Пра гэта Рэмігіюс Брыдзікіс заявіў на паседжаньні Камітэту дэмакратыі і бясьпекі Парлямэнцкай асамблеі NATO, якая праходзіць у Вільні. Кіраўніка літоўскай спэцслужбы цытуе агенцтва BNS.
«Хоць Лукашэнка можа дэманстраваць зацікаўленасьць у паляпшэньні адносінаў з Захадам, ён, падобна, не плянуе адварочвацца ад Расеі або мяняць аўтарытарнае праўленьне», — сказаў кіраўнік літоўскай выведкі.
«Замест гэтага ён працягвае паводзіць сябе агрэсіўна ў дачыненьні да Літвы і яе суседзяў. Беларусь выкарыстоўвае палітычна матываваныя арышты грамадзян Літвы, спробы аказваць ціск і запалохваць», — заявіў ён.
Брыдзікіс падкрэсьліў, што рэжым «беспадстаўна затрымлівае грамадзян Літвы, а жыхары Беларусі трапляюць у турму толькі за тое, што чытаюць прэсу, абвешчаную рэжымам экстрэмісцкаю».
«Мы ня бачым, каб Беларусь рабіла якія-небудзь пазытыўныя зрухі, і лічым, што яна працягне распальваць ці выкарыстоўваць праблемы, каб пагражаць бясьпецы суседніх дзяржаваў у сваіх інтарэсах», — адзначыў кіраўнік ДДБ.
Намесьнік дырэктара Другога дэпартамэнту апэратыўных службаў Юлюс Кацінас, які ўдзельнічаў у той жа дыскусіі, зьвярнуў увагу, што ў вайсковым сэнсе незалежнасьць Беларусі ад Расеі з кожным годам зьмяншаецца, асабліва пасьля далучэньня да расейскай ваеннай дактрыны, дзе Захад згадваецца як пагроза.
«У Беларусі знаходзяцца расейскія вайсковыя базы, а таксама радары раньняга папярэджаньня, расейскія стратэгічныя сродкі супрацьпаветранай абароны таксама разьмешчаныя ў Беларусі. Беларусь надае сваю тэрыторыю інфраструктуры, якая паляпшае дзеяньні расейскіх дронаў супраць Украіны. Расейскія самалёты цяпер дысьлякаваныя ў Беларусі для дзеяньняў супраць Украіны. Беларусь таксама разьмясьціла на сваёй тэрыторыі магутнасьці расейскай ядзернай зброі», — сьцьвярджае Кацінас.
Паводле яго, тэрыторыя Беларусі даступная расейскім узброеным сілам безь ніякіх абмежаваньняў.
«Насамрэч без дапамогі Беларусі гэтая вайна (ва Ўкраіне. — BNS) наўрад ці была б магчымая», — сказаў прадстаўнік вайсковай выведкі.
Крызіс у адносінах Літвы і Беларусі
Пасьля таго як Лукашэнка вызваліў з турмаў частку палітвязьняў і дазволіў пакінуць краіну раней затрыманым літоўскім фурам, спэцыяльны пасланьнік ЗША для Беларусі Джон Коўл заклікаў Вільню аднавіць адносіны зь Менскам, правесьці сустрэчу на ўзроўні віцэ-міністраў і аднавіць транзыт беларускіх угнаеньняў праз Літву.
Але ЭЗ і Літва не сьпяшаюцца здымаць санкцыі, бо бачаць нязьменную палітыку Лукашэнкі і ўсё новыя затрыманьні ў краіне. Працягваецца таксама мігранцкі крызіс на межах Беларусі і краін Эўразьвязу, а паветраныя балёны зь Беларусі парушаюць мяжу Літвы і перашкаджаюць руху цывільных самалётаў у Віленскім аэрапорце.
Днямі стала вядома, што ў Беларусі затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Літвы. Як паведаміла выданьне «Пастаўскі край», грамадзянін Літвы праводзіў у Пастаўскім раёне рэлігійныя служэньні без рэгістрацыі грамады, у рэгістрацыі яму раней адмовілі.
Форум