Рэзалюцыя прысьвечана ўкраінскім дзецям, вывезеным у Расею або тым, якія знаходзяцца на акупаваных ёю тэрыторыях Украіны, перадае «Позірк».
За прыняцьце прагаласавалі 536 дэпутатаў, супраць — восем, устрымаліся 37.
У дакумэнце гаворыцца, што ўлады Беларусі і РФ павінны перадаць украінскаму боку і адпаведным міжнародным арганізацыям поўныя і правяральныя зьвесткі пра такіх дзяцей, у тым ліку пра іхныя асобы, месцазнаходжаньне, стан здароўя і прававы статус.
Эўрапарлямэнт таксама заклікаў «неадкладна спыніць практыку зьмены імёнаў, грамадзянства і сямейнага статусу дзяцей, якая перашкаджае іх ідэнтыфікацыі і ўзьяднаньню зь сем’ямі».
У рэзалюцыі зьмяшчаецца заклік да Рады ЭЗ пашырыць адрасныя санкцыі супраць беларускіх, расейскіх і паўночнакарэйскіх службоўцаў, датычных да дэпартацыі, прымусовага перамяшчэньня, незаконнага ўсынаўленьня, «ідэалягічнай апрацоўкі і мілітарызацыі» ўкраінскіх дзяцей.
Эўрадэпутаты прапануюць пашырыць абмежаваньні на ўсю сетку ўдзельнікаў гэтай дзейнасьці, у тым ліку чыноўнікаў, дзяржаўныя і адукацыйныя ўстановы, упаўнаважаных у правах дзіцяці, кіраўнікоў дзіцячых лягераў, транспартныя арганізацыі і моладзевыя аб’яднаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне не выключаюць крымінальнай справы супраць ЛукашэнкіУ дакумэнце прыведзеныя вынікі дасьледаваньня Лябараторыі гуманітарных дасьледаваньняў Ельскага ўнівэрсытэту, апублікаванага ў 2023 годзе.
Паводле гэтых зьвестак, ня менш за 2442 украінскіх дзяцей былі вывезеныя ў 13 установаў Беларусі, дзе займаліся іхным палітычным перавыхаваньнем і вайсковай падрыхтоўкай.
Эўрапарлямэнт рашуча асудзіў «сыстэматычную дэпартацыю, прымусовае перамяшчэньне, незаконнае ўсынаўленьне, русіфікацыю, ідэалягічную апрацоўку і мілітарызацыю ўкраінскіх дзяцей Расеяй, у тым ліку пры ўдзеле Беларусі і Паўночнай Карэі».
Асобна ў рэзалюцыі падтрымліваецца супрацоўніцтва Эўраполу, Эўраюсту і ўкраінскага амбудсмэна ў зборы зьвестак пра дзяцей, незаконна перамешчаных у Расею, Беларусь і КНДР, а таксама доказаў для наступнага крымінальнага перасьледу датычных асобаў.
ЭП нагадаў, што ў рэзалюцыі ад 8 траўня 2025 году ўжо асуджаў дзеяньні Расеі і саўдзел Беларусі ў перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, назваўшы гэтую практыку часткай стратэгіі зьнішчэньня ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці.
Новы дакумэнт зьмяшчае патрабаваньне неадкладнага і безумоўнага вяртаньня ўсіх дэпартаваных і прымусова перамешчаных украінскіх дзяцей на неакупаваную тэрыторыю Ўкраіны, што «ня можа быць прадметам гандлю пры заключэньні мірных пагадненьняў».
Паводле зьвестак украінскіх уладаў, прыведзеных у дакумэнце, на верасень 2026 году быў пацьверджаны 20 651 выпадак дэпартацыі і прымусовага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей. На 28 кастрычніка ўдалося вярнуць 2752 дзіцяці.
Афіцыйны Менск «катэгарычна адхіляе галаслоўныя абвінавачаньні» ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Эўрапейская рада заклікала Беларусь спыніць падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны і вярнуць вывезеных адтуль дзяцейЧаму гэта важна
- Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь вывезьлі сама меней 2,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыйяў Украіны (паводле ацэнкі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» — ня менш за 3,5 тысячы).
- Праваабаронцы вызначылі 18 беларускіх інстытуцыяў, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі ўкраінскіх дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў.
- Паводле справаздачаў праваабаронцаў і расьсьледаваньня Свабоды, дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць у духу любові да Расеі і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі выкараненьня ўкраінскай нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасьці.
- «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» зьбірае зьвесткі аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з «ДНР» і «ЛНР» у Беларусь. У 2023 годзе НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы аб незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей, дзе расказваецца пра ролю ў ім Беларусі.
- Датычнымі да выкраданьня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага для Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- Беларусь не далучылася да Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду (МКС), але рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасьці за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, калі ёсьць доказы гэтага, заявіў у кастрычніку 2024 году прэс-сакратар Міжнароднага крымінальнага суду Фадзі эль-Абдала.
- ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой прызнала гвалтоўную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею генацыдам, а Аляксандра Лукашэнку і ўрад Беларусі — датычнымі да яго.