Спэцпасланьнікі ЗША Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнэр завяршылі сустрэчу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Маскве па выніках двухдзённых мірных перамоў у ААЭ. Яна доўжылася каля дзьвюх з паловай гадзінаў.
Чакаецца, што пасьля гэтага Ўіткаф і Кушнэр сустрэнуцца ў Ірляндыі з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
Падчас сустрэчы Пуцін заявіў, што прысутнасьць замежных войскаў ва Ўкраіне непрымальная.
Ён таксама прапанаваў правесьці ў Канстанцінаўцы «гуманітарную місію» на ўзор праведзенай нядаўна ў Алешках. Пуцін гарантаваў бясьпеку і сказаў, што на разьмінаваньне спатрэбяцца пяць дзён.
У Офісе прэзыдэнта Ўкраіны ў адказ на гэта адзначылі, што падчас апэрацыі ў акупаваных Алешках Расея завезла вайсковую тэхніку і правяла ратацыю вайскоўцаў.
«Улічваючы, што ў Алешкі яны завезьлі тэхніку і правялі ратацыю вайскоўцаў пад прыкрыцьцём гуманітарнай апэрацыі, зразумела, чаго яны хочуць у Канстанцінаўцы. Але трэба высьветліць усе дэталі», — сказаў дарадца прэзыдэнта Ўкраіны ў камунікацыях Дзьмітры Літвін.
У ліпені Пуцін заявіў, што расейскія войскі захапілі Канстанцінаўку, аднак Генэральны штаб УСУ зьняпраўдзіў гэта. Паводле праекту DeepState, у горадзе дагэтуль ідуць баі.
🛈 30 кастрычніка Ўкраіна і Расея ўвялі ў раёне акупаваных Алешак лякальны рэжым спыненьня агню. Дамоўленасьці дасягнулі пры пасярэдніцтве першай лэдзі ЗША Мэланіі Трамп. Людзі маглі выбраць, ці застацца, ці выехаць на тэрыторыю Ўкраіны або Расеі. Да гэтага пасьля акупацыі ў 2022 годзе яны не маглі адтуль выехаць пад пагрозай узарвацца на міне або трапіць пад удар дрона.
Пасьля завяршэньня місіі брытанскі тэлеканал Sky News апублікаваў відэа, якое, як паведамлялася, засьведчыла ратацыю расейскіх сілаў і разьмяшчэньне цяжкай тэхнікі ў Алешках. Камандаваньне 34-й асобнай брыгады марской пяхоты Ўкраіны заявіла, што Расея скарысталася рэжымам цішыні, каб перакінуць на акупаваную частку Херсоншчыны больш за тысячу вайскоўцаў.
Сёньняшняя сустрэча Ўіткафа з Пуціным — ужо дзясятая па ліку. Вашынгтон працягвае спробы спыніць вайну, аднак прыкметаў кампрамісу ў асноўных пытаньнях паміж Масквой і Кіевам амаль няма. Не было іх і на перамовах у Абу-Дабі. Бакі дамовіліся толькі пра маштабны абмен палоннымі.
Амэрыканскія службоўцы назвалі перамовы цяжкімі, але прадуктыўнымі.
Падчас перамоваў таксама разглядаліся шырэйшыя дамоўленасьці ў сфэры бясьпекі ў Эўропе
Палітычны аналітык Аляксандар Марозаў заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што «размовы пра аднаўленьне нейкай эўрапейскай бясьпекі гучаць амаль абсурдна» ў той час, калі Ўкраіна зазнае «пік расейскай агрэсіі».