Дзяды дагаралі зьнічы.

«Краіна ў стане вайны»

Жыць спакойна сям’і Натальлі Бордак у Нясьвіжы не давалі, расказвае яна. У канцы траўня 2021 году яе сын зь сябрам, братам палітвязьня, правялі пікет і разгарнулі сьцяг у памяць Вітольда Ашурка, які загінуў у турме. Сына пасадзілі на 15 содняў. Дома быў вобшук, а ў яе было шмат бел-чырвона-белых сьцягоў…

22 траўня 2021 году Натальля напісала кароткі прароцкі верш:

Краіна ў стане вайны,

Краіна ў стане віны,

Краіна ўстане…

Спачатку малодшы сын зьехаў — пасьпеў вылецець самалётам да ўсіх забаронаў.

Натальля з сваёй новай кнігай

«Я дачакался, пакуль выйдзе з „сутак“ старэйшы. І ў жніўні 2021 году мы з сынам і коткай зьехалі зь Беларусі», — узгадвае яна.

Зараз Натальля Бордак жыве з сынамі пад Кракавам. Дачка яе ў Польшчы з 2006 году: вучылася ў праграме Каліноўскага, скончыла Мастацкую акадэмію ў Лодзі, зараз працуе ў Кракаве. Сын працуе ў невялікай фірме цесьляром — пераняў прафэсію свайго дзеда.

«Тры кроплі»

Нядаўна ў выдавецтве RozUM выйшла кніга паэзіі Натальлі «Тры кроплі». Яна кажа, што гэта ня проста вершаваны зборнік. А кніга, у якой паэзія і жывапіс сустракаюцца ў адной мастацкай прасторы, гэта кніга-пачуцьцё, кніга-пульс. Складаецца яна з трох разьдзелаў: «Вера», «Вольная Радзіма» і «Каханьне». І асобны разьдзел — 30 яе карцін.

«Першы мой малюнак, зроблены алоўкам, быў апублікаваны ў газэце „Піянер Беларусі“, калі мне было 12 гадоў. Прыйшоў нават адказ з газэты. Тады ж ўсе выпісвалі газэты і часопісы, дзеці прынесьлі ў клясу: „Наташа ў газэце“. Я засаромелася, пачырванела… А потым слала вершы, малюнкі ў „Чырвоную змену“, у „Нашу Ніву“, і пайшло-паехала», — узгадвае суразмоўца.

Натальля на беларускім мітынгу ў Кракаве

Ужо ў Польшчы сяброўка зь Беластоку параіла Натальлі выдаць кнігу з ілюстрацыямі, бо у яе за больш як 30 гадоў назапасілася шмат вершаў і карцін.

«Не адразу знайшла выдаўца. Нарэшце мне падказалі, што ёсьць выдавецтва RozUm Media. Выдавец Павал Лягчылаў пагадзіўся і прапанаваў вельмі прыгожае афармленьне. Спачатку ў мяне малюнкі былі пасярод вершаў. Потым перарабілі, Павал прапанаваў карціны апублікаваць асобым каталёгам у канцы кнігі. Ну гэта ж толькі частка — 30 карцін, а за ўсё жыцьцё я, можа, 3000 карцін і малюнкаў зрабіла. Мару аб свабодзе маёй Радзімы, каб зачыніліся жалезныя дзьверы камэраў і вязьніцаў, і аб тым, каб маю кнігу чытачы зацерлі да дзірак, пазначаючы і падкрэсьліваючы радкі, чытаючы і перачытваючы цягам усяго свайго жыцьця…» — кажа Натальля Бордак.