Сьцісла
- Лукашэнка і Пуцін падчас перамоваў у Маскве дэкляравалі аптымізм і згоду. Што пэўным чынам супярэчыць заявам, якія ўладар Беларусі выказваў мінулым тыднем.
- Не ўпершыню Лукашэнка заклікае скарэктаваць функцыі АДКБ. Ён лічыць, што, акрамя абароны ад вонкавай агрэсіі, гэтая арганізацыя павінна супрацьстаяць унутраным праціўнікам у кожнай краіне.
- Рашэньне пазбавіць Армэнію права голасу ў АДКБ неяк сарамліва хаваецца. Бо гэта сьведчаньне моцнай паразы арганізацыі.
Ёсьць прыкметы рознагалосьсяў вакол тэмы вайны ва Ўкраіне. Пазбаўленьне Армэніі права голасу ў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) сьведчыць пра аслабленьне кантролю Расеі над постсавецкай прасторай.
Перамовы Лукашэнкі і Пуціна
Чарговыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна 10 лістапада ў Маскве прайшлі ў традыцыйным фармаце. Перамаўляліся цягам чатырох гадзін. Потым прэзыдэнт Расеі запрасіў свайго госьця да сябе на вячэру. Адбыўся своеасаблівы сэанс псыхатэрапіі для абодвух палітыкаў.
Падчас публічнай часткі сустрэчы было прадэманстравана поўнае адзінства і паказны аптымізм. Лукашэнка пахваліўся, што гандлёвы абарот сёлета вырас на 21%, паміж саюзьнікамі «практычна няма ніякіх рознагалосьсяў на сёньня», дзякаваў Расеі за падтрымку ў гарантаваньні бясьпекі Беларусі.
Аднак, выглядае, насамрэч у двухбаковых адносінах ня ўсё так проста. І галоўным раздражняльнікам зьяўляецца вайна, якую Расея вядзе супраць Украіны. Якраз у гэтым пытаньні на паверхню праступаюць схаваныя рознагалосьсі.
2 кастрычніка падчас сустрэчы ў Менску з кіраўнікамі ўрадавых дэлегацый Эўразійскай эканамічнай супольнасьці Лукашэнка заявіў, што ў яго «ёсьць сваё разуменьне асобных аспэктаў канфлікту ва Ўкраіне», пра што ён адкрыта гаворыць Пуціну.
3 лістапада падчас выступу на канфэрэнцыі па эўразійскай бясьпецы ў Менску Лукашэнка спрагназаваў, што вайна павінна закончыцца празь некалькі месяцаў і даводзіў: «Альтэрнатывы мірнаму рашэньню ўсё роўна няма.... Усё. Сіл няма і рэсурсаў няма. Стаміліся ўсе... Гіне шмат людзей з аднаго і з другога боку. Нам гэта патрэбна? Нікому гэта не патрэбна. Таму трэба і ганарыстасьць сваю кудысьці схаваць, і разумець, што можа быць заўтра».
Фармальна гэта гучыць як заклік да абодвух бакоў спыніць вайну, аднак фактычна гэта можна разглядаць як прапанову для Расеі, якая якраз бачыць альтэрнатыву ў ваенным рашэньні, схаваць ганарыстасьць і ісьці да прымірэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Упершыню за 7 гадоў у Беларусь прыбыў генэральны сакратар АБСЭТаксама Лукашэнка казаў, што некаму хочацца ўцягнуць Беларусь у гэтую вайну і разьвязаць эскаляцыю. Хто ж гэтыя сілы? Адказ на згаданае пытаньне моцна завуаляваны. З аднаго боку, Лукашэнка кажа, што ў прэзыдэнта РФ «няма ніякай мэты, каб заўтра Беларусь была ўцягнутая ў гэтую вайну». Але, зь іншага боку, гэта і ня Захад, пра што сьведчыць наступная рэпліка:
«Але потым жа мы разумеем, што калі мы ўступаем у вайну, то ўвесь блёк NATO, скарыстаўшыся гэтай падставай, таксама пачне супраць нас ваяваць».
Гэты «красворд» можна разгадаць як намёк на ціск з боку Масквы з мэтай падштурхнуць Менск да больш актыўнага ўдзелу ў плянах Крамля. Можна меркаваць, што паміж саюзьнікамі існуюць сур’ёзныя рознагалосьсі і за кулісамі перамоваў адбываюцца драматычныя спрэчкі.
Што гучала на саміце АДКБ
Саміт АДКБ у Маскве 11 лістапада з выгляду прайшоў руцінна, пытаньні парадку дня былі стандартныя. Традыцыйна абмяркоўвалі тэму ўмацаваньня вайсковага патэнцыялу арганізацыі. Як звычайна, Лукашэнка казаў пра пагрозы з боку Захаду. Выказаў абурэньне вось зь якой нагоды: «Паглядзіце, як нашыя заходнія суседзі пашырылі паняцьце „гібрыдная пагроза“. Яны ўключылі ў яго нелегальную міграцыю і кантрабанду». Абурэньне зразумелае, бо яно якраз тычыцца таго, у чым суседзі абвінавачваюць улады Беларусі.
Варта зьвярнуць увагу, на што зроблены акцэнт у выступе Лукашэнкі. Ён тычыцца ня столькі пытаньняў вонкавай пагрозы, колькі ўнутранай бясьпекі. Лукашэнка кажа: «Нашы заходнія апанэнты нездарма кажуць, што „таньней мабілізаваць альгарытмы, чым войскі“». Паводле яго, ворагі актыўна выкарыстоўваюць сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі і «ўсё гэта накіравана на ўнутраны падрыў дзяржавы, што ня менш небясьпечна для людзей, чым ваенная агрэсія».
І далей Лукашэнка працягвае гэтую тэму: «Лічым своечасовым прыняцьце Антытэрарыстычнай стратэгіі АДКБ да 2030 году. З улікам уплыву сацыяльных сетак і IT-тэхналёгій неабходны новыя падыходы да працы па прафіляктыцы распаўсюджваньня міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму». Як вядома, у Беларусі ў тэрарызьме і экстрэмізьме абвінавачваюць структуры апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, мэдыі.
Не ўпершыню Лукашэнка заклікае скарэктаваць функцыі АДКБ. Ён лічыць, што, акрамя абароны ад вонкавай агрэсіі, гэтая арганізацыя павінна супрацьстаяць унутраным праціўнікам у кожнай краіне, стаяць на варце аўтарытарных рэжымаў, абараняць іх ад уласных народаў. Першы досьвед такога кшталту ўжо ёсьць. У 2022 годзе войскі краін-чальцоў АДКБ былі ўведзены ў Казахстан на просьбу тамтэйшага прэзыдэнта Касым-Жамарта Такаева, каб бараніць уладу ад пратэстаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка на саміце АДКБ заявіў, што Пуцін і ён не рыхтуюцца да вайны з NATO. А як насамрэч?Армэнія бяз права голасу
Аднак было ў парадку дня АДКБ адно пытаньне, якое выпадала зь бюракратычнай руціны гэтай структуры. І яно мае найбольш важнае значэньне.
Кіраўнікі краін АДКБ прынялі рашэньне пазбавіць Армэнію права голасу і магчымасьці прызначаць сваіх прадстаўнікоў на адказныя пасады ў арганізацыі. Прычынай абмежаваньняў стала невыкананьне Армэніяй сваіх абавязаньняў перад арганізацыяй на працягу некалькіх гадоў. У прыватнасьці, з 2024 году Ерэван не пералічвае членскія ўнёскі ў бюджэт АДКБ.
Цікава тое, што гэтае рашэньне неяк сарамліва хаваецца. Афіцыйныя інфармацыйныя агенцтвы пра яго паведамілі зь вялікім спазьненьнем. Інфармацыя была першапачаткова агучана на рэсурсе РБК са спасылкай на прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Пяскова.
Зразумела, чаму гэтае рашэньне імкнуцца замаўчаць ці, ва ўсялякім разе, не акцэнтаваць на ім увагу. Бо гэта сьведчаньне заўважнай паразы АДКБ. Калі чальцы арганізацыі дыстанцуюцца ад яе, то гэта наўрад ці кажа пра моц і прыцягальнасьць гэтай структуры. Таксама на парадку дня і сяброўства Армэніі ў ЭАЭС.
Парадокс сытуацыі палягае ў тым, што ні сама Армэнія афіцыйна не выходзіць з АДКБ, ні арганізацыя яе не выключае. Прынята рашэньне толькі пазбавіць Армэнію права голасу і магчымасьці прызначаць сваіх прадстаўнікоў на адказныя пасады ў згаданай структуры. Бо выхад з арганізацыі — гэта ў любым выпадку скандал.
Сытуацыя з Армэніяй сьведчыць пра аслабленьне кантролю Расеі над постсавецкай прасторай. І гэта адно з наступстваў вайны Расеі супраць Украіны.