Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы займаюць чацьвёртае месца па ліку іншаземцаў, якіх Польшча лічыць «непажаданымі асобамі»

Варшава. Ілюстрацыйнае фота
Варшава. Ілюстрацыйнае фота

Сёлета амаль у два разы павялічыўся пералік іншаземных грамадзян, якіх Польшча лічыць «непажаданымі асобамі».

Як паведаміла польскае выданьне Rzeczpospolita, цяпер у сьпісе 40 971 чалавек.

«Агульная колькасьць іншаземных грамадзян, чыё знаходжаньне на тэрыторыі Рэспублікі Польшча лічыцца непажаданым, складае 40 971 чалавек. У пэрыяд з 1 студзеня па 30 верасьня гэтага году ў сьпіс былі ўключаныя 19 738 асоб», — працытавала выданьне Катажыну Сівак, якая прадстаўляе Ўпраўленьне ў справах іншаземцаў.

Паводле яе, цяпер у сьпісе 14 300 украінцаў, больш за 4 000 грузінаў, 3 500 расейцаў і 2300 беларусаў.

Згодна з інфармацыяй выданьня, сёлета Польшча выправадзіла з сваёй тэрыторыі 2500 іншаземцаў, у тым ліку 1420 грамадзян Украіны. У той жа час Rzeczpospolita не ўдакладняе гэтую статыстыку датычна беларусаў.

За што можна трапіць у лік непажаданых асоб

У рэестар асоб, чыё знаходжаньне ў Польшчы лічыцца непажаданым, уваходзяць іншаземцы, якія парушылі закон. Сярод іх тыя, хто ўчыніў злачынствы ці знаходзіцца ў вышуку ў Эўропе і іншых рэгіёнах, асобы, якія ня маюць сапраўдных віз, працуюць або засталіся ў Польшчы нелегальна, нягледзячы на афіцыйныя патрабаваньні пакінуць краіну, за крадзяжы, шматразовыя парушэньні правілаў дарожнага руху, выкарыстаньне скрадзеных рэгістрацыйных нумароў, крадзеж паліва на запраўках і гэтак далей.

Паводле ўладаў Польшчы, сьпіс «непажаданых» асоб пашыраецца, паколькі выяўляюць усё больш людзей, якія дапускаюць парушэньні або дзейнічаюць насуперак закону.

Сьпіс іншаземцаў, знаходжаньне якіх у Польшчы непажаданае, вядзе Ўпраўленьне ў справах іншаземцаў. Запісы ў гэты пералік уносяцца па хадайніцтве кіраўнікоў розных службаў — такіх як паліцыя, памежная служба, Агенцтва ўнутранай бясьпекі, Агенцтва вонкавай выведкі, кіраўнік Нацыянальнай падатковай адміністрацыі, міністар нацыянальнай абароны або міністар замежных спраў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG