Толькі ў кастрычніку Беларусь закупіла ў Польшчы 1734 тоны ігрушаў. Для параўнаньня, Казахстан набыў за гэты ж час 274 тоны, Украіна 111 тонаў, Боснія і Герцагавіна — 40 тонаў. Гэтую статыстыку апублікавала выданьне belmarket.eu з спасылкай на польскія фітасанітарныя сэртыфікаты. У верасьні палякі прадалі ў Беларусь 1675 тонаў ігрушаў.
Польскія грушы пад відам турэцкіх
У Беларусі асядаюць далёка ня ўсе грушы, прывезеныя з Польшчы. Напрыклад, сёлета з 10 па 30 сакавіка ў Смаленскай вобласьці Расеі затрымалі тры машыны, якія перавозілі як мінімум 60 тонаў ігрушаў «Каліфорнія». Прадукцыя ня мела патрэбных суправаджальных дакумэнтаў, паведамілі расейскія кантрольныя органы.
«Гэтае парушэньне сьведчыць пра існаваньне ценевай схемы незаконнага ўвозу эўрапейскіх санкцыйных ігрушаў пад выглядам турэцкай прадукцыі з выкарыстаньнем падробленых дакументаў, прызначаных для ўнутрырасейскіх перавозак», — паведамілі ў дзяржаўным агенцтве «Россельхознадзор».
У лютым у Пскоўскай вобласьці сканфіскавалі і зьнішчылі на палігоне каля 80 тонаў ігрушаў, якія прыехалі зь Беларусі безь неабходных суправаджальных дакумэнтаў.
Праверка фураў на беларуска-расейскай мяжы. Архіўнае фота
Ловяць нелегальныя грушы і кантрольныя органы Беларусі. У пачатку лютага беларускія мытнікі выявілі ўжо сем выпадкаў незаконнага транспартаваньня ў Расею сьвежых ігрушаў агульнай вагой 140 тон і коштам каля 960 тысяч беларускіх рублёў.
У верасьні беларускія мытнікі праверылі груз, які ехаў у Расею. Пад відам морквы туды спрабавалі ўвезьці 40 тонаў ігрушаў безь неабходных суправаджальных дакумэнтаў.
Беларусь закупляе польскія грушы цалкам легальна, яны не трапляюць пад санкцыі. Аднак з 2014 году Расея забараніла ўвозіць шэраг тавараў з ЭЗ. У тым ліку пэўныя віды садавіны.
Ня толькі грушы
Сёлета ў ліпені «Россельхознадзор» спыніў увоз зь Беларусі ў Расею 39 000 сьвежазрэзаных армянскіх ружаў. Расея забараніла ўвоз кветак з Армэніі з 22 траўня сёлета. Груз ехаў пад іншымі дакумэнтамі, ён быў заяўлены як «безалькагольныя танізавальныя напоі».
У красавіку беларуская мытня спыніла расейскага прадпрымальніка, які вёз у Расею 4,5 тоны яблыкаў зь Беларусі. Прадукцыя ня мела суправаджальных дакумэнтаў.
Прыдарожны гандаль яблыкамі, ілюстрацыйнае фота
18 чэрвеня «Россельхознадзор» спыніў машыну, якая везла зь Беларусі 18 тонаў сьвежых агуркоў. Паводле расейскага кантрольнага ведамства, зьвесткі на ўпакоўцы не адпавядалі сапраўднасьці. Гэта значыць, што інфармацыя пра паходжаньне тавару была непраўдзівай.
З пачатку расейскага прадуктовага эмбарга, уведзенага ў 2014 годзе, расейскі бок увесь час вінаваціць беларускі ў рээкспарце эўрапейскай прадукцыі, пастаўкі якой на расейскі рынак забароненыя.
Што з экспартам прадуктаў з ЭЗ у Беларусь
За першыя 8 месяцаў гэтага году Беларусь набыла ў ЭЗ тавараў на 2,7 мільярда эўра, паводле зьвестак Эўрастату.
Адпаведна сумам найбольш набывалі:
- Плястмасы, вырабы зь іх, каўчук і гумовыя вырабы — на 31,7 мільёна эўра
- Прадукцыю хімічнай і спадарожных галінаў вытворчасьці — на 31 мільён эўра
- Жывёльныя і расьлінныя тлушчы і алей — 24 мільёна эўра
- Летась за такі ж пэрыяд, згодна з службай эўрапейскай статыстыкі, Беларусь набыла ў ЭЗ тавараў на 2,63 мільярда эўра.
- Прадукцыі расьліннай вытворчасьці, а гэта, сярод іншага, ігрушы й яблыкі, Беларусь закупіла ў ЭЗ на 9,1 мільёна эўра.
«Нават калі дадуць штраф — гэта выгадна»
Паводле сузаснавальніка выданьня «Бюро Мэдыя», якое займаецца журналісцкімі расьсьледаваньнямі, Аляксандра Ярашэвіча, такія пастаўкі ў абыход расейскага эмбарга застаюцца выгаднымі, нават калі некаторыя грузы канфіскоўваюць.
«Празь Беларусь едзе 100 фураў, зь іх затрымаюць дзьве, а 98 праедзе. Таму, вядома ж, гэта выгадна. Нават калі атрымаеш вялікі штраф, то гэтыя страты кампэнсуюцца. Мяжы, у істоце, няма. Адзін мытнік больш пільна праверыць, другі — менш. Гэта ўсё ідзе з 2014 году, яшчэ калі Расея ўвяла свае так званыя контрасанкцыі», — тлумачыць журналіст.
Сярод іншага, «Бюро» рабіла расьсьледаваньне пра пастаўкі ў Расею люксавых аўтамабіляў празь Беларусь у абыход санкцыяў ЭЗ. Паводле суразмоўцы, такімі пастаўкамі ў абыход санкцыяў займаюцца, сярод іншых, і набліжаныя да ўлады бізнэсоўцы.
Аляксандар Ярашэвіч
«Такімі пастаўкамі займаюцца прыватныя кампаніі, кампаніі, шчыльна зьвязаныя з атачэньнем Лукашэнкі. На гэтым полі працавалі кампаніі, зьвязаныя зь Віктарам Шэйманам (даўнім паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі, які займаў шэраг высокіх дзяржаўных пасадаў. — РС). Прынамсі, яны займаліся рээкспартам кветак. Расея забараніла ўвоз туліпанаў з Галяндыі — і гэтыя туліпаны раптам сталі беларускімі. Пэўную прадукцыю рээкспартавалі і дзяржаўныя кампаніі, напрыклад, „Белмытсэрвіс“», — заўважае Ярашэвіч.
У 2019 годзе, напрыклад, Беларусь закупіла за мяжой амаль 900 мільёнаў штук кветак і амаль столькі ж пасьля прадала ў Расею. У 2021 годзе выйшла вялікае журналісцкае расьсьледаваньне пра гэта, а праз кампаніі-пастаўнікі пошукі канчатковых бэнэфіцыяраў вялі да даўняга паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана і набліжанага да ўладаў бізнэсоўца Аляксандра Шакуціна.