Фільм Андрэя Куцілы «Лісты» атрымаў яшчэ адну міжнародную ўзнагароду

Андрэй Куціла. Архіўнае фота

Фільм беларускага рэжысэра Андрэя Куцілы «Лісты» атрымаў Бэрлінскую прэмію свабоды ў намінацыі «Барацьба за дэмакратыю».

Як паведаміла выданьне «Позірк», гэтая ўзнагарода прысуджаецца ў межах «Гісторый свабоды» — спэцыяльнага кінэматаграфічнага захаду, які праходзіць падчас Бэрлінскага тыдня свабоды ў супрацы з Бэрлінскім міжнародным фэстам дакумэнтальнага кіно «Доксмэнталэ».

Цырымонія ўзнагароджаньня адбылася 11 лістапада пасьля бэрлінская прэм’еры ў кінатэатры «Калізей».

«Для фільму, які ўзмацняе галасы тых, каго прымушае замаўчаць беларускі рэжым, гэтае прызнаньне мае асабліва магутны сыгнал. Гэта нагадае нам, чаму гэтыя гісторыі маюць значэньне і чаму іх варта працягваць расказваць», — адзначылі аўтары фільму.

У інтэрвію Свабодзе Андрэй Куціла адказаў, ці дапамагаюць узнагароды знайсьці новых гледачоў і прыцягнуць увагу да Беларусі:

«Кожная ўзнагарода зразумела прыцягвае новых гледачоў, пры гэтым розныя фэстывалі маюць сваіх гледачоў, напрыклад, так, у Вэнэцыі адно кола, а ў Ляйпцыгу — іншае. Тут фэстываль скіраваны больш на праваабарончую тэматыку, гэта іншае кола зацікаўленых. Таму варта паказваць паўсюль, уваходзіць у розныя прасторы. Нямецкая прэм’ера была на кінафэстывалі ў Ляйпцыгу, а гэта быў першы паказ у Бэрліне. І было прыемна бачыць ня толькі нямецкую публіку, а і былых палітзьняволеных у зале, якія маглі таксама выказацца і форма размовы прыняла крыху іншы характар, чым стандартныя сустрэчы пасьля паказаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фільм Андрэя Куцілы «Лісты» атрымаў на Вэнэцыянскім фэстывалі прэмію ўплыву «Залатога глёбусу»

Якія ўзнагароды фільм атрымаў раней

Сёлета ў верасьні фільм Андрэя Куцілы «Лісты» атрымаў на Вэнэцыянскім фэстывалі прэмію ўплыву «Залатога глёбусу» — Golden Globes Impact Prize for Documentary (прыз за сацыяльны ўплыў у дакумэнтальным кіно ад «Залатога глёбусу» ў катэгорыі дакумэнтальнага кіно). Гэтай прэміяй адзначаюць поўнамэтражныя дакумэнтальныя фільмы з афіцыйнай праграмы фэстывалю, якія дэманструюць выдатнае мастацкае майстэрства і адначасова ўзьнімаюць найважнейшыя, вострыя сацыяльныя праблемы, заклікаючы да культурных зьмен.

Апроч таго, «Лісты» атрымалі «Залатога голуба» — галоўную ўзнагароду за лепшы поўнамэтражны дакумэнтальны фільм на на 69-м Міжнародным фэстывалі дакумэнтальнага і анімацыйнага кіно ў Ляйпцыгу (DOK Leipzig) і там жа спэцыяльны прыз тэлерадыёкампаніі Mitteldeutscher Rundfunkо.

Фільм таксама ўвайшоў у кароткі сьпіс прэміі Эўрапейскай кінаакадэміі ў катэгорыі «Лепшы эўрапейскі дакумэнтальны фільм». Фіналісты стануць вядомыя 14 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фільм Андрэя Куцілы пра рэпрэсіі ў Беларусі трапіў на Вэнэцыянскі міжнародны фэстываль

Што вядома пра рэжысэра

Андрэй Куціла нарадзіўся ў 1983 годзе ў Баранавічах (Берасьцейская вобласьць). У 2007 годзе атрымаў ступень па журналістыцы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 2009 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Зьняў больш за 10 фільмаў, ляўрэат шэрагу міжнародных кінапрэмій. Заснавальнік Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Калі мы нічога ня зробім, то на нас на ўсіх паставяць крыж». Расказваем пра Беларускую незалежную кінаакадэмію