Такія зьвесткі паведамілі ў адказ на адпаведны запыт намесьніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі і прадстаўніцы кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Веранікі Станкевіч.
Згодна з польскай статыстыкай, сярод іх 95 жанчын, народжаных у 1966–1969 гадах, у тым ліку 80 зь іх маюць статус дадатковай абароны, а 15 — статус уцекача, а таксама 49 мужчын, народжаных у 1961–1964 гадах, зь якіх 38 маюць статус дадатковай абароны і 11 — статус уцекача.
«Пэнсіянэры — адна з найбольш уразьлівых групаў беларусаў, якія вымушана пакінулі тэрыторыю нашай краіны. Пошук варыянтаў магчымай дапамогі для іх — адзін з важных, але даволі складаных кірункаў нашай працы», — сказаў Павал Латушка.
Паводле яго, пытаньне дапамогі беларускім пэнсіянэрам-уцекачам абмяркоўвалі з пасламі дзяржаваў Эўразьвязу, а таксама на апошнім паседжаньні Кансультацыйнай групы Беларусь — ЭЗ у Брусэлі сёлета ў сакавіку.
«Мы працягваем кансультацыі з польскімі ўладамі ў гэтым пытаньні. Як намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту я гатовы аказваць максымальнае спрыяньне Прадстаўніцтву ў сацыяльнай палітыцы кабінэту ў пошуку магчымых рашэньняў наяўных праблемаў», — дадаў ён.
Вераніка Станкевіч у сваю чаргу дадала, што пэнсіянэры ў эміграцыі ўжо цяпер сутыкаюцца з праблемамі, таму падтрымка гэтых людзей і адстойваньне іх правоў маюць быць прыярытэтам ужо цяпер. «Пры гэтым важна ня толькі рэагаваць на цяперашнія праблемы, але і працаваць над тым, каб перадухіліць новыя крызісы ў будучыні», — адзначыла яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусы на чацьвёртым месцы сярод іншаземцаў, якіх Польшча лічыць «непажаданымі асобамі»Колькі беларусаў жывуць у Польшчы
Згодна з інфармацыяй Ўправы ў справах іншаземцаў Польшчы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць легальныя дакумэнты для жыхарства ў Польшчы, складаюць колькасна другую групу такіх замежных грамадзян пасьля ўкраінцаў.
На 1 кастрычніка 2026 году 129 831 грамадзянін Беларусі меў дзейны дакумэнт, які пацьвярджае права на жыхарства. Дазволы на пастаяннае і часовае жыхарства (у тым ліку часовы і пастаянны дазволы на жыхарства і статус доўгатэрміновага рэзыдэнта Эўразьвязу) складаюць разам 91% ад усіх зарэгістраваных.
Міжнародная абарона Польшчы (статус уцекача, дадатковая і часовая абарона) ахоплівае 9% ад агульнай колькасьці гэтых асобаў.
З 2021-га па 1 кастрычніка 2026 году статус уцекача ў Польшчы атрымалі 1272 беларусы, дадатковую абарону — 9 748, часовую абарону — 210 чалавек.