Соф’ю Сапегу ў 2022 годзе асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня. Празь некалькі дзён пасьля вынясеньня выраку Раман Пратасевіч заявіў, што іх больш нічога ня зьвязвае. 7 чэрвеня 2023 году Соф’ю Сапегу памілавалі. Увесь гэты час яна ўнікала публічнасьці. Жыла ў Літве.
Што адбывалася ў самалёце пасьля яго прымусовай пасадкі
Соф’я Сапега згадала, што ў дзень іхнага вылету з Атэнаў у Вільню, калі яны толькі прачнуліся, Раман Пратасевіч расказаў ёй пра свой сон, у якім яны нібыта прызямліліся ў Менску і там пачалося «нешта вельмі кепскае». Але дэталяў ён не апісаў.
Калі яны ўжо былі на борце самалёта, праз гучную сувязь абвясьцілі аб патрэбе прызямленьня ў Менску празь нейкую пагрозу. «У мяне не было нейкай бурнай рэакцыі: я не крычала, ня плакала. Але ў нейкі момант заўважыла — трасуцца калені. Пры гэтым у галаве ўсё было абсалютна ясна, я разумела, што адбываецца», — сказала дзяўчына.
Паводле яе, Пратасевіч адразу запанікаваў і стаў крычаць, што самалёт нельга садзіць, «бо гэта па нас». «Таму, калі я чую, што ён нібыта ўсё ведаў загадзя і быў агентам КДБ [...], выведнікам... Дык вось, мне складана ў гэта паверыць, зыходзячы з таго, што я бачыла сама. Я не магу залезьці яму ў галаву і ведаць напэўна, пра што ён думаў, але ў той момант ён выглядаў як чалавек, які сапраўды спалохаўся і абсалютна не разумеў, што рабіць. І вось гэтыя эмоцыі, а таксама тое, што я бачыла за ўвесь час нашых дачыненьняў, абсалютна не адпавядала вобразу чалавека, які ўсё гэта ведаў і кантраляваў. Бачу ў ім чалавека, у якога быў нейкі жывёльны страх, ён баяўся, што яго заб’юць», — згадала Соф’я.
Дзяўчына паведаміла, што яна пасьпела ўключыць тэлефон і папярэдзіць сваіх калег з праекту «Чорная кніга Беларусі» («ЧКБ»), бо адчувала, што яе могуць затрымаць.
Пазнала агента ГУБАЗіК па голасе
Соф’я Сапега расказала, што ў аэрапорце, калі ўсіх пасажыраў запрасілі на надгляд, яе перавялі ў іншы пакой, у якім яна пабачыла мужчыну ў атачэньні супрацоўнікаў ГУБАЗіК.
«Гэта быў Артур Гайко. [...] Я пазнала яго па голасе. Я ўвогуле добра адрозьніваю галасы, а мы ж абменьваліся галасавымі паведамленьнямі. У той момант я заўважыла, што справа стаіць Раман тварам да сьцяны. Супрацоўніца аэрапорту правярала мае рэчы і апісвала іх, а Гайко стаяў нада мной. Потым мяне адвялі да машыны, і, як мне здаецца, магчыма, менавіта прысутнасьць Гайко адыграла ролю ў тым, што мяне ня білі», — адзначыла яна.
Потым іх з Раманам паасобку везьлі ў Менск. Яна была ў аўтамабілі з супрацоўнікамі ГУБАЗіК, у тым ліку з Артурам Гайко (ён укараніўся ў праект «ЧКБ», каб высьветліць інфармацыю аб яго арганізатарах. — РС), але яны не тлумачылі, чаму пасадзілі самалёт.
Соф’ю прывезьлі ў памяшканьне ГУБАЗіК, склалі пратакол аб затрыманьні і прымусілі запісаць «пакаяльнае відэа», а потым адвезьлі ў Сьледчы камітэт, дзе паведамілі, што яе затрымалі паводле артыкулу аб «арганізацыі масавых беспарадкаў».
«У ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна разам зь іншымі супрацоўнікамі мяне прывёз Артур Гайко. Здаецца, меркаваў, што я не разумею, хто ён. Але я яго пазнала і на той момант ужо дастаткова дакладна ўсьведамляла, як менавіта выцякала інфармацыя з „ЧКБ“. А потым было вельмі балюча разумець, што многія людзі меркавалі, што менавіта я іх здала. Напэўна, гэта адно з найбольш цяжкіх перажываньня пасьля таго, што адбылося. Я сама стала ахвярай здрады, але ў вачах некаторых была здрадніцай, якая здавала», — расказала яна.
Соф’я Сапега дадала, што расказала сілавікам толькі тую інфармацыю, якую можна было знайсьці ў адкрытых крыніцах і публікацыях.
Як ставіліся сілавікі
Дзяўчына паведаміла, што ў ізалятары на завулку Акрэсьціна да яе ставіліся пагардліва, называлі мярзотай і адзін раз пабілі.
«У камэру зайшоў мужчына, старэйшы за 45 гадоў, у чорным: кашуля, штаны, гальштук — усё было чорнае. Дагэтуль ня ведаю, хто гэта быў. І ён выклікае мяне ў калідор: „Сапега, на выхад“. Выходзім. Стаіць ён і хлопчык з дубінкай. Ён мне: „Павярніся“. Я паварочваюся — і мне прылятае ўдар па сьпіне. А я нічога не сказала, ня выдала ні гуку, усё адбывалася як быццам не са мной, нібы была маўклівым назіральнікам. Болю я таксама не адчувала. Потым павярнулі назад тварам да гэтага мужчыны ў чорным, ён кажа: „Ну, мярзота, цяпер папалася“. А я маўчу. Што мне сказаць? Ты дарослы мужчына і зараз сурʼёзна вось гэта робіш? Ты ўвогуле мужчына ці проста асоба мужчынскага полу?» — расказала Соф’я Сапега.
Праз тры дні яе перавезьлі з Акрэсьціна ў СІЗА КДБ.
«Раман нагаварыў цэлы том крымінальнай справы»
Дзяўчына адзначыла, што Раман адразу пасьля затрыманьня пачаў расказваць усё, за што «меў прывілеі».
«Ужо пасьля выхаду пад хатні арышт я даведалася, што яму набывалі кашулі для выступаў, ён мог сядзець ня ў камэры СІЗА, а ў асобным пакоі з ложкам, куплялі кебабы. Найбольш дзіўным для мяне быў эпізод, калі ён расказваў, што выпіваў у кампаніі супрацоўнікаў КДБ. Немагчымае магчыма. Мэтад бізуна і перніка зь ім спрацаваў ідэальна», — мяркуе Сапега.
«На мяне ён нагаварыў цэлы том крымінальнай справы. Я даведалася пра гэта, толькі калі знаёмілася з матэрыяламі. Ён расказаў, што я супрацоўніца „ЧКБ“, расказаў пра іншых супрацоўнікаў, якія ў нас зь ім і з камандай узаемадачыненьні — у цэлым усё, што ён бачыў і памятаў», — дадала дзяўчына.
Соф’я Сапега паведаміла, што пры падпісаньні пагадненьня зь сьледзтвам прызнала сваю віну, расказала аб дзейнасьці «ЧКБ», з кім была ў камандзе, як і адкуль атрымлівалі інфармацыю. «Інфармацыя была з чат-ботаў і СМІ. Тады не было праблематычна знайсьці яе», — сказала яна.
Празь некалькі дзён пасьля гэтага яе і Рамана перавялі пад хатні арышт. Пэўны час іх утрымлівалі разам — спачатку ў двухпавярховым будынку пад Менскам, а потым на кватэры бацькоў Пратасевіча.
Форум