Латвія яшчэ на год падоўжыла абмежаваньні на ўезд грамадзян Расеі і Беларусі

Памежны слуп Латвіі. Архіўнае фота

Улады Латвіі тлумачаць, што «з моманту поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое таксама падтрымлівае рэжым Беларусі, выведныя і гібрыдныя пагрозы ў рэгіёне значна ўзрасьлі».

Урад Латвіі падтрымаў прапанову МЗС захаваць абмежаваньні на прыём візавых заяваў і на ўезд для грамадзян Расеі і Беларусі да 31 сьнежня 2027 году, піша латвійскае выданьне Grani.lv.

Новыя правілы захоўваюць цяперашні парадак, у тым ліку выняткі для асобных катэгорыяў людзей.

МЗС Латвіі тлумачыць працяг абмежаваньняў «вайной ва Ўкраіне, якая працягваецца, непрадказальнай сытуацыяй у рэгіёне і патрэбай абараняць унутраную бясьпеку Латвіі».

Ад каго будуць прымаць заявы на візы латвійскія консульскія службы

Грамадзяне Беларусі надалей могуць падаваць заявы на доўгатэрміновыя нацыянальныя візы. Абмежаваньні датычаць перадусім кароткатэрміновых візаў, якія афармляюцца паводле Візавага кодэксу Эўразьвязу.

Дыпляматычныя прадстаўніцтвы Латвіі працягнуць прымаць заявы ад сямейнікаў грамадзян і неграмадзян Латвіі. Выняткі захоўваюцца і для сямейнікаў грамадзян ЭЗ, Эўрапейскай эканамічнай зоны і Швайцарыі, для ўезду з гуманітарных прычын, для работнікаў транспартных і пасажырскіх перавозак, экіпажаў грузавых і тэхнічных рэйсаў, дыпляматычных і консульскіх работнікаў і іхных сем’яў.

Пры гэтым кароткатэрміновая віза іншай краіны Шэнгенскай зоны як такая не абавязвае Латвію дазваляць уезд. Як падкрэсьлівае МЗС Латвіі, ад тых, хто не адпавядае ўстаноўленым катэгорыям, візавыя заявы прымаць ня будуць. У адпаведнасьці з Шэнгенскім кодэксам аб межах іх будуць разглядаць як асобаў, якія нясуць пагрозу дзяржаўнай палітыцы і ўнутранай бясьпецы Латвіі.

Паведамляюць таксама, што тэрмін дзеяньня абмежаваньняў можна будзе скасаваць, скараціць ці працягнуць з улікам сытуацыі і яе ўплыву на бясьпеку, грамадзкі парадак і міжнародныя адносіны Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Намесьнік мэра Рыгі: Мы гатовыя прымаць беларусаў, але ня «пятую калёну»

Што папярэднічала

Каб перадухіліць уезд у Латвію іншаземцаў, зьвязаных з службамі выведкі і бясьпекі Расеі, зь лютага 2022 году ў Латвіі ня толькі ўзмоцненыя міграцыйны кантроль і розныя праверкі, але ўведзеныя іншыя захады дзеля абмежаваньня ўезду.

Пастановы Кабінэту міністраў Латвіі, прынятыя чатыры гады таму, уводзілі абмежаваньні на ўезд для грамадзян Расеі, а таксама прадугледжвалі, што грамадзяне Расеі і Беларусі, якім выдаецца віза або дазвол на жыхарства, павінны прайсьці дадатковую праверку, каб ацаніць, ці не нясе іх уезд пагрозу нацыянальнай бясьпецы або грамадзкаму парадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

33 кілямэтры. Як жывуць людзі ў найбліжэйшым да Беларусі латвійскім райцэнтры і што думаюць пра закрыцьцё мяжы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзе і як сёлета беларусам лепш атрымліваць шэнгенскія візы. Паразмаўлялі з экспэрткай