Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Белавія» паведамілі, што карпарацыя Boeing атрымала дазвол на аднаўленьне супрацы зь Беларусьсю

Адзін з самалётаў  «Белавія». Ілюстрацыйнае фота
Адзін з самалётаў «Белавія». Ілюстрацыйнае фота

У беларускай авіякампаніі «Белавія» паведамілі, што Міністэрства гандлю ЗША выдала дазвол карпарацыі Boeing на аднаўленьне супрацы зь беларускім перавозьнікам.

«Гэты крок дазволіць авіякампаніі наўпрост атрымліваць праграмнае забесьпячэньне ад вытворцы і запчасткі для самалётаў, якія ўжо эксплуатуюцца. Апроч таго, гэтае рашэньне адкрывае патэнцыйныя магчымасьці для атрыманьня новых бартоў», — адзначаецца ў паведамленьні кампаніі.

У «Белавія» адзначылі, што «значнае паслабленьне санкцый» супраць кампаніі стала магчымым, дзякуючы перамоўнаму працэсу ў межах «рэгулярнага дыялёгу» Аляксандра Лукашэнкі і ўраду Беларусі з прадстаўнікамі Белага дому ЗША.

На афіцыйным сайце Міністэрства гандлю ЗША пакуль няма ніякай дадатковай інфармацыі на гэты конт.

Што папярэднічала

У канцы сьнежня 2025 году генэральны дырэктар кампанія «Белавія» Ігар Чаргінец паведаміў аб аднаўленьні перамоў з кампаніяй Boeing аб набыцьці новых самалётаў пасьля таго, як ЗША зьнялі санкцыі зь беларускага авіяперавозьніка.

11 верасьня 2025 году Джон Коўл, спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША для Беларусі, на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцыяў зь «Белавія».

Пазьней Бюро прамысловасьці й бясьпекі Міністэрства гандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў Boeing, якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхнічнае абслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх дэталяў.

У той жа дзень пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ўлады Беларусі вызвалілі і вывезьлі з краіны 52 палітычных зьняволеных.

30 верасьня таго ж году спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША генэрал Кіт Келаг на Варшаўскім форуме бясьпекі патлумачыў, што Злучаныя Штаты зьнялі частку санкцыяў з авіякампаніі «Белавія» найперш з прычыны бясьпекі палётаў, а таксама каб пазбавіць улады Беларусі магчымасьці выкарыстоўваць самалёты для «гнюсных мэтаў».

Захоўвалася забарона на выкарыстаньне паветраных суднаў для перавозкі прадметаў, якія падпадаюць пад дзеяньне правілаў амэрыканскага кіраваньня экспартам (EAR). Да такіх прадметаў адносяцца любыя прадметы, прызначаныя для падтрымкі вайны Расеі супраць Украіны.

Авіяперавозьніку дазволілі абслугоўваньне, рамонт, аднаўленьне і рэстаўрацыю паветраных суднаў, у тым ліку з выкарыстаньнем прадметаў, якія падпадаюць пад экспартны кантроль і былі асобна дазволеныя для экспарту або рээкспарту ў Беларусь або для выкарыстаньня беларускімі паветранымі суднамі.

4 лістапада 2025 году ЗША з-пад санкцый вывелі два самалёты, якія могуць мець дачыненьне да Аляксандра Лукашэнкі, верталёт кампаніі «Слаўкалій», якім Лукашэнка імаверна карыстаўся, а таксама самалёт Bombardier Challenger 850, які выкарыстоўваюць для службовых пералётаў прадстаўнікі ўраду.

ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белавія» у 2023 годзе пасьля інцыдэнту 2021 году з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманьнем блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянкі РФ Соф’і Сапегі.

Уведзеныя Эўразьвязам у 2021 годзе санкцыі адносна «Белавія» па-ранейшаму застаюцца ў сіле. Самалёты авіякампаніі ня могуць лётаць у аэрапорты краінаў ЭЗ, а авіякампаніям краінаў Эўразьвязу нельга выконваць рэйсы ў Беларусь і празь беларускую паветраную прастору.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG