Наступствы расейскага абстрэлу Кіева 7 лістапада 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Пералёт амэрыканскай перамоўнай дэлегацыі з Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) ў Маскву (Расея) адбываўся на тле моцнага абстрэлу Ўкраіны. Расейскія войскі выкарысталі супраць Украіны балістычныя ракеты і дроны, якія зноў запускалі ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, у ноч на 12 лістапада некалькі груп расейскіх дронаў ляцелі ўздоўж мяжы Беларусі і Ўкраіны ў кірунку Кіева.
Расейскія войскі атакавалі Ўкраіну балістычнымі ракетамі Іскандэр, супрацькарабельнымі ракетамі «Цыркон» і 123 ударнымі дронамі. Сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 94 дроны. У 17 месцах зафіксавалі ўлучэньні і яшчэ 18 лякацый пацярпелі ў выніку падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў.
Амэрыканская дэлегацыя сустракаецца з Пуціным
Расейскія СМІ паведамілі аб пачатку перамоў спэцыяльных пасланьнікаў прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа і Джарэда Кушнэра з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
На гэтай сустрэчы плянуюць абмеркаваць вынікі трохбаковых перамоў, што прайшлі 10-11 лістапада ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Раней па іх выніках паведамлялася толькі аб дасягненьні дамоўленасьці па вялікім абмене палоннымі.
Уіткаф і Кушнэр пасьля перамоў у ААЭ заявілі, што ключавымі застаюцца тэрытарыяльныя пытаньні, а пасьляваенная архітэктура бясьпекі можа абмяркоўвацца толькі пасьля іх вырашэньня. Кушнэр назваў перамовы прадукцыйнымі, але адзначыў, што тэрытарыяльнае пытаньне будзе найцяжэйшым.
З Масквы амэрыканскія перамоўнікі накіруюцца ў Дублін (Ірляндыя), дзе правядуць сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
У Кіеве расейскі дрон улучыў у дзевяціпавярховы жылы дом
Улады Кіева паведамілі, што ў выніку пацэльваньня расейскага дрону ў дзевяціпавярховы жылы дом, з трэцяга па шосты паверх пачаўся пажар, часткова зруйнаваны пяты паверх. Пакуль ёсьць інфармацыя аб адным загінулым і васьмі параненых.
Аб іншых пашкоджаных аб’ектах інфармацыі ад кіеўскіх уладаў няма. У Міністэрстве абароны Расеі сьцьвярджаюць, што ракетамі і дронамі пашкодзілі кіеўскі завод «Генэратар», які нібыта вырабляе дроны, і тры прадпрыемствы ў Кіеўскай вобласьці, якія нібыта працуюць на ўкраінскае войска.
У Кіеўскай вобласьці загінулі два выратавальнікі. Тры чалавекі, у тым ліку два ратаўнікі, атрымалі раненьні. У трох раёнах вобласьці пашкоджаныя 52 жылыя будынкі, 12 аўтамабіляў, гаспадарчыя забудовы і вытворчыя памяшканьні.
Пацярпеў адзін чалавек, пашкоджаныя тры жылыя будынкі, прыватныя гаспадарчыя забудовы, аб’екты энэргетычнай і транспартнай інфраструктуры.
У Расеі сьцьвярджаюць, што ў гэтым рэгіёне Ўкраіны расейскія вайскоўцы ўлучылі па дзьвюх электрападстанцыях, якія, паводле іх, абслугоўваюць не цывільны сэктар, а прадпрыемствы вайсковай прамысловасьці Ўкраіны.
У Ровенскай вобласьці ў выніку пашкоджаньня энэргетычных аб’ектаў цалкам засталіся без электраэнэргіі два раёны — Ровенскі і Сарненскі. Аб’екты крытычнай інфраструктуры тэрмінова пераводзяць на генэратары. Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.
Форум