Пашыньян назваў уступленьне ў ЭЗ стратэгічным выбарам для абароны дэмакратыі. Ён адзначыў, што армянам трэба будзе выбраць паміж Брусэлем і эўразійскім блёкам Расеі.
Падача Армэніяй афіцыйнай заяўкі на ўступленьне ў ЭЗ у 2027 ці 2028 годзе зьяўляецца «рэалістычнай», заявіў Пашыньян на саміце па пашырэньні ЭЗ, арганізаваным Euronews у Брусэлі.
Пашыньян дадаў, што сяброўства ў ЭЗ зьяўляецца стратэгічным выбарам, каб абараніць дэмакратыю Армэніі пасьля рэвалюцыі 2018 году, у выніку якой былі адхіленыя ад улады прарасейскія палітыкі.
«Для нашага народу дэмакратыя не зьяўляецца пытаньнем абставін. Гэта стратэгічны выбар, — сказаў ён. — Эўрапейскі зьвяз быў адным з асноўных партнэраў Рэспублікі Армэнія ў рэалізацыі парадку дня дэмакратычных рэформ».
Адказваючы на пытаньне аб пагрозах з боку былога прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзведзева, які заяўляў, што Армэнія можа стаць наступнай Украінай, Пашыньян адхіліў такое параўнаньне і падкрэсьліў, што ягоны прыярытэт — гэта абарона незалежнасьці краіны.
«Нашая мэта, гэта ўзьняцца на новы ўзровень, разьвіваць нашую незалежнасьць. І гэта легітымная мэта. Ніхто ня можа прынізіць імкненьне Армэніі быць больш незалежнай, больш інтэграванай краінай», — цытуе Пашыньяна Euronews.
Форум