Апыталі 1000 чалавек, хібнасьць выбаркі вынікаў не перавышае 3,1 адсотку.
Па меры таго як адміністрацыя ЗША зьмякчае адносіны з афіцыйным Менскам, гэтае пытаньне таксама падымаецца ў Эўропе. Літоўцаў спыталі, ці заслугоўвае недэмакратычны рэжым, які падрывае правы чалавека і варожы ў адносінах да Літвы, зьмякчэньня санкцыяў?
Думкі літоўскага насельніцтва наконт санкцыяў супраць Беларусі падзяліліся, піша LRT: 35 працэнтаў выступаюць за зьмякчэньне санкцыяў і дыялёг, 30 працэнтаў — за захаваньне цяперашняй палітыкі, 17 працэнтаў — за больш жорсткія санкцыі, 11 працэнтаў увогуле супраць санкцыяў, 7 працэнтаў ня маюць сваёй думкі ў гэтым пытаньні.
«Стаўленьне да санкцыйнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі зьвязанае з палітычнымі поглядамі і ўзростам: левыя і пажылыя жыхары часьцей выступаюць за паслабленьне санкцыяў», — піша LRT.
Экспэрты гавораць, што няма падставаў паслабляць санкцыі супраць Беларусі, бо рэжым не зьмяніўся, а заклікі ў публічнай прасторы да зьмякчэньня санкцыяў могуць быць зьвязаныя з «стомленасьцю ад вайны» ці «патаемнымі захадамі» ў палітычных інтарэсах.
З словаў дацэнта-партнэра Інстытута міжнародных адносін і паліталёгіі Віленскага ўнівэрсытэту Віціса Юрконіса, думку насельніцтва аб Беларусі фармуюць публічная прастора і выказваньні палітыкаў і службоўцаў.
«Не сакрэт, што ў самой Літве ёсьць тыя, хто імкнецца зьмяніць палітыку санкцый як нібыта неапраўданую, вычарпаную, без рэальнага ўплыву. Частка гэтага наратыву — спрошчаныя штампы, другая частка — праява агульнай стомленасьці ад вайны і агульнага напружаньня», — пракамэнтаваў ён вынікі апытаньня.
У рэальнасьці, на думку экспэрта, няма падставаў аслабляць санкцыі, бо рэжым не зьмяніўся. Пра гэта на мінулым тыдні заявіла ў Вільні старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.
Юрконіс прапануе палічыць страты Літвы ад палітыкі Лукашэнкі, у тым ліку ад гібрыдных атак:
«Неабходна ўключыць сюды наступствы і выдаткі прымусовай дэпартацыі інструмэнтальнай міграцыі, а таксама зрыў працы аэрапортаў і вайну ва Ўкраіне, дзе беларускі рэжым зьяўляецца саўдзельнікам Крамля — сьпіс надзвычай доўгі».
Юрконіс лічыць цану насамрэч «аграмаднай», бо яна яшчэ ўключае і кантрабанду, адмываньне грошай, подкуп палітыкаў, выдаткі на процістаяньне пагрозам з боку Беларусі.
Пазыцыя ўладаў Літвы
Раней міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс у інтэрвію выданьню LRT заявіў, што да канца лютага 2027 году няма падставаў пераглядаць санкцыі супраць беларускага калію.
«Магу пацьвердзіць, што мы размаўляем з ЗША на гэтую тэму. Гэтае пытаньне ёсьць у парадку дня, мы ўлічваем розныя меркаваньні. Аднак я хацеў бы адзначыць, што да наступнага году — да канца лютага 2027 году — у дачыненьні да Беларусі дзейнічаюць санкцыі на калійныя ўгнаеньні, і няма ніякіх спосабаў, сродкаў або падставаў для перагляду нечага на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу. Гэта ня толькі пазыцыя Літвы, гэта эўрапейская пазыцыя. Калі будуць такія дыскусіі або калі будуць абмяркоўвацца пытаньні працягу санкцыяў, мы, вядома ж, улічым усе меркаваньні нашых партнэраў», — сказаў Кястуціс Будрыс.
Што папярэднічала
22 траўня стала вядома, што Злучаныя Штаты папрасілі Літву, Польшчу і Ўкраіну зьняць санкцыі зь беларускага калію, каб дазволіць транзыт гэтай прадукцыі празь іхную тэрыторыю. Адпаведны нефармальны зварот Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША накіраваў на адрас трох сталіц.
Вашынгтон нібыта аргумэнтаваў сваю просьбу тым, што скасаваньне санкцыяў на імпарт ключавога пажыўнага рэчыва для глебы можа дапамагчы Беларусі дыстанцыявацца ад Расеі і адчыніць дзьверы паляпшэньню дачыненьняў зь Менскам.
Эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць працягнутыя.
18 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягвае пастаўляць мінэральныя ўгнаеньня на замежныя рынкі насуперак уведзеным міжнародным санкцыям.
У 2022 годзе Літва спыніла транзыт праз сваю тэрыторыю прадукцыі «Беларуськалію», другога па велічыні ў сьвеце вытворцы сельскагаспадарчых угнаеньняў, пасьля таго як дзяржаўная беларуская кампанія трапіла пад санкцыі ЗША ў адказ на рэпрэсіі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў.
Беларусь выкарыстоўвала Клайпедзкі порт Літвы для экспарту калію, буйной крыніцы прыбытку для краіны. Угнаеньні куплялі многія дзяржавы сьвету, у тым ліку такія вялікія, як Індыя, Кітай і Бразылія.
Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі супраць беларускага калію ў 2022 годзе ў адказ на дапамогу Лукашэнкі Расеі пры яе ўварваньні ва Ўкраіну.
ЗША скасавалі санкцыі на беларускі калій сёлета ў сакавіку, калі Беларусь вызваліла 250 зьняволеных у рамках пагадненьня, падпісанага пры пасярэдніцтве ЗША. Але эўрапейскія санкцыі дзейнічаюць да лютага 2027 году і могуць быць працягнутыя.
У сакавіку пасланец прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Беларусі Джон Коўл заявіў літоўскаму нацыянальнаму трансьлятару LRT, што аднаўленьне экспарту калійных угнаеньняў празь Літву будзе выгадным для Злучаных Штатаў. Літоўскія ўлады доўга адмаўлялі які-кольвечы ціск з боку амэрыканцаў у гэтай справе.
Цяпер экспарт беларускіх угнаеньняў цалкам залежыць ад Расеі і яе магчымасьцяў. У той жа час сама меней два з расейскіх морскіх партоў, якія працуюць пераважна зь беларускай прадукцыяй, істотна пацярпелі ад украінскіх удараў. Апроч таго, праз супольную амэрыканска-ізраільскую апэрацыю ў Іране заблякаваны адзін з галоўных гандлёвых морскіх шляхоў — Армуская пратока.