Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Politico: Трамп цісьне на Літву, каб дазволіла везьці беларускі калій. Урад Літвы зьняпраўджвае

Порт у Клайпедзе
Порт у Клайпедзе

У чарговы раз у палітыцы абмяркоўваюць, ці ёсьць ціск Злучаных Штатаў на Літву ў «калійнай справе».

Спэцыяльны пасланьнік прэзыдэнта ЗША абмеркаваў з прадстаўнікамі Літвы магчымасьці зьняцьця санкцый, што дазволіла б перавозіць беларускія ўгнаеньні празь літоўскі порт.

Як сьцьвярджае выданьне Politico, адміністрацыя Дональда Трампа цісьне на Літву і патрабуе адкрыць адзін з галоўных партоў на Балтыйскім моры. Усё гэта нягледзячы на дзейныя эўрапейскія санкцыі. ЗША імкнуцца зьменшыць залежнасьць ад Канады ў пастаўках гэтага важнага складніка ўгнаеньняў, а таксама зьнізіць выдаткі амэрыканскіх фэрмэраў.

Паводле слоў чатырох эўрапейскіх чыноўнікаў, спэцыяльны Трампа ў Беларусі Джон Коўл апошнім часам вёў перамовы зь літоўскімі дыпляматамі наконт паслабленьня блякады беларускіх тавараў.

Санкцыйныя захады забараняюць эўрапейскім портам перавальваць беларускія грузы, гэтыя абмежаваньні патрабуюць падаўжэньня кожныя 12 месяцаў. Але Літва, якая ў пачатку году прымае на сябе старшынства ў Эўрапейскім зьвязе, тэарэтычна магла б накласьці вэта на чарговае падаўжэньне санкцый, заплянаванае на люты. Пры тым, што Літва — адзін з найбольш рашучых хаўрусьнікаў Украіны ўнутры ЭЗ.

У мінулым месяцы прэзыдэнт Трамп заявіў, што «працуе над маштабнай зьдзелкай» зь Менскам па закупцы калійных угнаеньняў «па значна ніжэйшай цане», чым тая, якую фэрмэры цяпер плацяць канадзкім кампаніям. Аднак рэалізацыя гэтага пляну залежыць ад таго, ці ўдасца зарганізаваць транспартаваньне ўгнаеньняў праз буйны літоўскі порт Клайпеда або іншыя парты ў гэтым рэгіёне.

«У апошнія тыдні каманда Дональда Трампа актывізавала кантакты зь літоўскім бокам», — паведаміла рэдакцыі крыніца, знаёмая з ходам перамоў. Чалавек пажадаў застацца ананімным. А дзяржаўны дэпартамэнт ЗША не адказаў на просьбу аб камэнтары.

Літоўскі ўрад адмаўляе, што на краіну ціснуць амэрыканцы

Прэм’ер-міністар Літвы Міндаўгас Сінкявічус запярэчыў публікацыям заходніх СМІ і заявіў, што не адчувае ціску з боку заходніх партнэраў адносна экспарту калійных угнаеньняў зь Беларусі праз Клайпедзкі порт:

«Ніхто на нас насамрэч ня цісьне, мы не адчуваем ціску нават з боку нашага стратэгічнага партнэра Амэрыкі. Я думаю, што гэта хутчэй закулісныя перамовы, магчыма, спроба вымераць тэмпэратуру і рэакцыю краін ЭЗ, а таксама Літвы», — цытуе Сінкявічуса LRT.

Паводле слоў кіраўніка літоўскага ўраду, Літва самастойна прымае рашэньні і пакуль не плянуе пераглядаць сваю палітыку санкцый ані супраць Беларусі, ані супраць Расеі.

Раней інфармацыйнае агенцтва Reuters паведаміла, што чыноўнікі Пэнтагону прасілі Літву і некалькі іншых краін NATO зьмякчыць сваю рыторыку ў дачыненьні Крамля.

Санкцыі супраць беларускага калію

Да таго як ЗША і Эўрапейскі зьвяз увялі шырокі пакет санкцый супраць Менску, 90% беларускіх калійных угнаеньняў экспартавалася праз Клайпеду. 27 краін ЭЗ аднагалосна пагадзіліся забараніць беларускія калійныя ўгнаеньні, прыйшоўшы да высновы, што Лукашэнка не перамог на выбарах 2020 году законным шляхам і жорстка здушыў мірныя пратэсты.

Санкцыі распаўсюджваюцца на ўсе парты краін ЭЗ, і іх скасаваць могуць толькі адзінагалосным галасаваньнем усе 27 урадаў дзяржаў, што ўваходзяць у альянс.

Пасьля пачатку паўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Вашынгтон і Брусэль яшчэ больш узмацнілі абмежавальныя захады. Гэта адбылося з тае прычыны, што рэжым Лкашэнкі актыўна спрыяе расейцам у вядзеньні вайны.

Аднак пазьней да ўлады ў ЗША прыйшоў Дональд Трамп, які пачаў здымаць некаторыя амэрыканскія санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку ў дачыненьні дзяржаўнай «Беларускай калійнай кампаніі». Трамп патлумачыў гэтае паслабленьне санкцый жаданьнем «падтрымаць амэрыканскіх фэрмэраў». Тыя сутыкнуліся з рэзкім ростам выдаткаў на ўгнаеньні пасьля ваеннай апэрацыі, якую Трамп загадаў правесьці ў Іране.

Таксама на гэты крок Трамп пайшоў пасьля таго, як Коўл паспрыяў вызваленьню 250 палітвязьняў у абмен на частковае зьмякчэньне санкцый з боку Вашынгтону.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG